Школа інжынера-механіка Фёдара Буранкова з Касцюковіччыны дапамагла выжыць многім асам знішчальнай авіяцыі

Чамадан солi за перахопленае каханне

Школа інжынера-механіка Фёдара Буранкова з Касцюковіччыны дапамагла выжыць многім асам знішчальнай авіяцыі, а яго самого ваяваць не адпусцілі
Школа інжынера-механіка Фёдара Буранкова з Касцюковіччыны дапамагла выжыць многім асам знішчальнай авіяцыі, а яго самого ваяваць не адпусцілі


МАЛАДЫ курсант Серпухаўскага тэхнічна-авіяцыйнага вучылішча Фёдар БУРАНКОЎ разам з сябрамі па вучобе, як толькі пачалася вайна, рыхтаваўся на перадавую, але па ўрадавым рашэнні іх ваенную навучальную ўстанову эвакуіравалі з Падмаскоўя ў глыбокі тыл — казахстанскі горад Кызыларда. Там па скарочанай праграме атрымаў спецыяльнасць авіяцыйнага механіка-інструктара і да пераможнага мая 1945 года рыхтаваў ваенных авіяцыйных спецыялістаў для фронту. Пасля заканчэння вайны вярнуўся ў родны Касцюковіцкі раён і заняўся педагагічнай дзейнасцю. Атрымаў званне «Выдатнік народнай асветы», узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі. Абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў, старшынёю Брацькавіцкага сельскага Савета Касцюковіцкага раёна. 
У свае дзевяноста чатыры гады ветэран вайны і працы да дробязей памятае перажытае. Асабліва засталіся ў памяці цяжкія ваенныя гады.

ЯК І ЎСЕ яго семёра братоў і сясцёр, Фёдар Буранкоў збіраўся працягваць спрадвечную сямейную справу — працаваць на зямлі. Пасля Муравільскай сямігодкі падаў дакументы ў Клімавіцкі саўгас-тэхнікум і паспяхова вытрымаў уступныя экзамены. Але яго не залічылі на вучобу, таму што па дакументах меў толькі трынаццаць гадоў. (У неспакойныя часы Грамадзянскай вайны бацька зарэгістраваў яго ў сельсавеце на два гады маладзейшым, каб пазней пайшоў служыць у армію. — Аўт.) У тэхнікуме параілі год-другі пачакаць з вучобай. Усхваляваны Фёдар вярнуўся дамоў і паўторна, каб не забываць школьную праграму, наведваў сёмы клас. Дапамагаў бацькам па гаспадарцы, разам з сябрамі хадзіў у заробкі на чыгуначную станцыю Камунары. 

Працавітасць пераняў ад бацькоў і дзядоў, якім нялёгкай працай даваўся хлеб. На пачатку мінулага стагоддзя дзядуля  Іван Буранкоў цягніком адправіўся на заробкі ў далёкі Данбас. Працаваў шахцёрам. Удзельнічаў у масавым страйку данецкіх шахцёраў  пад кіраўніцтвам вядомага бальшавіка Арцёма ў час рэвалюцыі 1905 года. Казацкія палкі разагналі страйк. Шахты закрылі. Давялося вярнуцца на родную Магілёўшчыну, дзе былы шахцёр ажаніўся на мясцовай дзяўчыне з вёскі Царкаўшчына. У краіне пачалася сталыпінская зямельная рэформа, і маладая сям’я Буранковых паехала ў Сібір, дзе ім далі надзел у тайзе. Трэба было спілоўваць векавыя дрэвы, выкарчоўваць і асвойваць зямлю. Даймалі камарэча і мошкі. 

Не вытрымалі ўсяго гэтага і вярнуліся ў родныя мясціны. Працавалі на зямлі, дзяцей выхоўвалі. Сыну Герасіму, аднаму з першых у Касцюковіцкім раёне, пасля калектывізацыі прысвоілі ганаровае званне «Заслужаны калгаснік». Сваім дзецям Герасім Іванавіч імкнуўся даць адукацыю. Пасля няўдалай спробы стаць заатэхнікам Фёдар скончыў Касцюковіцкую сярэднюю школу і кароткатэрміновыя курсы Аршанскага настаўніцкага інстытута, адкуль яго накіравалі ў Заходнюю Беларусь. Настаўнічаў у глухой, забытай богам і людзьмі палескай вёсцы Лядзец, дзе толькі ўсталявалася Савецкая ўлада. Школьнікаў перавучвалі з польскай мовы на родную. Адкрылі некалькі вячэрніх класаў для пераросткаў. 

— Гаспадыні, у якой кватараваў і харчаваўся, плаціў сто рублёў у месяц, — узгадвае Фёдар Герасімавіч Буранкоў. — Атрымліваў за выкладанне ў дзённай і вячэрняй школе амаль 500 рублёў. Гаспадыня гаварыла, што ў вячэрнія класы, а ў іх было па трыццаць дзяцей, хадзілі больш для таго, каб паглядзець на новага настаўніка. Не ведаю, чым я быў такі прывабны. Дысцыпліну на ўроках трымаў моцную. 

— Ці здзівіла вас заходнебеларуская вёска?

— Ды яшчэ як! Адчуў культуру адносін паміж сялянамі. І перада мной усе здымалі шапкі, калі віталіся. Мяне запрасілі на вечарынку. Пасадзілі як паважанага госця на лаўку каля музыкаў. Пад табурэтку паслалі даматканую посцілку. Юнакі прапаноўвалі  закурыць самасад, але я адмовіўся. Дзяўчаты запрашалі мяне танцаваць, але я не ўмеў і таксама адмаўляўся. Прыгожа моладзь бавіла вечары. Усе апраналіся з густам. У дзяўчат спадніцы пярэстага колеру з нашытымі атласнымі стужкамі. Юнакі ў белых ільняных портках і кашулях навыпуск з паясамі. На нагах выключна ладны абутак. Хромавыя боты ў юнакоў высокія, у дзяўчат крыху карацейшыя, мадней пашытыя, і так блішчэлі, што можна было замест люстэрка ў іх глядзецца. Апантана скакалі польку. Такія каленцы выкідвалі і так віртуозна круціліся, што вачэй не адарваць. Пазіраў і думаў, што яны калгаснага хлеба не паспыталі! Каб пажылі, як мы, так бы не скакалі. Я ні разу не пачуў непрыстойнага слова. Нават знешне і па манерах вясковая моладзь Лядца рэзка адрознівалася ад маіх землякоў. Ні разу не бачыў п’янага.

— У пісьмах родным расказвалі пра ўсё ўбачанае?

— Доўга настаўнічаць не давялося. Увосень прызвалі на службу ў армію, якую праходзіў у Заходняй Украіне. Паколькі меў сярэднюю адукацыю, прапанавалі вучыцца ў ваенным вучылішчы. Каля нашых казарм быў аэрадром, і я часта сустракаў лётчыкаў у прыгожай форме. Гэта мяне захапіла, і таму абраў Серпухаўскае тэхнічна-авіяцыйнае вучылішча, дзе і застала вайна.

Была нядзеля, і курсанты на стадыёне вучыліся кідаць гранаты. Раптам убачыў, што многія пабеглі да казарм, і я пабег за імі. Перад уваходам на стале стаяў парторг і гаварыў, што Германія вераломна напала на нашу краіну…

З першых дзён вайны мы заняліся ўмацаваннем ваеннага аэрадрома. Капалі вакол акопы, усталёўвалі перашкоды. З паведамленняў даведваліся, што нямецкія войскі занялі ўжо Мінск, Кіеў. Чырвоная Армія адступала. Па радыё выступіў Сталін з прапановай стварыць ахоўныя атрады, задача якіх была не дапускаць панікі сярод байцоў.

З Масквы вярнуўся палкоўнік Смялькоў, які выкладаў у вучылішчы, і паведаміў пра эвакуацыю вучылішча ў казахстанскі горад Кызыларда. Больш як  тыдзень дабіраліся туды. Па дарозе выскоквалі з вагонаў на станцыях за варам, каб гарачага глынуць. У Кызылардзе размясціліся ў былой школе. Па скарочанай праграме атрымалі дыпломы інжынераў-механікаў авіяцыйнай знішчальнай службы. Многіх выпускнікоў адправілі на фронт, а мяне накіравалі ў Кіргізію на ваенны аэрадром у вёсцы Георгіеўка. Там базіраваліся ваенныя самалёты. Туды ж перавялі і адэскую лётную школу, курсантаў якой мы сталі вучыць абслугоўванню ваенных самалётаў.

— Яны асвойвалі матэрыяльную частку самалётаў і паралельна вучыліся лятаць?

— Разам з вопытным штурманам мы абучалі па дзесяць курсантаў. Паўгода адводзілася на абучэнне, а затым курсантаў адпраўлялі на фронт.  З Георгіеўкі мяне перавялі ў кіргізскі пасёлак Лугавая.

— Фёдар Герасімавіч, а ці ўзнікала жаданне адправіцца на фронт, дзе вырашаўся лёс краіны?

— Патрыятызм быў моцны. У душы мучыўся ад таго, што мае равеснікі змагаюцца з ворагам на франтах, а я ў тыле. Некалькі разоў звяртаўся ў ваенкамат. Мяне астудзіў ваенны ўрач, які вярнуўся з фронту без нагі. Пераконваў, што мае прафесійныя веды і вопыт пераймаюць іншыя, і іх удзел у вызваленні краіны ад ворагаў дасць большы эфект, чым мой асабісты ў ролі радавога салдата. Гэта на мяне падзейнічала, і я з большым азартам узяўся за справу падрыхтоўкі ваенных авіяцыйных спецыялістаў.

— Лёс распарадзіўся так прайсці вам вайну. А ці ведалі што пра сваіх родных?

— Як толькі пачуў па радыё ў верасні 1943 года, што Хоцімскі, Клімавіцкі і наш, Касцюковіцкі, раёны вызвалены ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, адразу напісаў пісьмо родным. Трывожыўся за іх лёс. Прасіў, хто прачытае пісьмо, каб напісалі мне. Цікавіўся пра лёс дзяўчыны Марыі, з якой да вайны сустракаўся. Доўга не было адказу. Рукі дрыжэлі, сэрца тарахцела, калі паштальён прынёс папяровы трохкутнік. Кінуўся прагна глытаць напісанае. Бацька паведамляў, што ўсе жывыя, але хата згарэла. Сясцёр не стала яшчэ да вайны, а два меншыя браты Іван і Аляксандр пры бацьках засталіся. Старэйшы брат Павел ваяваў у Чырвонай Арміі. Бацькі перайшлі жыць у дом да братавай жонкі. І ні слова пра дзяўчыну Марыю. У сваім пісьме я расказаў, чым займаюся ў тыле. 

— Нялёгка было ў глыбокім тыле?

— Трымалася ваенная дысцыпліна. Працавалі ўзмоцнена. Харчаваліся ў сталоўцы. Выхадных не мелі. Шмат увагі і часу надавалі падрыхтоўцы маладых авіяцыйных спецыялістаў. Не забуду свайго курсанта Аляксандра, які ў час выканання «мёртвай пятлі» падняўся ў неба і з зямлі  атрымаў па радыё каманду набраць вышыню. Выйшаў на зададзеныя параметры, зрабіў піке і павінен быў набраць хуткасць, каб узняцца ўверх. Але не змог справіцца з кіраваннем самалётам, рэзка пайшоў уніз і сутыкнуўся з зямлёю. Балюча было бачыць, як на вачах ён загінуў. Імгненне — і чалавека не стала. Бацькам на Украіну адправілі пахаванку. Спецыяльная камісія дасканала вывучала прычыну трагедыі. Мяне пазбавілі права абучаць курсантаў. Збіраліся паказанні сведкаў трагедыі. Высветлілася, што маёй віны ў трагедыі не было, і дазволілі далей абучаць курсантаў.

— Такіх выпадкаў больш не было?

— Кіраваць самалётам — справа даволі складаная. На жаль, гінулі курсанты па-рознаму. Адзін выконваў заданне праляцець на брыючым палёце, але зачапіўся за тэлеграфныя правады, кульнуўся і загінуў.

— Вы самі ляталі на самалётах?

— Прымаў удзел у пералётах. Каля аднаго аэрадрома стаялі казармы курсантаў, а на другім, за сто кіламетраў, вучылі лятаць. Разам са штурманам пераляталі на аэрадром, дзе праводзіліся практычныя заняткі. Курсантаў туды дастаўлялі на аўтамашынах. Лётчык садзіўся за штурвал, я за ім — і ўзляталі. Прасіў яго дазволу паспрабаваць кіраваць машынай. У мяне нядрэнна атрымлівалася. Налаўчыўся мякка садзіць самалёт на аэрадром. Але сам не рызыкаваў пераганяць. 

Мы слухалі зводкі Савінфармбюро пра падзеі на франтах. Радаваліся вызваленню гарадоў і вёсак. Асабліва чакаў звестак з беларускай зямлі. Слухаў па радыё пра партызанскі парад у ліпені 1944 года ў Мінску.

Пра перамогу ў маі 1945 года даведаўся каля вайсковай сталоўкі, куды ішоў абедаць. На парозе сустрэў жанчыну з бутэлькай гарэлкі ў руцэ. Яна на маё здзіўленне адказала, што купіла гарэлку, каб адзначыць Перамогу. У той дзень адмянілі палёты, і ўсе мы радаваліся. 

З чамаданам солі, якую каля нашага аэрадрома здабывалі, адправіўся ў Маскву. Там прадаў яе і купіў білет дамоў. Прыехаў на станцыю Камунары, а адтуль пешшу — у роднае Пушкова. 

— Хто вас сустракаў?

— Як падышоў да свайго падворка, мяне ўбачылі жанчыны і сталі прычытаць, што Буранковы ўсе жывыя вярнуліся з фронту, а іх родныя загінулі. Маці пачула праз акно і выбегла з хаты, за рукаў схапіла мяне — і ў сенцы хутчэй. Накрыла на стол. І тут у хату зайшла суседка з запрашэннем на вяселле дачкі Марыі, з якой я сустракаўся да вайны. Прыгажуня на ўсю вёску. Жаніх яе ў вайну быў афіцэрам,  атрымаў раненне і дамоў вярнуўся раней за ўсіх. Твар яго быў пакалечаны. На вяселлі мяне пасадзілі насупраць маладых. Марыя прагна глядзела на маю прыгожую лётчыцкую форму. Музыкі заігралі «Барыню». Я ўскочыў і стаў так вінціць нагамі, што ўсё вяселле глядзела. Пасля танцаў нявесту павялі ў хату жаніха. Марыя нагнулася да мяне і папрасіла, каб забраў яе з вяселля.

— І што?

— Сумленне не дазволіла.  Жаніх быў маім сваяком. Яна ў той вечар сама ўцякла і больш у вёску не вярнулася. Вяселле сарвалася. Марыя доўга яшчэ пісьмы мне пісала са Смаленшчыны і запрашала прыехаць.

Жонкай Фёдара Герасімавіча стала аднакласніца Надзея Кутузава, з якой пражылі разам шэсцьдзясят гадоў. Амаль паўвека настаўнічалі. Фёдар Герасімавіч быў дырэктарам вясковых школ, дзіцячага дома, кіраваў сельсаветам. Разам з жонкай выхавалі дваіх дзяцей. Сын Аляксандр стаў доктарам фізіка-матэматычных навук, а дачка Ларыса скончыла Тэхналагічны інстытут і да пенсіі працавала галоўным інжынерам на мэблевай фабрыцы, выдала некалькі сваіх кніг. Даглядае аўдавелага бацьку, што жыве клопатамі пра сваю вялікую сям’ю, якая пашыраецца ўнукамі і праўнукамі. Па традыцыі ў Дзень Перамогі  ўсе збіраюцца разам, каб павіншаваць Фёдара Герасімавіча з яго самым дарагім святам, у якім ёсць і яго тылавы ўклад.

Уладзiмiр СУБАТ

Фота аўтара

Касцюковіцкі раён
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter