Чакаем вестак ад родных.

Хто шукае: Марыя Фёдараўна Шчамялёва.
Каго шукае: Таццяну Генадзьеўну Фільберт, Ніну Якаўлеўну Балоціну.
“Дапамажыце адшукаць унучку Таццяну Генадзьеўну Фільберт і яе маці Ніну Якаўлеўну Балоціну, — звяртаецца Марыя Фёдараўна. — Яны жылі ў населеным пункце Чырвоны Кут Аксакараўскага раёна Карагандзінскай вобласці. У апошнім лісце пісалі, што ў сакавіку 1996 года едуць жыць у Германію. А я да аварыі на ЧАЭС жыла ў вёсцы Краснагорка Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля адсялення пераехала да дзяцей у Магілёў”.

Хто шукае: Ева Ягораўна Арыскіна.
Каго шукае: Марыя Ягораўна Сафрановіч.
“Вельмі хачу знайсці сваю родную сястру. Арыскіна — гэта маё прозвішча па мужу, а дзявочае — Сафрановіч, — паведамляе Ева Ягораўна. — Нарадзілася я ў 1934 годзе ў вёсцы Клюшнікава Аршанскага раёна Віцебскай вобласці (адтуль мой бацька Ягор Пятровіч Сафрановіч). Там нарадзілася  і мая сястра Марыя Ягораўна Сафрановіч. Перад Вялікай Айчыннай вайной нашы бацькі загінулі. Мне тады было сем гадоў, сястры чатыры. Мяне адразу ж аддалі ў дзіцячы дом, а яе забралі цётка з дзядзькам у вёску Пустынкі (Віцебская вобласць). А напачатку вайны яна таксама апынулася ў дзіцячым доме ў Оршы. Больш ніякіх звестак у мяне пра сястру — адзінага роднага чалавека ў свеце — няма. Адна надзея на вас...”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter