Час памятаць

Рознакаляровыя лампады і свечкі з дрыготкімі агеньчыкамі напаўняюць могілкі і храмы. Нагадваюць нам — надышоў час памаліцца за тых, хто сышоў у свет іншы, успомніць добрым словам блізкіх, якіх так не хапае, і выказаць пашану далёкім продкам, якіх мы нават не ведаем. Учора ў заходняй хрысціянскай традыцыі адзначалася ўрачыстасць Усіх Святых, сёння, у Дзень задушны, католікі моляцца за ўсіх памерлых, а заўтра, у Дзімітраўскую бацькоўскую суботу, продкаў будуць успамінаць праваслаўныя. Гэта адзін з самых галоўных дзён агульнага царкоўнага памінання ўсіх памерлых праваслаўных хрысціян, які быў устаноўлены вялікім князем Дзмітрыем Данскім яшчэ ў пачатку XIV стагоддзя. Аднак традыцыя памінання памерлых у першыя лістападаўскія дні куды больш старэйшая.


Восеньскія Дзяды, або Асяніны, святкавалі яшчэ ў дахрысціянскія часы. Людзі верылі, што ў гэты дзень Дзяды — душы продкаў — апускаюцца на зямлю, каб даведацца, як жывуць iх нашчадкi. На свята ўсе хатнія мыліся ў лазні, пакідалі пасля сябе крыху чыстай вады і венік — каб і душы маглі памыцца. Ішлі на могілкі, пакідалі ласункі, а вяртаючыся дадому, рыхтавалі багаты памінальны стол, на якім звычайна прысутнічалі бліны, клёцкі “з душамі”, кісель, крупнік з грыбамі або рыбай, верашчака з каўбасой і іншыя стравы. Пачастункі рабілі для таго, каб задаволіць душы продкаў, якія, лічылася, нябачна прысутнічаюць на агульным застоллі. Продкаў не толькі частавалі, але і забаўлялі — у гэты святочны вечар дазвалялася спяваць, танцаваць, граць на музычных інструментах, пераапранацца ў касцюмы з маскамі. Людзі верылі, што задаволеныя Дзяды будуць спрыяць у жыццёвых справах сям’і.


У хрысціянскай традыцыі ў гэтыя дні не прынята весяліцца. Гэта час, каб схадзіць у храм, наведаць могілкі, запаліць свечкі за памерлых блізкіх, выказаць ім сваю любоў і павагу, сказаць тое, што па нейкіх прычынах не сказалі ім пры жыцці... У гэта свята і Царква, і Касцёл не дазваляюць прыносіць пачастункі на могілкі — памерлым патрэбна не матэрыяльная ежа, а духоўны пажытак, якім з’яўляецца наша малітва за іх душы.







Фота Максіма Вечара і БЕЛТА


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter