Таццяна Мельман ганарыцца сваімі выпускнікамі, якія старанна працуюць на зямлі

Букет для дырэктара

Механізатарамі, жывёлаводамі, галоўнымі спецыялістамі сельскай гаспадаркі, настаўнікамі, медыкамі на Расоншчыне сталі  многія выхаванцы Клясціцкай сярэдняй школы, якую сямнаццаць гадоў узначальвае Таццяна МЕЛЬМАН. Яна сама атэстат сталасці таксама атрымлівала ў гэтай вясковай школе. Настаўнічаць пачала ў суседняй Сакалішчанскай васьмігодцы. Дбайнага арганізатара прыкмецілі ў раённым аддзеле адукацыі і прапанавалі ўзначаліць педагагічны калектыў, які калісьці выхоўваў яе. 


Вёска Клясціцы адна з першых на Расоншчыне атрымала статус аграгарадка, а сярэдняя школа за гады кіравання Таццянай Васільеўнай стала лепшай у раёне. Вясковы педагог адзначана ганаровымі граматамі Віцебскага аблвыканкама, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а ў 2012 годзе на Віцебшчыне яна прызнана “Чалавекам года”. 

За расонскай вёскай Роўнае Поле перад густым борам стаіць велічны помнік-абеліск партызанам брыгады імя Шчорса. Некалі ў яго адкрыцці прымаў удзел і Пётр Машэраў, які ў складзе гэтага злучэння змагаўся супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў. У мемарыял закладзена капсула-зварот да нашчадкаў, каб пільна сцераглі спакой на сваёй зямлі, баранілі яе ад ворагаў. На мармуровай пліце выбіты словы: “Нашчадкам. Ускрыць 9 мая 2045 года”. Пётр Міронавіч часта завітваў у гэтую лясную вёску да былых баявых сяброў. І тады вяскоўцы даручалі школьніцы Таццяне Шайтар кветкамі вітаць паважанага госця…

ДЗЯЎЧЫНКА са школьных гадоў марыла стаць педагогам.

— Мая першая настаўніца Кацярына Макараўна Фёдарава запаліла гэты агеньчык, — расказвае дырэктар Клясціцкай сярэдняй школы Таццяна Мельман. — Не толькі пісаць і чытаць вучыліся, але і да сялянскіх спраў прызвычайваліся з першага класа. На прышкольным агародзе вырошчвалі гародніну, кветкі, юнакі ў старэйшых класах вучыліся вадзіць трактар.

У школу дабіралася ажно за 12 кіламетраў рэйсавым аўтобусам, а ў зімовыя завеі і непагадзь бацька на трактары падвозіў. У моцныя маразы заставаліся ў школьным інтэрнаце.

— У час летніх канікулаў дапамагалі маці ў полі?

— Працавалі не пакладаючы рук. Палолі, убіралі ўраджай. Але думкі былі скіраваны толькі на вучобу ў педінстытуце. Захаплялі ўрокі роднай мовы і літаратуры, якія праводзіла Вольга Васільеўна Мацвеева. Краналі сэрца вершы класікаў, якія яна чытала на памяць. Вывучалі “Песню пра зубра” Міколы Гусоўскага, паэзію Максіма Танка, які, дарэчы, падпісаў ёй свой семітомнік. Для нас, вясковых дзяцей, гэта было дзіва. Калі я стала настаўніцай, то таксама дэманстравала вучням кніжкі, падпісаныя мне Янкам Брылём, Рыгорам Барадуліным і іншымі вядомымі літаратарамі, якіх інстытуцкі выкладчык Анатоль Канапелька запрашаў у студэнцкую аўдыторыю. Усё, што атрымала за гады вучобы ў Віцебскім педагагічным інстытуце імя Кірава, з першага дня настаўніцтва імкнуся аддаваць выхаванцам. Пастаянна папаўняю свой педагагічны багаж ведамі, бо спынішся — і даволі цяжка наганяць упушчанае. Радуюся поспехам сваіх вучняў. 

— Ці вяртаюцца вашы выпускнікі пасля вучобы ў родныя мясціны?

— Галоўным аграномам працуе Кацярына Шабалтас, механізатарамі Уладзімір Зуеў, які ваяваў у Афганістане і ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, Юрый Дземешаў, Аляксандр Ешчанка, браты Аляксандр і Юрый Барадулькіны, даяркай Людміла Пакатава. Яны раней закончылі сярэднюю школу, а выпускнікі апошніх гадоў як мага хутчэй ірвуцца пакінуць вёску. 

— Што так гоніць з родных мясцін?

— Побач Наваполацк і Полацк, дзе столькі спакус для маладых. Быў час, калі людзі імкнуліся працаваць на зямлі. Наша сям’я трымала дзве каровы, некалькі свіней. Іншыя яшчэ авечак, птушку розную гадавалі. Для моладзі ў вёсцы неабходны сацыяльна-бытавыя ўмовы і годны заробак. 

Праца на зямлі нялёгкая. Механізатар з ранняй вясны да позняй восені ў полі. Даярка на досвітку ўжо на ферме. Прыбяжыць пасля ранішняй дойкі дамоў, нешта паспее зрабіць — і на дзённую дойку. І так усё жыццё прывязаная да фермы. А калі з сям’ёю адпачываць, дзяцей выхоўваць? Яшчэ трэба нешта па гаспадарцы паспець зрабіць. Нядаўна ў Клясціцах было чатыры статка па 80 кароў, а цяпер толькі пяць галоў на ўсю вёску. 

— А вы хатнюю жывёлу трымаеце?

— Маем свайго каня. А калі ўзначаліла Клясціцкую сярэднюю школу, то акрамя ўсяго трэба было дбаць, чым накарміць зімою і школьнага каня.

— У колькі гадоў вы сталі дырэктарам?

— Пасля заканчэння Віцебскага педінстытута мяне накіравалі настаўніцай беларускай мовы і літаратуры на Расоншчыну. Праз год пайшла ў дэкрэт, а ў трыццаць гадоў ўзначаліла школу, у якой сама вучылася. 

— Замуж выйшлі ў студэнцтве?

— Мне маці ніколі б гэтага не дазволіла. Яны з бацькам зарэгістравалі свой шлюб праз 25 гадоў, калі адзначалі сярэбранае вяселле. Мяне выхоўвалі строга. З будучым мужам вучыліся ў адным класе. Сяргей Мельман закахаўся ў мяне. У шостым класе пераехаў жыць да бабулі ў Верхнядзвінскі раён. Сустрэліся зноў, калі ён адслужыў. З сяброўкаю Галяй Кухто пайшлі ў клуб, і там я яго сустрэла. У чэрвені атрымала дыплом настаўніка, а ў ліпені згулялі вяселле. 

Ён працаваў вадзіцелем у райсельгасхіміі. Пасля вяселля пайшлі жыць да маіх бацькоў у Роўнае Поле, а потым пераехалі да яго. Вясною атрымалі пакой у інтэрнаце райсельгасхіміі. Нарадзілася дачушка. Волечка падрастала, і я праз год з дэкрэта выйшла на працу. Тры суседкі ў інтэрнаце ў адзін час нарадзілі дзяцей і глядзелі па чарзе. Дапамагала выхоўваць дзяўчынку і бабуля мужа. Мяне захапляла праца ў школе, а муж стаў выпіваць. Наш шлюб распаўся. Жывём у адной вёсцы. Пры сустрэчы вітаемся. Дачка ў Расонах працуе ў лясгасе. Чатыры гадкі ўнуку Аляксейку. У мяне ўжо дванаццаты год новая сям’я. Муж кіруе суседняй гаспадаркай і дапамагае нашай школе. 

— У Клясціцах ёсць каму сёлета ў школу ісці?

— Атэстаты сталасці атрымалі восем выпускнікоў, а ў першы клас прыйдзе больш за дзесяць. Так што пачынаем прырастаць школьнікамі. І гэта радуе. Вучняў у нас крыху болей за сотню. На жаль, колькасць іх пастаянна змяншаецца. Калі я прыйшла працаваць, было амаль 250. У суседніх вёсках закрылі 2 пачатковыя і 2 базавыя школы. У нас і ў дзіцячым садзіку паўсотні выхаванцаў. Ёсць надзея, што дэмаграфічную яму мінулі. Настаўніцкі калектыў высокакваліфікаваны. Сённяшнія маладыя вясковыя педагогі нічым не адрозніваюцца ад гарадскіх. У нас з 20 настаўнікаў 9 – выпускнікі гэтай школы.

— Што значыць шчасце вясковага настаўніка?

— Гэта калі ў выхаванцаў і ў калектыве ўсё добра. А ўвогуле шчасце, калі твае родныя і блізкія здаровыя. 

— Ваша самае памятнае 1 верасня?

— Мой першы працоўны дзень. Магу і цяпер раскласці па палічках. Трымцела ад страху. Не думала, што апрануць, а клапацілася, што буду гаварыць. 

— ...І самы любімы вучань?

— На ўроку беларускай літаратуры разбіралі вобразы Ганны Чарнушкі і Хадоські з рамана Івана Мележа “Людзі на балоце”. І вось тут раптам уразіў Алёша Лукашонак. Ён слаба вучыўся, дыктанты пісаў няграматна. Але ён так пранікся літаратурным вобразам, так захапляльна раскрыў яго і перадаў пачуцці палескай гераіні, што ўвесь клас сядзеў зачараваны. А я адкрыла ў ціхім вучні багатага чалавека. Пасля школы Аляксей закончыў Беларускую ваенную акадэмію і цяпер служыць у Мінску. Яшчэ пяцёра яго аднакласнікаў сталі настаўнікамі.

Праз кожныя пяць гадоў сустракаюцца. Летась збіраліся, і Алёша з кветкамі падышоў да мяне, каб уручыць іх як класнаму кіраўніку. Сказала, што, пэўна, ён памыліўся, таму што я не была іх класным кіраўніком. А ён уручае мне букет. Гэта самае ўдзячнае, што ёсць у прафесіі настаўніка, дзеля такіх хвілін і варта працаваць.

 — Бацькі вясковых школьнікаў звычайна надта занятыя. Як падтрымліваеце адносіны?

— Важна, каб яны верылі ў настаўніка і дзяцей. Тады ўсё атрымаецца.

— Вясковыя дзеці асаблівыя?

— Часам чую ад тэхнічных работнікаў у школе, што дзеці на перапынках шумныя. Дык узгадайце, якімі самі былі. Вясковыя дзеці даверлівыя і шчырыя. А ўвогуле школьнікі ўсе аднолькавыя, важна, хто іх выхоўвае. Больш імкнёмся прывучыць іх да працы, каб было каму працягваць хлебаробскую справу.

— Пры сельскіх школах звычайна ёсць прысядзібныя ўчасткі. А ў вас?

— Дзве цяпліцы маем, гародніну вырошчваем. Яшчэ ні ў кога іх не было, а ў нас з’явіліся. У раёне створана грамадскае аб’яднанне жанчын “Сялянка”, а ў школе ёсць яго ячэйка, якую ўзначальвае гаспадыня аграсядзібы Ала Хорань. Яна і прапанавала скласці бізнес-план. Па лініі ПРААН атрымалі сродкі на набыццё цяпліц. У школе выступаў 72-гадовы канадзец Дэвід Пінкхэм з лекцыяй па земляробству. Ён тыдзень жыў у Клясціцах і вучыў, як на невялікім лапіку зямлі мець багаты ўраджай. Не раіў для вытворчасці экалагічна чыстых прадуктаў прымяняць нават арганіку, таму што ў ёй шмат солі. Каб глеба добра радзіла, варта з-пад хваіны прынесці жменьку перагною і пакласці яго на кампост. У гэтай лясной жменьцы перагною столькі ўсялякіх жучкоў і казявак, якія будуць перапрацоўваць глебу і рабіць урадлівай. Раіў садзіць густа расліны, каб не было месца пустазеллю. 

Акрамя цудоўна апрацаванага агарода, ганарымся сваім музеем баявой славы, прысвечаным войнам 1812 і 1941—45 гадоў. Па-сучаснаму абсталявалі вучэбныя кабінеты. Нашы выхаванцы не горш за гарадскіх маюць магчымасць развівацца. Усім калектывам рыхтуемся да юбілею слыннага земляка Францыска Скарыны, словы якога ўпрыгожваюць кабінет роднай мовы і літаратуры: “Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў!”

Уладзімір СУБАТ

Расонскі раён 

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter