Будзе летнік – быццам казка. Пачакайце, калі ласка...

ВОСЬ-ВОСЬ лета пакліча хлопчыкаў і дзяўчынак у аздараўленчыя лагеры. Зараз тут актыўна рыхтуюцца да прыёму доўгачаканых юных гасцей, а ў некаторыя ўстановы дзятва можа збірацца хоць сёння. Пабываўшы ў трох летніх аздараўленчых лагерах у Кобрынскім, Драгічынскім і Іванаўскім раёнах , карэспандэнт «БН» упэўніўся, што сезон адпачынку пачнецца без спазненняў. І ў кожным з летнікаў будзе ўтульней, чым у мінулыя гады.

Карэспандэнт «Белорусской нивы» сумесна са спецыялістамі кантралюючых службаў праверыў, як падрыхтаваны дзіцячыя аздараўленчыя лагеры Брэстчыны да летняга сезона

ВОСЬ-ВОСЬ лета пакліча хлопчыкаў і дзяўчынак у аздараўленчыя лагеры. Зараз тут актыўна рыхтуюцца да прыёму доўгачаканых юных гасцей, а ў некаторыя ўстановы дзятва можа збірацца хоць сёння. Пабываўшы ў трох летніх аздараўленчых лагерах у Кобрынскім, Драгічынскім і Іванаўскім раёнах , карэспандэнт «БН» упэўніўся, што сезон адпачынку пачнецца без спазненняў. І ў кожным з летнікаў будзе ўтульней, чым у мінулыя гады.

Пакоі рамантуюць, а дах цячэ…

Яшчэ на пад’ездзе ў дзіцячы аздараўленчы лагер «Хваля», што  на Кобрыншчыне, заўважаю, што да прыёму хлопчыкаў і дзяўчынак тут рыхтуюцца старанна. На асфальтоўцы, якая пятляе паміж лесу, няма ніводнай яміны. Дарога адрамантавана, а ў самім лагеры кіпіць работа. Не так даўно з-за дрэннага стану будынкаў яго ўвогуле збіраліся закрыць. Цяпер жа такая перспектыва ўтульнаму летніку, размешчанаму на беразе маляўнічага возера за вёскай Дзівін, ужо не паграджае. Праўда, і зроблена для гэтага шмат чаго. За час падрыхтоўкі да аздараўленчага сезона бягучага года на рамонце будынкаў і добраўпарадкаванні тэрыторыі асвоена звыш 2 мільярдаў рублёў. Яшчэ 240 мільёнаў паступіла пасля рэспубліканскага суботніка, які прайшоў сёлета ў красавіку. На гэтыя грошы ў аздараўленчым лагеры цалкам адрамантавалі тры карпусы, у якіх будзе размяшчацца дзятва. У астатніх трох аднаўленчыя работы таксама вядуцца, прычым будаўнікі працуюць амаль у кожным пакоі.

Спецыялістаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці, абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, супрацоўнікаў МНС і іншых службаў у лагеры не чакалі, бо аб праверцы загадзя ніхто не папярэджваў. Галоўны спецыяліст Камітэта дзяржкантролю вобласці Віталь Пячко паведаміў, што мэта маніторынгу — выявіць нявырашаныя праблемы і пасадзейнічаць, каб дзіцячыя аздараўленчыя лагеры былі цалкам гатовы ў тэрмін прыняць юных наведвальнікаў.

На тэрыторыі «Хвалі» праца спорылася паўсюдна. Адзін з работнікаў будаўнічай арганізацыі, занятай на рамонце карпусоў, расказаў, што цяпер тут назіраецца сапраўдны аўрал, прычым з самага пачатку вясны. Рамантуюцца дахі, якія ў многіх месцах працякалі, ажыццяўляецца касметычны рамонт, на падлогу ўкладваецца плітка, фарбуюцца сцены і столь, устанаўліваецца новая мэбля, у памяшканнях ствараецца сучасны інтэр’ер. Праўда, не на ўсіх будынках дахі адрамантаваны цалкам, зроблены адлівы. Гэта не дае гарантыі, што падчас моцных ліўняў вада не падтопіць адрамантаваныя плошчы. Таму ў бліжэйшыя дні ў летніку трэба аднавіць усе дахі, закончыць добраўпарадкаванне тэрыторыі. Часу засталося зусім мала, а работы яшчэ вельмі шмат.

Па словах дырэктара дзіцячага аздараўленчага лагера «Хваля» Вячаслава Ходзіна, першая змена пачнецца 2 чэрвеня. Летам тут будзе працаваць чатыры змены, у кожную з іх адпачнуць 240 хлопчыкаў і дзяўчынак. Праблем з абслугоўваючым персаналам няма. Галоўнае на цяперашні момант — аператыўна ліквідаваць усе недахопы, якія выявілі супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю і іншых службаў.

«Брыганціна» не апусціла ветразі

Гадоў 7—8 назад гэткі ж незайздросны лёс чакаў і дзіцячы аздараўленчы лагер «Брыганціна» ў Іванаўскім раёне. Дзякуючы асабістай ініцыятыве старшыні Іванаўскага райвыканкама Юрыя Бісуна, аб’ект, што знаходзіўся ў занядбаным стане, зрабілі ўтульным і сучасным. Вось ужо 5 гадоў ім загадвае Сцяпан Мінюк, які доўгі час працаваў дырэктарам адной з сярэдніх школ райцэнтра. Калі наведваеш лагер, ствараецца ўражанне, што ён пабудаваны зусім нядаўна. Яркімі фарбамі блішчаць малыя архітэктурныя элементы, вабяць казачным выглядам альтанкі і зграбныя домікі, дзе будуць жыць юныя наведвальнікі. У пакоях ёсць кандыцыянеры, завезена новая мэбля. Да пачатку бягучага аздараўленчага сезона капітальна адрамантавана сталовая. Сучасны выгляд набыла і амбулаторыя, пабудаваная ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. У параўнанні з «Хваляй» «Брыганціна» падрыхтавана да прыёму дзяцей лепш. Гэта заўважаецца з першага погляду, а прычына, як кажуць, ляжыць на паверхні. У летнік штогадова сістэматычна ўкладваліся значныя сродкі, што стала ўжо добрай традыцыяй. Прымаць гасцей тут можна хоць заўтра. Скончыць дробязныя недапрацоўкі, убраць смецце, якое дзе-нідзе засталося пасля будаўнічых работ, расставіць мэблю ў сталоўцы, і — калі ласка, шаноўныя госці, заязджайце!

Усяго ў летніку плануюць аздаравіць больш за 470 дзяцей. У першую чаргу ўвага будзе нададзена патрэбам свайго раёна.

Сцяпан Мінюк расказвае, што на наступны год ужо запланаваны чарговыя абнаўленні. Над размешчанай у цэнтры лагера пляцоўкай, дзе адбываюцца канцэрты, сходы, дыскатэкі, трэба будзе ўстанавіць дах, абнавіць некаторыя альтанкі. Работы пачнуцца пасля таго, як апошняя змена дзяцей ў бягучым годзе пакіне лагер. А пакуль тут гатовы на працягу ўсяго лета дарыць хлопчыкам і дзяўчынкам радасць цікавага адпачынку і незабыўныя ўражанні.

Прайшоўшы па тэрыторыі «Брыганціны», звярнуў увагу на яшчэ адзін аб’ект, які патрабуе рэканструкцыі ці нават новай будоўлі. Санвузел у летніку знаходзіцца ў неблагім стане. Усё чысцютка, драўляныя кабінкі ўнутры цаглянага будынка пабелены, прадэзынфіцыраваны і адпавядаюць усім санітарным нормам. Аднак пабелка чапляецца да адзення. На момант уявіў сабе, як сюды будуць заходзіць дзеці, і ці не выберуць яны замест туалета прылягаючую тэрыторыю. Мяркую, на гэтую акалічнасць трэба звярнуць увагу адміністрацыі аздараўленчага лагера.

Прыгажосці ля вёскі Ляжыткавічы

Па дарозе ў дзіцячы аздараўленчы лагер «Вінч», што схаваўся ў густых лясах за вёскай Ляжыткавічы Драгічынскага раёна, ніяк не мог зразумець, у чым сэнс гэтай назвы. Аднак калі пагутарыў з дырэктарам установы Аляксеем Зорыным, усё стала зразумела. Аляксей Сцяпанавіч дасканала ведае гісторыю гэтых мясцін і расказаў, што калісьці тут знаходзілася панская сядзіба, якая так і называлася — Вінч. Таму такую назву было вырашана пакінуць і за летнікам. Аддзелу адукацыі Драгічынскага райвыканкама ён дастаўся ў спадчыну ад мясцовага калгаса. Драўляныя казачныя домікі, прыгожыя алеі, «елкі ў пары з хваіною». Усё гэта, верагодна, адышло б у нябыт, калі б кожны год раён не выдаткоўваў значныя сродкі на падтрыманне лагера ў належным стане і яго рэканструкцыю. Сёлета, напрыклад, адрамантавалі сталовую, устанавілі шклопакеты, закупілі сучаснае абсталяванне і мэблю. Пафарбавалі драўляныя домікі, у якіх будзе жыць дзятва. Помню, дваццаць гадоў таму, калі сам працаваў выхавальнікам у цяпер не існуючым летніку «Зубраня» Брэсцкага раёна, там былі амаль такія ж умовы, такі ж маляўнічы пейзаж і казачныя хаткі. Адзіным іх недахопам з’яўлялася вільгаць і прахалода ў дажджлівае надвор’е, але ў «Вінчы», як давялося ўпэўніцца, яе вырашылі, устанавіўшы кандыцыянеры. А якую ўтульнасць стварылі ў памяшканнях! Шчыра кажучы, па-добраму зайздрошчу хлопчыкам і дзяўчынкам, якія будуць адпачываць тут.

Пад сонцам зелянее свежаскошаная траўка, на лазовай агароджы, на фоне мініяцюрнага, бярвенчатага доміка прывабліваюць вока гарлачыкі. Так і запрашае зазірнуць пад свой дах танцавальная пляцоўка з прыгожым драўляным мастком. Прапаноўваюць схавацца ад спякотнага сонца ў цяньку высокія дрэвы.

Мажліва, па ўзроўню абсталявання гэты невялічкі летнік (у адну змену ў ім будуць адпачываць 63 чалавека) нечым і саступае сучасным лагерам, аднак па ўражаннях, якія ён падорыць дзятве, напэўна, апынецца на самым ганаровым месцы. Пагутарыўшы ўсяго некалькі хвілін з Аляксеем Зорыным, адчуў, што разам са сваімі супрацоўнікамі ён укладвае ўсю душу ў абраную справу. А яшчэ падумаў: як добра, што такую прыгажосць ля вёскі Ляжыткавічы старанныя людзі здолелі зберагчы.

Аляксандр КУРЭЦ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter