90 процентами богатства планеты обладает всего один процент ее жителей

Час эканамічнага ліхалецця

Эканамічныя метамарфозы, праблемы забруджвання навакольнага асяроддзя, незваротныя кліматычныя змяненні — вось далёка не поўны пералік экалагічных і эканоміка-палітычных выклікаў, існуючых сёння.


Па высновах экспертаў Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА), сёлета тэмпы росту сусветнага гандлю таварамі зменшацца да 3,7 працэнта (раней планаваліся 4 працэнты) пры непасрэдным зніжэнні росту сусветнай эканомікі да 2,9 працэнта (прагноз). Дарэчы, у цяперашніх умовах кепска працуюць многія механізмы СГА, міжнароднай арганізацыі, у якую мы мусім увайсці ў наступным годдзе.

Паводле статыстыкі Цэнтра навін ААН, страты глабальнага ВУП ад пратэкцыянізму асобных дзяржаў і супярэчанні, выкліканыя імі ў гандлёва-эканамічных стасунках, складуць да 2020 года не менш за 700 мільярдаў долараў, альбо 0,8 працэнта ад сусветнага валавога прадукту (сума адпавядае ваеннаму бюджэту ЗША на бягучы год). Гэтую інфармацыю падчас завяршэння ў Пекіне чацвёртага дыялогу «Садзейнічанне адкрытасці, стабільнасці і высакаякаснаму развіццю глабальнай эканомікі» агучыла кіраўнік МВФ Крысталіна Георгіева. Паводле яе слоў, рост сусветнага ВУП у 2019 годзе будзе 3 працэнты — найменшы паказчык за дзесяцігоддзе. Адваротны бок праблемы — узмацненне гандлёвых супярэчанняў на планеце.

ААН вывучыла наступствы гандлёвай вайны паміж наймацнейшымі эканомікамі планеты — ЗША і КНР. Галоўная выснова экспертаў: пацярпелі абедз­ве краіны. Месцам на рынку Злучаных Штатаў скарысталіся Тайвань, Мексіка, Еўрасаюз, В’етнам і іншыя. Кітай жа вымушаны быў пайсці на значнае зніжэнне экспартых цэн.

Аналітыкі запэўнілі, што за гандлёвы канфлікт уласнымі сродкамі «адказалі» амерыканскія спажыўцы, якія раней набывалі якасныя кітайскія тавары па невысокім кошце. Лічыцца, што і ў Кітаі амерыканскія тавары сталі значна даражэйшымі.

Што тычыцца такога паказчыка, як валавы ўнутраны прадукт, то амерыканскі эканаміст і нобелеўскі лаўрэат Джозэф Сцігліц у выданні The Guardian заклікаў сусветную супольнасць адмовіцца ад разліку ВУП у якасці галоўнага індыкатара эканомікі. На думку аўтара, цяпер галоўнымі пытаннямі, з якімі сутыкаецца свет, з’яўляюцца глабальнае пацяпленне, крызіс няроўнасці і дэмакратыі, а ВУП не ўлічвае ні адну са згаданых пазіцый. 

Сцігліц успамінае крызіс-2008 і настойвае на выпрацоўцы новага метаду ацэнкі эканомікі. У першыя тры гады аднаўлення пасля падзей дзесяцігадовай даўнасці больш за 90 працэнтаў прыбыткаў было сканцэнтравана ў руках «усяго аднаго працэнта насельніцтва Зямлі». Палітыкі верылі тады, што эканоміка аднаўляецца, хаця звычайныя людзі думалі наадварот. Нобелеўскі лаўрэат падкрэслівае: калі эканоміка будзе вымяраць няправільныя рэчы, будуць прымацца і няправільныя рашэнні.

Па звестках замежных інтэрнэт-крыніц, у 2020-м можа адбыцца падзенне фондавага індэксу і кошту акцый кампаній. Трэба таксама памятаць: развіццё сусветнай эканомікі адбываецца цыклічна. Так што ў кожнага эканаміста асабістая «праўда жыцця».

Беларусь як невялікая еўрапейская краіна мае адкрытую, арыентаваную на экспарт шматвектарную палітыку. Яна нясе страты ад санкцый і контрсанкцый паміж Усходам і Захадам. Нам трэба мець устойлівыя эканамічныя і палітычныя стасункі як з ЕС, так і з Расіяй — саюзнікам і стратэгічным партнёрам. Тым больш што ў першай палове снежня лідары Беларусі і Расіі ў межах 20-годдзя Саюзнай дзяржавы павінны будуць падпісаць дарожную карту паглыблення двухбаковай інтэграцыі. Пакуль ідзе працэс складаных перамоў па важнаму дакументу.
За гандлёвы канфлікт уласнымі сродкамі «адказалі» амерыканскія спажыўцы, якія раней набывалі якасныя кітайскія тавары па невысокім кошце. Лічыцца, што і ў Кітаі амерыканскія тавары сталі значна даражэйшымі
infong@sb.by

pixabay.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter