Некоторые впечатления участника пленума Союза писателей Союзного государства, который состоялся 3-4 октября в Могилеве

Быць мудрымi ў сяброўстве

ТЭМА пленума: «Роля літаратуры ў станаўленні Саюзнай дзяржавы і захаванні гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Да 20-годдзя Саюзнага дагавора і 75-годдзя Перамогі». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Саюз пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, Саюз пісьменнікаў Беларусі і Саюз пісьменнікаў Расіі пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі, Магілёўскага аблвыканкама, Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы. 

Як удзельнік пленума ў складзе беларускіх пісьменнікаў падзялюся некаторымі ўражаннямі. Адразу звярну ўвагу на адзін з лейтматываў. Ён такі: і далей будзем мацаваць нашы і творчыя, і сяброўскія сувязі, усяляк падтрымліваць творчую моладзь. Ёй узбагачаць усё тое лепшае ў брацкіх сувязях Беларусі і Расіі, напрацаванае папярэднімі пакаленнямі. Для гэтага ёсць трывалы падмурак, на які і трэба абапірацца і пра які не трэба забываць нам, пісьменнікам, як і ўсім людзям. А тыя творчыя, сяброўскія і брацкія сувязі між беларускімі і рускімі майстрамі слова, створаныя на працягу дзесяцігоддзяў, павінны спрыяць гэтаму. І, як адзначылі на пленуме пісьменнікі дзвюх краін, мы, нашчадкі творцаў нашай агульнай гісторыі, не маем права нічога забываць з таго агульнага не толькі з духоўнай, а і з усіх сфер жыцця.

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый МАЛАШКА, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай ЧАРГІНЕЦ, пісьменнік Валерый КАЗАКОЎ, міністр інфармацыі Алесь КАРЛЮКЕВІЧ.

АДНЫЯ з найбольш актуальных пытанняў — патрыятычнае выхаванне моладзі. У свеце актывізуюцца сілы, якія імкнуцца па-свойму перапісаць гісторыю, прынізіць ролю дзядоў і бацькоў у разгроме фашызму, а ўвогуле па-свойму ўздзейнічаць на свядомасць людзей, найперш моладзі, каб з карысцю для сябе знішчыць кроўныя братнія сувязі.

Яны між рускай і беларускай літаратурамі ўзніклі праз вусную народную творчасць яшчэ задоўга да тых часоў, калі тварылі Максім Багдановіч і Максім Горкі. Дарэчы, Горкі ў свой час даў высокую адзнаку маладым Купалу і Коласу, гэтым самым па-свойму азначыўшы маладую беларускую літаратуру далёка за межамі краіны. Затым гэтыя сувязі літаратур мацаваліся ў 20—30-я, загартоўваліся ў Вялікую Айчынную. А пасля яе — у гады аднаўлення народнай гаспадаркі, разбуранай ліхалеццем, і затым выйшлі на новыя абсягі, калі ў многім дзякуючы рускай літаратуры, перакладам на рускую мову наша літаратура стала вядома ва ўсім свеце. У той перыяд агульнай гісторыі гэтыя сувязі падняліся на такі ўзровень, што сталі адным з наймацнейшых цэментуючых духоўных звёнаў не толькі народаў Беларусі і Расіі, але і ўсіх народаў некалі адзінай вялікай краіны, у тым ліку, вядома ж, і братняга ўкраінскага.

І калі гаварыць пра беларускіх і рускіх пісьменнікаў тых пакаленняў, то гэта Аркадзь Куляшоў, Аляксандр Твардоўскі, Пятрусь Броўка, Яраслаў Смелякоў, Максім Танк, Ягор Ісаеў, Васіль Быкаў, Барыс Васільеў, Іван Шамякін, Валянцін Распуцін і многія іншыя. I, канешне ж, Канстанцін Сіманаў. 

Пісьменнікі, удзельнікі пленума, наведалі знакамітае Буйніцкае поле пад Магілёвам, дзе развеяны прах Сіманава. Успомнiлi тых, хто коштам свайго жыцця ў пачатку вайны надоўга спыніў нямецкую танкавую армаду. Ушанавалі памяць аўтара рамана «Жывыя і мёртвыя», які данёс свету праўду пра іх бессмяротны подзвіг. Пабывалі на тэрыторыі Магілёўскага дзяржаўнага агралесатэхнічнага калежа імя К. П. Арлоўскага. Там пісьменнікі агледзелі рэканструяваны выкладчыкамі і навучэнцамі рубеж нямецкай абароны на Дняпры. Гэтую, здавалася б, непрыступную варожую вышыню 27 чэрвеня 1944 года ўзялі нашы бясстрашныя воіны. Тады група байцоў з шасці чалавек, якой камандаваў малады лейтэнант Іван Мяльноў, на драўляных плытах пад шквальным агнём фарсіравала раку. Нашы воіны захапілі, як лічылі фашысты, непрыступны ўчастак — вышыню недалёка ад берага Дняпра, знішчылі некалькі варожых агнявых кропак. А неўзабаве праз раку пераправіліся іншыя падраздзяленні батальёна. 

Іван Мяльноў рускі. Нарадзіўся ў 1924 годзе ў горадзе Златавусце Чалябінскай вобласці. Звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены пасмяротна ў сакавіку 1945 года. Загінуў воін на беларускай зямлі 19 ліпеня 1944-га, пахаваны ў брацкай магіле ў г. п. Свіслач. На фасадзе галоўнага корпуса Магілёўскага калежа Івану Міхайлавічу Мяльнову ўстаноўлена мемарыяльная дошка. 

Пісьменнікі таксама азнаёміліся з гістарычнай экспазіцыяй, прысвечанай вызваленню вёскі Буйнічы і горада Магілёва. У навучальнай установе ўсё прасякнута нязгаснай памяццю аб былым. Узначальвае калеж выдатны педагог, сапраўдны патрыёт Георгій Маліноўскі. Выхаваўчая і патрыятычная праца тут арганізавана на такім узроўні, што, як адзначалі расійскія пісьменнікі, яна варта пераймання. А я нагадаю: шэсць былых выпускнікоў установы, тады вучылішча, сталі Героямі Сацыялістычнай Працы. А Андрэй Мельнікаў, ураджэнец Магілёва, воін-інтэрнацыяналіст, па сутнасці, наш сучаснік, які нарадзіўся ў 1968-м, загінуў у 1988-м, удастоены звання Героя Савецкага Саюза. I яшчэ: Андрэй Мельнікаў служыў у Афганістане ў знакамітай 9-й дэсантна-парашутнай роце разам з хлопцамі розных нацыянальнасцей тагачаснай адзінай Айчыны.

Пісьменнікі Саюзнай дзяржавы наведалі Музей Канстанціна Сіманава і экспазіцыю пад адкрытым небам.

Адначасова зварот: пісьменнікі-публіцысты, найперш маладыя, вельмі і вельмі патрэбна кніга пра калеж, яе выкладчыкаў і выхаванцаў! І вопыт Г. Маліноўскага, выкладчыкаў і саміх навучэнцаў, набыты тут за многія гады патрыятычнай працы, можа стаць яе асновай. Бо і гераічная, і працоўная сувязь пакаленняў ва ўстанове сведчыць аб яе непарыўнасці… 

Але вернемся да сувязі літаратур. Сёння яе мацуюць празаікі і паэты іншых пакаленняў. Уключаючы i тое, якое толькі ўваходзіць у сапраўдную літаратуру. І гэтыя сувязі — таксама непарушныя, як і ўсе астатнія між нашымі народамі. Бо як сведчыць агульная гісторыя, менавіта яны, менавіта шчырае братэрства рускіх і беларусаў ці беларусаў і рускіх, а таксама братэрства з усімі іншымі народамі былой вялікай краіны дапамагло нам выстаяць на самых жахлівых яе зломах…

Пра гэта думалася мне ў Магілёве падчас сустрэчы пісьменнікаў Расіі і Беларусі. І на афіцыйных мерапрыемствах, і на Буйніцкім полі — полі нашай агульнай памяці. І тады, калі між пісьменнікамі ў кулуарах вяліся звычайныя чалавечыя гаворкі, думалася пра гэта.

НА пленуме мы аднадушна прымалі яго пастанову. У ёй не толькі асэнсавалі зробленае за 10 гадоў сумеснай працы, але і намецілі задачы на будучае. У прыватнасці, адзначылі, што пісьменнікі дзвюх краін маюць намер актывізаваць дзейнасць з тым, каб увекавечыць бессмяротны подзвіг абаронцаў Айчыны, паказаць агульны ўклад у Перамогу. І, безумоўна, адзначылі, што пісьменнікі будуць падтрымліваць намаганні кіраўнікоў краін у справе ўмацавання Саюзнай дзяржавы. 

Яшчэ важны вынік — зварот да пісьменнікаў Украіны. У ім — прапанова аб правядзенні сустрэчы між пісьменнікамі трох незалежных дзяржаў — Украіны, Беларусі і Расіі. (Дакументы будуць апублікаваны, у прыватнасці, і ў беларускім друку.) У звароце таксама адзначаецца, што тады разам можна будзе разгледзіць магчымасці правядзення сумесных пасяджэнняў па пытаннях ролі і адказнасці літаратуры перад выклікам часу, аб умацаванні між пісьменнікамі сувязей, якія сёння ў многім аслаблены. I нават абмеркаваць жаданне выступіць гарантамі ў вельмі балючых для краін пытаннях. А што яны, гэтыя пытанні, хвалююць пісьменнікаў трох краін, добра ведаю: неаднойчы сустракаўся ў Гомелі з калегамі па пяру з Расіі і Украіны… Сустрэчы тыя, адзначу, вось ужо 14 гадоў наладжвае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, а ініцыятарам іх выступае Уладзімір Гаўрыловіч, кіраўнік аддзялення, унук ветэранаў вайны, адзін з якіх пахаваны ў Расіі…

І на сустрэчы ў Магілёве Уладзімір Гаўрыловіч з трыбуны пераканаўча даводзіў калегам з Расіі і Беларусі, што пісьменнікі трох славянскіх краін павінны быць аднадумцамі ў тым, што датычыць лёсаў нашых народаў…

Увогуле, цесныя пісьменніцкія сувязі між усімі шасцю абласнымі аддзяленнямі пісьменнікаў і пісьменнікамі многіх рэгіёнаў Расіі існуюць ужо даўно. Тут нельга не адзначыць з нашага боку Тамару Гусачэнка (Віцебск), Алеся Казеку (Магілёў), Таццяну Дземідовіч (Брэст), Людмілу Кебіч (Гродна), Міхася Пазнякова (Мінск). I, вядома ж, Мікалая Чаргінца, старшыню Саюза пісьменнікаў Беларусі і яго намеснікаў Алену Стэльмах і Анатоля Матвіенку. Іх намаганні, каб усё мы былі разам, даюць свой плён. 

З расійскага боку вельмі актыўна працуюць у гэтым напрамку Мікалай Іваноў, Юрый Казлоў, Аляксандр Казінцаў, Уладзімір Сарочкін, Міхаіл Папоў, Сяргей Міхеенкаў і многія іншыя. (Што да сувязей беларускіх і украінскіх пісьменнікаў, дык нашы творы і сёння гучаць на ўкраінскай мове ва ўкраінскіх выданнях, а творы пісьменнікаў Украіны ў перакладах на нашу мову друкуюцца ў нашых дзяржаўных часопісах. Чытайма іх.)

Канешне, пленум — найперш афіцыйнае мерапрыемства. Афіцыйнасць не перашкаджала ўсім нам, яго ўдзельнікам, і далей наладжваць між сабой творчыя і сяброўскія кантакты. Але, як кажуць, пакінем палітыкам палітыку, а на сябе возьмем як грамадзяне сваіх краін і як творцы абавязак падтрымліваць кантакты: тры народы, тры браты і суседзі павінны жыць у разуменні, у згодзе, у міры… Прыгадаю словы рускага савецкага паэта Васілія Фёдарава з яго верша «С тобой, Россия»: «А мудрый в дружбе о друзьях печется».

Заўважу: як важна ўсім нам быць мудрымі ў сяброўстве. І разу­менне гэтага кожным з нас — і палітыкаў, і творцаў, і проста лю­дзей усіх зямных прафесій — да многага абавязвае ў імя дабра.

ДАВЕДКА «СГ»

Грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы» створана ў 2009 годзе пісьменнікамі Беларусі і Расіі пры падтрымцы Прэзідэнтаў краін. Яно аб’яднала майстроў слова, якія пішуць не толькі на рускай і беларускай мовах, але і на мовах іншых народаў былога СССР. Сустаршыні — з беларускага боку Мікалай Чаргінец, з расійскага — Мікалай Іваноў.

Гэта аўтарытэтная творчая арганізацыя. Яна садзейнічае далейшаму ўмацаванню сацыяльна-культурных сувязей між нашымі краінамі, і яе практычную дзейнасць цяжка пераацаніць. У прыватнасці, выданне кніг у Беларусі і Расіі, пераклады твораў пісьменнікаў з беларускай на рускую мову і наадварот, удзел творцаў у «круглых сталах» па пытаннях міжнароднага літаратурнага жыцця, па правядзенні сумесных кніжных выстаў-ярмарак, арганізацыя і ажыццяўленне шматлікіх сумесных літаратурных праектаў, міжнародных маладзёжных форумаў. І, канешне, па асабістым творчым і сяброўскім пісьменніцкім кантактам.

Фота Андрэя Сазонава і Магілёўскага дзяржаўнага агралесатэхнічнага калежа імя К. П. Арлоўскага.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter