Чаму падчас пахавання завешваюць люстэркі ў хаце?

Люстэрка як сімвал адлюстравання і падваення рэчаіснасці ў народнай культуры атрымала статус “мяжы” паміж зямным і тым светам, светам духаў.

Люстэрка як сімвал адлюстравання і падваення рэчаіснасці ў народнай культуры атрымала статус “мяжы” паміж зямным і тым светам, светам духаў. Нашы продкі лічылі, што ў люстэрку можна ўбачыць мінулыя, цяперашнія і будучыя падзеі, надзялялі яго звышнатуральнай сілай. Тым самым падкрэслівалася асаблівая значнасць гэтай рэчы, і цэлы шэраг рэгламентацый акрэсліваў правілы карыстання ёй.
Разбітае, трэснутае люстэрка ў хаце (парушэнне гэтай нябачнай “мяжы”) заўсёды выклікала трывогу і лічылася прадказальнікам бяды, хуткай смерці кагосьці са сваякоў.

  • Калі ў хаце паміраў чалавек, неабходна было завесіць ці перавярнуць люстэрка да сцяны. У момант прыходу “смерці” ў хату мы не павінны ўбачыць гэту “мяжу” адкрытай. Чалавечая свядомасць не павінна бачыць тое, што адбываецца там — на тым свеце, свеце продкаў. Акрамя гэтага, лічылася, што смерць падвоіцца ў люстэрку — забярэ яшчэ кагосьці, звычайна таго, хто першым паглядзіцца ў люстэрка.
  • У некаторых рэгіёнах, каб захаваць сваю сям’ю ад новай смерці, пасля пахавання да люстэрка першай падносілі кошку.
  • Часам люстэрка завешвалі яшчэ да надыходу смерці — каб аблегчыць адыход чалавека ў іншы свет.
  • Люстэркі ў хаце заставаліся завешанымі да вынасу нябожчыка і пахавання яго, часам да 9 ці 40 дзён пасля смерці, радзей — на працягу ўсяго памінальнага года.
  • Акрамя люстэркаў значную ўвагу надавалі вадзе, якая была ў хаце, з-за той жа здольнасці адлюстроўваць выявы. Ваду неабходна было выліць ці закрыць, як закрывалі вочы памерламу.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter