Чаму нашы продкі лічылі, што ў суботу нельга пачынаць новую справу?

Знаёмства са структурай беларускага народнага календара паказвае, што субота была днём незвычайным у плане сакральна-магічнага напаўнення.

Знаёмства са структурай беларускага народнага календара паказвае, што субота была днём незвычайным у плане сакральна-магічнага напаўнення. У гэты дзень нашы продкі быццам бы па спецыяльным інфармацыйным канале дакраналіся да шматлікіх таямніц Сусвету, наладжвалі кантакты з душамі памерлых сваякоў, звярталіся да іх з просьбай аб добрым ураджаі ці шчаслівай долі маладым, якія бралі шлюб. З часам у народным календары на працягу ўсяго года з’явіліся адпаведныя суботы, якія лічацца днямі памяці і ўшанавання продкаў. У беларускім асяродку такія дні сталі звацца “дзядамі”,  “бацькоўскімі” або “радзіцельскімі” суботамі.

З аднаго боку, суботу лічылі добрым, “лёгкім” днём, а з другога — з ёю быў звязаны шэраг забаронаў і рэгламентацый у дачыненні да той ці іншай справы. Паўсюдна субота стала днём, калі было неабходна навесці парадак як у хаце, так і на падворку. Суботу лічылі спрыяльным днём для ад’езду ў далёкі шлях. У той жа час народная традыцыя папярэджвала: не пачынаць у суботу адказныя справы, асабліва будаўніцтва — нічога добрага не атрымаецца. У гэты дзень дазвалялася толькі закладаць падмурак новай, будучай хаты. Існавала жорсткае правіла: калі тканіна была выткана ў суботу, то адзенне з яе шылі толькі для дарослых. Дзіцяці насіць адзенне з яе катэгарычна забаранялася.

Людзі, народжаныя ў суботу, — меланхалічныя, крыху адасобленыя. А калі злуюцца, дык пасля затухання гневу імкнуцца як мага хутчэй папрасіць прабачэння. Яны не супраць пажыць за чужы кошт, лічаць сябе вельмі разумнымі і, калі дазволяць каму-небудзь даць сабе параду, дык усё роўна яе ніколі не выкарыстаюць. Да сталага веку яны выглядаюць стройнымі, не любяць упрыгожвацца, адрозніваюцца старамодным адзеннем, бо лічаць, што не ў адзенні шчасце.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter