«Чароўнай жанчыне ад зачараванага мужчыны...»

Раптам высветлілася, што трэба ехаць у камандзіроўку...

Раптам высветлілася, што трэба ехаць у камандзіроўку. Мяне выклікаў у кабінет начальнік і сказаў:

— Едзьце ў сталіцу, паспрабуйце дамовіцца з пастаўшчыкамі арматуры аб іншых тэрмінах.

І вось я ў цягніку. На платформу мінскага вакзала выйшла першай і азірнулася. Мужчына сярэдніх гадоў у чырвонай куртцы з букетам у руцэ бег у кірунку да мяне, але глядзеў кудысьці далей, усміхаўся і нешта выкрыкваў.

Стала сумна. Без прычыны, дакладней, па тысячы прычын. Таму што муж гарэлкай выводзіць стрэсы, таму што дачка рэдка тэлефануе, таму што праз некалькі год стукне пяцьдзясят... І што гэты мужчына ў чырвонай куртцы не мой, чужы.

Як нядзіўна, праблему з датэрміновай пастаўкай арматуры атрымалася вырашыць хутка, і заўтрашні дзень у мяне заставаўся свабодным. Дзень без усякіх спраў і будзільнікаў. Нарэшце нагаваруся ўволю з сяброўкай! З Машай мне лёгка, у нас агульнае мінулае. Мы добра памятаем нашы студэнцкія гады. Шмат было тады смешнага, кранальнага і цікавага.

Кватэра Машы вельмі нагадвае маё жыллё: старадаўняя дабраякасная мэбля і астраўкі душы: кнігі, карціны, дыскі, фатаграфіі... Тут, у ціхім раёне Мінска, я заўсёды адчуваю сябе ўтульна.

Я пачала разважаць услых, чым запоўніць дзень заўтрашні. Маша параіла:

— Едзь у Ждановічы. Ждано­вічы — гэта горад-базар. Там ёсць усё.

Раніцай я выпіла кубак кавы і... панеслася ў Ждановічы.

З модных часопісаў я засвоіла: калі ў жанчыны няма маленькай чорнай сукенкі на выхад — гэта катастрофа. І яшчэ. Модны аксесуар цяпер — клатч (маленькая сумачка) з ручкай-ланцужком з металу.

Я абыходзіла шматлікія прадуктовыя рады, рады з шыр­спажывам, пакуль не наткнулася на вуліцу, усеяную моднымі крамамі і шыльдамі накшталт Моднага дома. Зусім як у Парыжы...

Пакупнікоў мала. Асноўны натоўп разбегся па больш папулярных месцах. З цікавасцю зазіраю то ў адзін буцік, то ў другі. Рашуча расчыняю дзверы крамы «Адзенне для каралевы».

Вочы адразу прымецілі мужчыну, які захоплена размаўляў з дзяўчынай-прадаўцом. Мужчына сімпатычны, высокі, у кароткім скураным паліто.

Пры маім з’яўленні ён павярнуўся і пільна паглядзеў на мяне. Потым рэзка адхіліўся ад субяседніцы і зрабіў некалькі крокаў.

Я пазнала яго. Звалі сімпатычнага мужчыну Дзіма Саколік.

— Я — Дзям’ян, — шырока ўсміхнуўся ён.

— А прозвішча выпадкова не Бедны?

— Не. Дзям’ян, які шчодра ўсіх частаваў юшкай, — парыраваў ён.

Мы абняліся.

З Дзімам мы знаёмыя яшчэ з інстытуцкіх часоў. Вучыліся на адным факультэце, у адной групе. Студэнтам ён сядзеў у аўдыторыі заўсёды ў першых радах, на дзяўчынак не звяртаў увагі. Карацей, тады адзін аднаго мы не прыкмячалі...

Потым да мяне даходзілі чуткі, што справы ў яго пайшлі ўгару. Дзіма, зараз ужо Дзям’ян Іосіфавіч, стаў кандыдатам тэхнічных навук, доўга працаваў у навукова-даследчым інстытуце і наогул быў прыкметнай фігурай у нашым мі­ністэрстве.

У сямейным жыцці яму нешта не шанцавала. З першай жонкай яны разышліся, другая памерла некалькі гадоў таму ад нейкай рэдкай хваробы.

А цяпер ён выбірае футра ў буціку вельмі-вельмі моднага жаночага адзення...

Мы пайшлі да выхаду.

— Ты цудоўна выглядаеш, — усміхнуўся Дзіма.

І ён выглядаў добра. Ён быў нават прыгожы, хоць разумны мужчына прыгожы заўсёды.

— Праз тыдзень у мамы юбілей — семдзесят пяць гадоў, — сказаў Дзіма. — У яе ніколі не было футра. Ніякага, нават трусінага. Хачу зрабіць ёй падарунак.

Трохі памаўчаў, а потым, ветліва гледзячы на мяне, прапанаваў:

— Давай паблукаем тут разам.

— Давай.

І мы адправіліся ў падарожжа...

Маленькая чорная шаўковая сукенка вісіць на бачным месцы і пры яркім святле падобна на ёлачную цацку. «Занадта шыкоўная», — думаю я.

— Рэчы бельгійскіх дызайнераў па-за часам, — уважліва агледзеўшы нас з ног да галавы, кажа прадавец.

Кошт — касмічны.

— Памерай, — хітра ўсміхаецца Дзіма.

Праз пару хвілін люстэрка прапаноўвае мне даволі прывабную бландынку, якая ўцякла з прэм’е­­-ры ў Вялікім тэатры.

— Навошта ты прымусіў мяне яе прымерваць? — злуюся я.

— Хацеў лепш цябе разгля­дзець. Ты такая прыгожая ў ёй! — усміхаецца Дзіма і далікатна папраўляе мне пасмачку над вухам. — У мяне мама бландынка. І абедзве жонкі былі бландынкі, — працягвае ён задуменна. У вачах вясёлыя іскрынкі.

— Прымер яшчэ гэту, цёмна-вішнёвую, — не супакойваецца мой кавалер.

— Хто носіць зараз вішнёвыя сукенкі? Дваццаць пяць гадоў мінула... Якая я была, ты памятаеш?

— Памятаю. Такая ж, як цяпер.

...Акуляры ў кашэчай аправе. На паўтвару. Прымерваю.

— Яны надаюць табе падабенства з Шэран Стоун.

— Купляем.

...Кніжны магазін. Бяром у рукі томікі, пагартаўшы, ставім на месца.

— Дзіма, ты любіш Дастаеўскага?

— Не.

— А Булгакава?

— А трэба? — смяецца Дзіма.

— Што? — не зразумела я.

— Каб табе падабацца, абавязкова любіць Булгакава?

Знаходжу на паліцы раман Андрэя Малахава «Маі любімыя бландзінкі». Вельмі дарэчы. Купляю і дару Дзіму.

Ён смяецца. Потым доўга капаецца на паліцах, пра штосьці міла шэпчацца з прыгажуняй-прадаўцом і... дорыць мне «Абранае» Уладзімі­ра Караткевіча.

— Какетнічаць з прадаўцамі — дрэнны тон, — смяюся я. — Дзякуй. Люблю гэтага пісьменніка. Дзіма, ты есці хочаш?

— Страшна!

На шчасце, нам трапляецца сціплае кафэ. Я літаральна падаю на бліжэйшае крэсла.

— Што табе ўзяць? Піражок, салату, рыбныя галкі... — пытае Дзіма.

— Піражок, салату, рыбныя галкі, — паўтараю я.

...У кутку чарговага буціка сядзіць немаладая прадаўшчыца, падобная на цыганку, — тоўстая, насатая. Не Кармэн.

— Я за вамі назіраю. Вы вельмі прыемная сямейная пара, — кажа яна.

— Мы не сямейная пара. Мы сёння сустрэліся, — чамусьці папраўляю я.

— У вас будзе раман, — абяцае цыганка.

— Чаму вы так вырашылі?

— У вас столькі радаснай цікавасці адзін да аднаго...

Мы дружна маўчым. Цікава, пра што маўчыць Дзіма?

Пасля мільгання розных брэндаў мяне амаль хістае. Тонам марафонца на сотым кіламетры аб’яўляю, што хутка мой цягнік...

Таксі доўга няма. Мы ледзь паспяваем ў вагон. Развітанне атрымалася скамечаным.

Дзесьці ў сярэдзіне шляху вымаю з сумкі падораную Дзімам кнігу. На адваротным баку вокладкі чытаю: «Чароўнай жанчыне ад зачараванага мужчыны...»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter