Быў. Ёсць. Будзе

Сёння, 22 чэрвеня, роўна год , як сусветная і нацыянальная літаратура панеслі непапраўную страту — пайшоў з жыцця народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. Ёсць нешта сумна сімвалічнае ў гэтай даце: менавіта ваенныя падзеі сталі лёсавызначальнымі для яго жыццёвага і творчага шляху — пуцявінамі Вялікай Айчыннай Васіль Быкаў прайшоў праз Украіну, Венгрыю, Румынію, Аўстрыю, быў двойчы паранены, франтавая проза зрабіла яго вядомым далёка за межамі роднай краіны пісьменнікам. І менавіта дзень пачатку той жа вайны забраў яго з зямнога быцця. Вось ужо год, як Беларусь без Быкава. Але ён ёсць і будзе. Будзе весці гаворку з намі сваімі выдатнымі творамі “Альпійская балада”, “Трэцяя ракета”, “Сотнікаў”, “Абеліск”, “Знак бяды” і многімі іншымі, якія па праву належаць да лепшых узораў сучаснай беларускай прозы. Галоўнае – пачуць і адчуць у іх Быкава. З яго імкненнем перадаць праз мастацкае слова суровую праўду вайны, з яго абвостранай чалавечнасцю і патрабавальнасцю ў сцвярджэнні высокіх маральных прынцыпаў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter