«Былi ў мяне мядзведзi»

У музеi гiсторыi Вялiкай Айчыннай адкрываецца выстаўка мiшак

У Беларускiм дзяржаўным музеi гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны адкрываецца выстаўка «Былi ў мяне мядзведзi», назву якой дала аднайменная аповесць Уладзiмiра Караткевiча.

Экспанаты — цацачныя мiшкi — збiралiся музейшчыкамi на працягу пяцi папярэднiх тыдняў, каб зрабiць адкрыццё выстаўкi прыемным падарункам мiнчанам i гасцям горада перад Калядамi i Новым годам. Прынесцi свайго касалапага на часовае захоўванне мог кожны жадаючы, а разам з iм — цiкавую i непаўторную гiсторыю пра свайго любiмца.

Як расказалi ў музеi, на выстаўцы сабрана больш як 600 мiшак: вялiкiх i малых, сур’ёзных i вясёлых, сучасных i старадаўнiх. Старэйшы з iх — сапраўдны мiшка Тэдзi 1913 года. Ёсць мiшкi фабрычнай вытворчасцi розных гадоў, а ёсць створаныя рукамi прафесiянальных аўтараў i аматарамi.

Мiж iншым плюшавым мiшкам прысвечаны больш як 20 музеяў свету, аўкцыён «Christie» перыядычна праводзiць таргi, на якiя выстаўляюцца толькi плюшавыя мiшкi, дзесяткi тысяч калекцыянераў збiраюць гэтыя папулярныя цацкi ў свае ўласныя калекцыi.

У Беларусi гэта першая выстаўка, прысвечаная мiшкам. Убачыць яе можна да 20 студзеня 2010 года.

На здымку: навуковы супрацоўнiк музея Святлана ПАПЛАЎСКАЯ (справа) прымае плюшавых мiшак у наведвальнiцы Фаiны ТРАЯН.

Фота: Аляксандр ДЗIДЗЕВIЧ, БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter