Чакай Пятра — сыр з’ясі

Учора ў праваслаўных пачаўся Пятроўскі пост Праз сем дзён пасля свята Тройцы пачынаецца Пятроўскі, або Апостальскі, пост. Гэты пост адзін з чатырох самых значных у праваслаўным календары. Працягласць яго не пастаянная: усё залежыць ад таго, калi святкаваўся Вялікдзень. Але заканчваецца пост заўсёды 12 ліпеня — у дзень святых апосталаў Пятра і Паўла. Сёлета пост працягнецца 19 дзён.

Лічыцца, што пост устаноўлены ў гонар святых Пятра і Паўла ў часы Канстанціна Вялікага. У першыя ж хрысціянскія стагоддзі пост ніяк не звязваўся з імёнамі апосталаў, а лічыўся кампенсатарным: тыя, хто не змог пасціцца перад Вялікаднем, пасціліся пасля велікодных святаў, г. зн. пасля Тройцы.

Пост гэты лічыцца “нястрогім” — можна есці рыбу і морапрадукты. Выключэнне складаюць панядзелак, серада і пятніца і яшчэ так званыя “нярыбныя” дні — 27 і 29 чэрвеня, 1, 6 і 8 ліпеня. Таксама ў час посту нельга есці яблыкі.

У народзе Пятроўскі пост звалі Пятроўка-галадоўка: на пачатку лета мінулагодняга ўраджаю ўжо мала засталося, а новы яшчэ толькі паспявае. А яшчэ іменна пра гэты пост нарадзілася прымаўка: “Чакай Пятра — сыр з’ясі”. Маўляў, усяму свой час, калі трэба, можна і пацярпець.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter