Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

500-годдзе беларускага кнігадрукавання адзначылі на Сусветным бібліятэчным ды інфармацыйным кангрэсе ў польскім Вроцлаве

Бярыце, чытайце!

У супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі цяпер — своеасаблівая жніўная, гарачая пара. Днямі ж мы атрымалі адтуль паведамленне, што 21 жніўня ў плыні Сусветнага бібліятэчнага ды інфармацыйнага кангрэса 83-й Генеральнай канферэнцыі ды асамблеі ІФЛА адбылася спецыяльная сесія, прысвечаная 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Тое было ў Публічнай бібліятэцы Ніжняй Сілезіі імя Т. Мікульскай горада Вроцлава.

Дарэчы, спецсесія “500-годдзе беларускага кнігадрукавання” — гэта ўвогуле першае такое мерапрыемства ў гісторыі штогадовага кангрэса. Ініцыявала і арганізавала сесію Беларусь. Гэта, як і ўключэнне юбілею ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА, пацвярджае значнасць спадчыны Францыска Скарыны для беларускай, усходнеславянскай і ў цэлым еўрапейскай культуры.

Адкрыў сесію дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. З вітальным словам да прысутных звярнуліся прэзідэнт ІФЛА Донна Шыдэр, іншыя аўтарытэтныя дзеячы бібліятэчнай справы з Расіі, Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі. Намеснік дырэктара НББ Алесь Суша выступіў з дакладам “Выданні Францыска Скарыны ў дзяржаўных і прыватных зборах Беларусі ды замежных краін”. З цікавасцю ўспрымаліся й даклады ягоных калег пра Скарынаўскія выданні ў фондах Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, у Польшчы. А дырэктар Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі мастацтваў Ада Калганава зрабіла даклад “Францыск Скарына як мастацкі вобраз”.

Раман Матульскі прэзентаваў міжнародны навуковы і выдавецкі праект па факсімільным узнаўленні кніжнай спадчыны Францыска Скарыны, распавёў пра гісторыю яго рэалізацыі. Ён уражвае: на працягу пяці гадоў (2013-17) выйшаў 21 том унікальнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”. Беларусы ўрачыста падарылі выданне Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы, бібліятэкам Вроцлаўскага і Ягелонскага ўніверсітэтаў. Удзельнікі сесіі ды калегі з Польшчы атрымалі запрашэнне на Міжнародны кангрэс “500 гадоў беларускага кнігадрукавання” і выставу “Францыск Скарына і яго эпоха”, якія пройдуць у Мінску ў верасні.

Голас Радзімы № 33 (3537), чацвер, 31 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter