Чакаюць буслоў у Сваташыцах

Мала  толькi  пабудаваць  аграгарадок,  важна  яшчэ  пакiнуць  у  спадчыну  сучасную  вёску  моладзi

Мала  толькi  пабудаваць  аграгарадок,  важна  яшчэ  пакiнуць  у  спадчыну  сучасную  вёску  моладзi 

Амаль паўтара мiльярда рублёў выкарыстана на рэканструкцыю iнфраструктуры аграгарадка Сваташыцы Дубровенскага раёна. Па ўсiх прыкметах, сродкi ўкладзены не дарэмна. Як сведчаць самi сваташыцкiя  гаспадары, “цяпер пачалося жыццё зусiм новай якасцi”. 

Аднак аб усiм па парадку. 

Назва населенага пункта выклiкае гарэзлiвую ўсмешку i светлы гумар. Не iначай як далёкiя продкi былi здатныя да заляцанняў, ахвочыя ездзiць у сваты i ладзiць гучныя вяселлi. А паколькi вёска, якая ў нашы днi набыла абрысы пасёлка гарадскога тыпу, знаходзiцца на мяжы Вiцебскай i Магiлёўскай абласцей (ды i да расiйскай рукой падаць), то можна сцвярджаць: сапраўдны, “ураджай сватаўства” яшчэ спее. 

Калi параўнаць мясцовых хлопцаў i дзяўчат з крылатымi птахамi, то наўрад цi будзе сэнс у хуткiм часе пакiдаць iм родныя гнёзды. Хутчэй i зручней майстраваць новыя “буслянкi”. А пасля сустракаць i весцi перамовы са сватамi i сваццямi як з родных ваколiц, так i з Магiлёўшчыны i Смаленшчыны. 

У такiм разе i нам самы зручны момант зрабiць экспромт-экскурсiю ў Сваташыцкую школу-сад. Калегi з усяго раёна па-добраму зайздросцяць мясцовым педагогам i вучням. Хаця па гарадскiх цi сталiчных мерках навучальная ўстанова ў Сваташыцах, так бы мовiць, драбнаватага маштабу: займаюцца тут 101 вучань ды 16 дашкалят. 

Гэта па форме. А вось па змесце Сваташыцкая школа-сад — своеасаблiвы  цэнтр перадавога вопыту. Тут праводзяцца раённыя алiмпiяды па розных вiдах спорту. Неабходныя для таго ўмовы створаны ў актавай i спартыўнай залах. Рамонтна-аднаўленчыя работы  выкананы ў класных памяшканнях. Заменена тэхналагiчнае абсталяванне ў школьнай сталоўцы. Прыдбана новая мэбля ў класы i адмiнiстрацыйныя памяшканнi. На спартыўны iнвентар скарыстана каля 10 мiльёнаў рублёў. Толькi вучыся ў фармаце сучасных патрабаванняў i iнфармацыйных тэхналогiй. 

А як далей? Было б крыўдна да слёз вывучыць з шыкам сваiх “буслянят” i выпусцiць iх у белы свет. Вось чаму мудрым i перспектыўным варта лiчыць рашэнне пераўтварыць ранейшую звычайную вёску Сваташыцы ў аграгарадок. Каб i моладзi было даспадобы вiць тут новыя “гнёзды”. 

Старэйшае пакаленне не нарадуецца на перамены. Пенсiянерка Надзея Самусева тут нарадзiлася i пражыла ўсё жыццё. 

— Я такая радая, што вёска наша прыгожая. Цяпер у нас i магазiны розныя, i кафетэрый, i камбiнат бытавых паслуг, i школа, як у горадзе. Тэлевiзар сапсаваўся цi машына пральная – зноў жа адрамантуюць на месцы, — кажа яна. 

Тое, што для старэйшых дзiва дзiўнае, для сучаснай моладзi, надзвычай дасведчанай i iнфармаванай, ужо норма рэчаiснасцi. Для яе нават iмклiвае развiццё камп’ютэрызацыi ў вёсцы робiцца звыклым. I нядзiўна, што хлопцы i дзяўчаты на выхадзе ў вялiкае жыццё  справядлiва патрабуюць, каб яно было дастойным. 

А што значыць дастойным? Каб свята было штодня? То такога i ў казцы не сустрэнеш. Нават лянiваму Ямелю спачатку трэба было шчупака злавiць, а потым ужо загады выдаваць. У рэальным жыццi свята не можа быць бясконцым i бесклапотным. Ды i не патрэбна яно такое. 

Вось, скажам, адкрыўся ў Сваташыцах кафетэрый. З тэлевiзарам i прыемнай музыкай у iнтэр’еры. З пастаянным “салодкiм сталом” для юных гурманаў. Толькi на “салодкае жыццё” трэба мець грошы. Спачатку iх на кiшэнныя патрэбы выдаюць бацькi. Потым самiм давядзецца зарабляць. А дзе на месцы гэта можна? I цi ўся сотня з гакам сённяшнiх “птушанят” у стане атабарыцца на роднай зямлi, каб мець ад яе хлеб i да хлеба? 

Зразумела, што асноўным работадаўцам з’яўляецца мясцовы  сельгаскааператыў “Герой”, якiм кiруе Аляксандр Хвошч. Старыя местачкоўцы па традыцыi называюць яго калгасам. Але гэта ўжо не той калгас, якi араў, сеяў i ўбiраў у мiнулым стагоддзi. Сёння гэта аграпрадпрыемства сучаснага ўзроўню. Дарэчы, першае месца ў раёне за мiнулы год узяў калектыў “Героя” ў жывёлагадоўлi. Толькi малака ў разлiку на карову атрымана ў сярэднiм 4,5 тоны. Нават зiмой сваташыцкiя кароўкi давалi па вядру з гакам сырадою ў суткi. Прасцей кажучы, па 13—14 кiлаграмаў. Сёлета пастаўлена планка на 5-тысячны рубеж. 

Але няма гарантыi, што пасля “салодкага стала” ў мясцовым кафетэрыi маладыя людзi з асалодай пераключацца на пахi жывёлагадоўчага комплексу. Хаця ёсць адзiнкавыя жадаючыя  для “гераiчнай” дзейнасцi на палях i фермах. Абсалютная большасць маладых жыхароў Сваташыц выбiрае пакуль гарадскiя прафесii. 

Стоп! Вось тут i ежа для наступнага дня. Выходзiць, што механiчнае пераўтварэнне вёскi Сваташыцы ў аграгарадок яшчэ не вырашае галоўнай праблемы: каму ўсё гэта застанецца ў спадчыну. А значыць, трэба не спыняцца на паўдарозе i ў добрым сэнсе дзеючую мадэль аграгарадка выводзiць на якасна вышэйшую ступень... 

Люба-дорага сёння зайсцi ў Сваташыцкае аддзяленне сувязi. Камп’ютэр, факс, магчымасць у гарадскiм фармаце падтрымлiваць зносiны ледзь не з усiм светам. 

Не горшым аб’ектам для семiнараў i выязных нарад стаў i мясцовы фельчарска-акушэрскi пункт. Тут нават стама­та­лагiчныя паслугi на такiм прыстойным узроўнi, што неўзабаве жыхары Сваташыц любога ўзросту стануць абсалютна “зубастымi”. Зусiм не трэба ехаць у раён па такую запатрабаваную паслугу... 

Шмат прыцягальнага, каб жыць i працаваць у такiм сацыяльна-прывабным iнтэр’еры. Толькi менавiта маладых не задавальняе сёння абмежаваны выбар прафесiй ( няхай сабе ў аграгарадку, а не ў вёсцы). Таму мясцовая ўлада не шкадуе  паўтара мiльярда сродкаў, якiя ўкладзены у рэфармаванне. Аднак каб затрымаць моладзь, ёсць сэнс падумаць аб развiццi карысных мясцовых рамёстваў i промыслаў, запатрабаванага ў насельнiцтва сервiсу i бытавых паслуг, iншых прафесiй i спецыяльнасцей. Урэшце, як не хлебам адзiным жыве чалавек, так i кола яго схiльнасцей не абмяжоўваецца толькi  полем i фермай. 

У гэтым сэнсе аграгарадок можна смела лiчыць першай ластаўкай сацыяльнай перабудовы вёскi. Але, як кажуць у народзе, першая ластаўка надвор’я не робiць. За ёю абавязкова трэба чакаць вырай. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter