Чароўная лямпа “Маладосці”

У гэтай кнізе можна знайсці і цікавую згадку пра тое, як “Караткевіч прынёс нейкі твор пра нейкага Стаха”
У гэтай кнізе можна знайсці і цікавую згадку пра тое, як “Караткевіч прынёс нейкі твор пра нейкага Стаха”

Заглянуць у патаемныя куткі айчыннага літцэху, высветліць мінулае, лепш зразумець сучаснасць — гэта ўсё можна цяпер з лёгкасцю і прыемнасцю зрабіць, скарыстаўшы своеасаблівую чароўную лямпу. Яе сканструявалі ды змайстравалі супрацоўнікі часопіса “Маладосць” на чале з галоўным рэдактарам Святланай Дзянісавай. Выданне “Скрозь “Маладосць”. Не самая сумная кніжка пра грошы, чорны шакалад, пісьменнікаў і літаратуру” створана да 60-годдзя часопіса. І цяпер прэзентацыі выдання праходзяць у розных аўдыторыях. Адна з апошніх — на сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
“Кніга рабілася вельмі хутка: была прыдумана ў рэдакцыі мінулай восенню ў адказ на прапанову кіраўніцтва Выдавецкага дома “Звязда” — у склад яго, як вядома, уваходзіць цяпер часопіс “Маладосць” — зрабіць святочнае выданне, — расказала ўкладальніца кнігі Святлана Дзянісава. — Нашу задуму падтрымалі многія таленавітыя пісьменнікі, якія таксама ішлі па жыцці “скрозь “Маладосць”. Унікальная кніга ўжо летам пабачыла свет. А ў выніку ёй аднаўляецца заснаваная ў 1988-м серыя “Бібліятэка часопіса “Маладосць”.
Кожны раздзел кнігі, кожны тэкст напісаны спецыяльна для яе. Праўда, і пратаколы паседжанняў рэдкалегіі 60-х гадоў там пададзены, чытаць якія гэтаксама цікава, як і размовы з мэтрамі айчыннай літаратуры, разважанні ды ўспаміны тых, хто працаваў у “Маладосці” і для “Маладосці”.
Укладальніца выдання раздавала аўтографы пасля презентацыі, правяла яе з добрым густам і немалой доляй недагаворанасці: маўляў, купляйце ды чытайце! “У адным з пратаколаў вы знойдзеце рэпліку: “Караткевіч прынёс нейкі твор пра нейкага Стаха”, — інтрыгавала Святлана. — Мы як быццам пераносімся на машыне часу туды, дзе “Дзікае паляванне караля Стаха” існуе толькі ў рукапісе”. Кніга, лічыць яна, хоць і створана паводле афіцыйнай прычыны, але атрымалася цікавае дамашняе чытанне для ўсіх і кожнага. Першыя чытачы заўважаюць, што гэта “незвычайна ўтульная кніга з вялікай доляй добрага гумару і з прэтэнзіяй на вялікі поспех”.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter