Браты па зброі

15 лютага — Дзень вываду савецкіх войск з Афганістана, Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаўЁн патэлефанаваў мне нечакана.— Прывітанне, шураві! Як справы, як здароўе? — з усходнім акцэнтам загаварыў Грыша Хімічоў. — Я вось зноў у Віцебску ў таты… Буду рады, калі зможаш пад’ехаць: шашлык-машлык есці будзем, чай піць, доўга гаварыць будзем… Нашае ж свята, брат!..
Рыгор Хімічоў (злева) у Афганістане15 лютага — Дзень вываду савецкіх войск з Афганістана, Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў
Ён патэлефанаваў мне нечакана.
— Прывітанне, шураві! Як справы, як здароўе? — з усходнім акцэнтам загаварыў Грыша Хімічоў. — Я вось зноў у Віцебску ў таты… Буду рады, калі зможаш пад’ехаць: шашлык-машлык есці будзем, чай піць, доўга гаварыць будзем… Нашае ж свята, брат!..
Мне так прыемна пачуць яго. Значыць, жывы і здаровы. А вось усходні акцэнт майго аднакашніка па Цюменскім ваенна-інжынерным камандным вучылішчы — гэта, як гаворыцца, элемент гумару. На самой жа справе ветэран афганскай вайны, кавалер двух ордэнаў Чырвонай Зоркі і ордэна Аляксандра Неўскага 2-й ступені гвардыі капітан Рыгор Хімічоў — чыстай вады беларус. Бацькі яго, як і сам ён, родам з Віцебшчыны.
Так сталася, што воляю вайсковага лёсу, пасля двух гадоў балансавання паміж жыццём і смерцю ў Афганістане, сябар мой апынуўся ў Прыбалтыйскай ваеннай акрузе, у Юрмале. У канцы 80-х Грыша быў упэўнены, што зрабіў правільны выбар. І сапраўды, глянуць па карце, дык ад Латвіі да Віцебшчыны — вяслом, як кажуць, махнуць! Праз Браслаўскія азёры пераплыў — і ўжо родная старонка. Але ў 1991-м паміж Латвіяй і Беларуссю “намалявалася” дзяржаўная мяжа з пагранзаставамі, мытнымі пастамі ды іншымі атрыбутамі дзяржсуверэнітэту. А з 2004-га, калі Латвія ўвайшла ў Еўрасаюз, беларус, ветэран Афгана Рыгор Хімічоў, маючы радню ў Віцебску, раптам ператварыўся ў замежніка. Цяпер каб прыехаць на Бацькаўшчыну, пабачыцца са сваякамі і аднапалчанамі — патрэбна віза. А шкада, што не можам, як раней, праехацца ў Вільнюс, папіць кавы, пабадзяцца па старым горадзе. Ці паехаць у Юрмалу на выхадныя, дзе, дарэчы, мой сябар Агрыс Дакша днямі матаецца на сваім патрэпаным жыццём мінівэне паміж прыбярэжнымі рэстаранамі, каб зарабіць капейку, дакладней літ. Грыша не знаёмы з Агрысам, але абодва яны — мае сябры, пра якія я ніколі не забываю. А бацька Агрыса, ведаю, служыў у 70-х у Беларусі, з настальгіяй успамінае Вілейку.
Вось так мы ўсе і паяднаны па жыцці — і адначасова падзеленыя шлагбаўмамі ды “нічыйнай паласой”. Эх, калі б аднойчы нам дазволілі прыватызаваць па кавалачку гэтай “паласы”… Зрабіў бы варотцы і хадзіў у госці да сяброў з Еўрасаюза. І хай бы палітыкі сядзелі ў сваіх крэслах, вырашаючы лёсы свету: мы будзем для іх толькі прыкладам таго, як можна (і трэба) сябраваць. Мы, афганцы з Беларусі, ціха б, як мышкі, праслізгвалі праз нашу брамку, каб схадзіць у лазню з беларускім афганцам з Латвіі Грышам Хімічовым, карэнным латышом Агрысам Дакшам. А, прывітанне яшчэ і беларусу “латышскага разліву” Сашку Панцялейку! Добра было б успомніць пад чарку “фанты-шураві”, як “парыліся” мы ў такой да болю памятнай маладосці нашай у адных акопах — пад Кандагарам, Гератам, Баграмам...
Вы чуеце “Голас Радзімы”, мае дарагія афганцы? Ці чуеце, дарагія бацькі, сёстры, малодшыя браты і матулі, якім не давялося дачакацца светлага дня сустрэчы?... Са святам вас усіх, сябры!

Яўген Дарэнскі

На здымку:
Рыгор Хімічоў (злева) у Афганістане
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter