Божае Нараджэнне — свята веры

Пастырскае Пасланне арцыбiскупа Тадэвуша Кандрусевiча на Божае Нараджэнне 2012 г.

Пастырскае Пасланне арцыбiскупа Тадэвуша Кандрусевiча на Божае Нараджэнне 2012 г.


«Абвяшчаю вам вялiкую радасць: нарадзiўся сёння Збаўца, якiм ёсць Хрыстус Пан»

(Пар. Лк 2, 10-11).


Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты i сёстры!


Гэтымi словамi Евангелля ад усяго сэрца вiтаю вас у радаснае i збаўчае свята Божага Нараджэння, свята нашай хрысцiянскай веры, свята, якое з’яўляецца адным з найбольш славутых i любiмых ва ўсiм свеце. У касцёлах яслi з Немаўляткам, Марыяй, Юзафам i хатнiмi жывёламi. Над яслямi мiгацiць Бэтлеемская зорка, заклiкаючы iх наведаць. У дамах упрыгожаныя ёлкi з падарункамi пад iмi. Вясёлыя i прыгожыя калядкi i цiхая мелодыя Божага Нараджэння. Усё гэта зачароўвае i напаўняе чалавека радасцю i супакоем. Усе мы, нягледзячы на наш узрост i пасаду, у гэтае свята становiмся падобнымi да дзяцей, якiя асаблiва яго любяць.


Але цi вонкавая прыгажосць гэтага свята на самой справе адгукаецца рэхам рэальнай падзеi, якая павiнна мець месца ў нашых душах? Радасць i супакой Божага Нарадження — гэта толькi вонкавае выражэнне святочнага настрою цi сапраўднае праяўленне актуальнай падзеi нараджэння Збаўцы Яго ласкай у нашых сэрцах? Божае Нараджэнне — гэта свята рэлiгiйнае цi толькi традыцыйнае? Такiя i падобныя пытаннi мы павiнны задаваць сабе сёння, калi свет перажывае крызiс веры i калi цунамi секулярызму з традыцыйна хрысцiянскiх краiн чынiць духоўную пустыню.


Год веры, якi мы адзначаем, заклiкае нас глядзець на ўсё вачыма веры. Таму ў яе святле адносна свята Божага Нараджэння можа быць толькi адзiн адказ — гэта боска–чалавечае свята. Нягледзячы на ўсё тое, што нам найбольш падабаецца ў свяце Божага Нараджэння, яно тым не менш з’яўляецца рэальнасцю i павiнна быць часткай нашага жыцця. Бо хрысцiянства, як навучае папа Бэнэдыкт XVI, — гэта не этычны выбар цi нейкая вялiкая iдэя, але спатканне з Хрыстом, якi надае жыццю новую перспектыву (пар. DCE 1). Таму хрысцiянская вера адносiцца да асобы Езуса Хрыста i праяўляецца ў асабiстых адносiных з Iм, якi праз таямнiцу ўцелаўлення Бога прыходзiць да нас.


У цэнтры свята Божага Нараджэння знаходзiцца Немаўлятка Езус — уцелаўлёны Сын Божы, — i ўсё павiнна канцэнтравацца вакол Яго. Сутнасць Божага Нараджэння ў тым, што Бог прыйшоў у гэты свет у вобразе чалавека i перамянiў духоўную цемру ў святло Евангелля. Праз гэтае свята падзея, якая адбылася больш за 2000 гадоў таму ў Бэтлееме, павiнна стаць рэальнасцю у нашых сэрцах i заставацца там, каб праз веру ў таямнiцу ўцелаўлення Бога сфармаваць новы погляд на жыццё.


Калi б мы глядзелi на Нараджэнне Езуса толькi з бiялагiчнага пункту гледжання, то яму трэба было б адрасаваць словы Ёва са Старога Запавету: «Чалавек, народжаны жанчынай, недаўгавечны i перапоўнены журботамi: нiбы кветка, ён выходзiць i ападае; уцякае, як цень, i не спыняецца» (Ёв 14, 1–2). Гэта азначае, што ў такiм выпадку Божае Нараджэнне не значыла б больш, чым вузенькi прамень святла, якi з’яўляецца i адразу знiкае. Тады абяцанае Богам святло жыцця было б толькi iлюзiяй.


Аднак калi мы з верай святкуем Божае Нараджэнне, то разумеем, што гэтая падзея ўвайшла ў свет i ў кожнага з нас, што яна змяняе свет i нас. Гэта падзея з’яўляецца мэтай усяго стварэння, якое сваё спаўненне знайшло ў Хрысце, як цэнтры гiсторыi чалавецтва. Гэтая падзея змянiла прыказку, якая кажа, што пад сонцам няма нiчога новага. Гэта падзея, дзякуючы якой ноч цяжкасцяў нашага жыцця перамянiлася ў святую ноч, бо ў яе ўвайшоў Пан усяго стварэння.


Дзякуючы таму, што Бог стаў чалавекам, змянiўся свет i змянiлася чалавечае жыццё, бо Ён увайшоў у iх. Яго лёс пераплёўся з нашым. Уцелаўлёны Сын Божы не атрымаў нiякiх прывiлеяў. Замест iх прыняў на сябе нашыя цяжкасцi i цярпеннi. Бязмежнасць Бога ў Хрысце прыняла чалавечыя абмежаваннi.


Праз сваё ўцелаўленне Бог прамовiў да чалавека найбольш прыгожымi словамi: «Я люблю цябе, люблю гэты свет, люблю ўсё чалавецтва!» Гэтая любоў патрабуе адказу з боку чалавека. Пры гэтым Бог нiкога не змушае гэтага чынiць. Бог дае чалавеку магчымасць сказаць «так» цi «не».


Дзякуючы ўваходу Бога ў жыццё чалавека гэты свет змянiўся i працягвае змяняцца, бо ў iм ёсць прысутны ў чалавечым вобразе Бог, якi не дазваляе, каб нашыя цяжкасцi былi большымi, чым Яго, i дае сiлы iх перамагчы. Гэтым самым Ён пацвярджае, што ноч гэтага свету скончылася i настаў доўгачаканы дзень.


На жаль, нашыя сэрцы не заўсёды хочуць прызнаць гэты факт. У вынiку чаго паранак Божага Нараджэння не свiтае ў нашым жыццi. Iмкненне ж да грахоўных задавальненняў з’яўляецца толькi пацвярджэннем неразумення неабходнасцi прысутнасцi Божага Нараджэння ў нашым жыццi.


Трэба зразумець таксама i тое, што Божае Нараджэнне — гэта не сентыментальнасць, не паэзiя i не дзiцячы рамантызм, але вера, якая збаўляе чалавека; вера ў тое, што Бог стаў чалавекам для нас i для нашага збаўлення i сваёй крыжовай смерцю i ўваскрасеннем сказаў апошняе слова ў драме гiсторыi гэтага свету.


А як з намi? Цi свята Божага Нараджэння з’яўляецца святам глыбокай веры? А можа, яно — гэта толькi прыгожая традыцыя?


Асаблiвае значэнне ў развiццi традыцый i паглыбленнi сэнсу Божага Нараджэння належыць святому Францiшку Асiзскаму, якi наглядным чынам у яслях паказаў праўду безабароннай i бязмежнай любовi Бога, Яго пакору i дабрыню, якiя вучаць нас новай форме жыцця i любовi, дзякуючы якой Бог стаў адным з нас — Эмануэлем.


Папа Бэнэдыкт XVI, у той час кардынал Ёзаф Ратцынгер, казаў, што хто не зразумеў таямнiцы Божага Нараджэння, той не зразумее сутнасцi хрысцiянства. Хто яго не прыняў, не можа ўвайсцi ў Нябеснае Валадарства. Аб гэтым хацеў прыгадаць свету святы Францiшак Асiзскi (пар. J. Ratzinger, Der Gott Jezu Christi, Munchen 1976, s. 57–61: BBN, s. 44).


Менавiта ён арганiзаваў першыя жывыя яслi, дзе знаходзiлiся хатнiя жывёлы, сярод якiх былi вол i асёл. Адкуль яны там узялiся, калi пра iх не ўспамiнае евангельскi аповед аб нараджэннi Хрыста? Да iх вядзе вера Касцёла. Ужо прарок Iсая казаў: «Вол ведае свайго ўладальнiка i асёл — жолаб гаспадара свайго; але Iзраэль не ведае, Мой народ не разумее» (Iс 1, 3). Кардынал Ёзаф Ратцынгер падкрэслiвае, што Айцы Касцёла ў гэтых словах бачылi прароцтва, якое ўказвае на новы Божы народ, якi складаецца з выбранага народу i язычнiкаў. Перад Нараджэннем Хрыста людзi не разумелi сэнсу гэтага прароцтва, але Немаўлятка Езус, якое знаходзiлася ў яслях, адкрыла iм вочы, так, што ў простых яслях яны разпазналi свайго Пана (пар. BBN, s. 45).


А мы? Цi раcпазнаём мы?


Жывёлы пазнаюць Бога, а Мой народ не, — кажа прарок Iсая (пар. Iс 1, 3). Гэтыя словы актуальныя i ў наш час. Хто сёння не разумее i не прымае Бога? Як i па чым можна распазнаць Яго? Чаму вельмi часта здараецца так, што людзi простага i чыстага сэрца пазнаюць Бога i жывуць Яго праўдай, а занадта разумныя — знаходзяцца далёка ад Яго?


Каб адказаць на гэтае пытанне, неабходна вярнуцца да сцэны Божага Нараджэння, якую прадстаўляе нам Евангелле. Хто пазнаў прыйсце Пана, а хто не? I чаму так сталася?


Да тых, хто не пазнаў прыйсця Збаўцы ў свет, належыць Iрад. Нават калi мудрацы з Усходу распавялi яму аб гэтай гiстарычнай падзеi, ён у сваёй духоўнай слепаце, боязi згубiць уладу i манii пераследу не пазнаў Яго (пар. Мц 2, 3). Да iх належыць i ўвесь Ерузалем, належаць апранутыя ў мяккiя адзеннi знатныя асобы (пар. Мц 11, 8) — гэта азначае тыя, якiя клапоцяцца выключна аб сваiм багаццi; належаць кнiжнiкi i фарысеi, якiя добра ведалi Божую праўду, але ёю не жылi (пар. Лк 20, 46).


Тыя ж, хто Яго распазнаў, былi простымi пастушкамi з чыстым сэрцам i шукаючымi праўды мудрацамi з Усходу.


А як ёсць з намi? Можа, мы знаходзiмся далёка ад ясляў, бо лiчым сябе асаблiвымi i самадастатковымi? Можа, нашая адукацыя i ганарлiвасць не дазваляюць нам наблiзiцца да ясляў i пакланiцца нованароджанаму Збаўцу? Можа, сучасныя ўплывы секулярызму i лiбералiзму, жыццё так, як быццам Бога зусiм няма, дух спажывальнiцтва, матэрыялiзму i прапаганда iдэi першынства мець над быць, недахоп духоўнай свабоды, якая ёсць падмуркам кожнай iншай свабоды, вера толькi ў тое, што бачна i што можа даказаць навука, адмаўленне ад духоўнасцi, памяншэнне годнасцi чалавечай асобы i сям’i як адзiнага i непарушнага саюзу мужчыны i жанчыны, рознага роду залежнасцi, высокая пасада i г.д. не дазваляюць нам з пакорай стаць перад яслямi i задумацца над таямнiцай уцелаўлення Бога, якая змянiла свет, каб з верай яе прыняць?


А можа, мы згубiлiся ў сучасных лiберальных i нязгодных з духам Касцёла iнтэрпрэтацыях Святога Пiсання, у доказах аўтэнтычнасцi гiстарычнага месца i часу Нараджэння Збаўцы, так, што ўжо не можам нi ўбачыць, нi пачуць Немаўлятка Езус?


У сучасным свеце вельмi шмат гаворыцца пра правы чалавека i пра iх парушэнне. Гэтаму няма чага дзiвiцца, бо там, дзе губляецца вера i сэнс Божай годнасцi, не захоўваецца таксама i годнасць чалавека. Сваiм уцелаўленнем Бог вярнуў грэшнаму чалавеку яго годнасць як створанага па вобразу i падабенству Божаму (пар. Быц 1, 27), што надае святу Божага Нараджэння яшчэ большае i нязменнае значэнне.


Пасля Кастрычнiцкай рэвалюцыi 1917 г. паўсюль з’явiлася шмат плакатаў з надпiсам: «Рэлiгiя — опiум для народу». Аднойчы адзiн веруючы чалавек сеў у брычку i папрасiў адвезцi яго дамоў. Па дарозе яны сустрэлi вялiкi плакат з такiм надпiсам. Фурман прачытаў яго i сказаў: «Якая выдатная думка! Вось я захварэў i пайшоў да лекара, якi мне даў крыху опiуму, i ўсё прайшло. Таксама i з рэлiгiяй. Калi жыццё становiцца нязносным, неабходна памалiцца, i на душы стане лягчэй». Напэўна, такой трактоўкай не былi б задаволены тыя, якiя ў часы ганенняў прапагандавалi думку аб рэлiгii як опiуме для народу. А што сказаў бы Карл Маркс — аўтар гэтага слогану?


Людзi опiумам цi iншымi наркотыкамi стараюцца зняць стрэсы, забыцца, адысцi ад сваiх клопатаў i г.д. Гэтым, аднак, яны не вырашаюць праблемы, а толькi нiшчаць самiх сябе. Фурман з гэтага аповеду гаварыў, што дзякуючы малiтве чалавек знаходзiць супакой у цяжкай сiтуацыi, але не казаў, што малiтва разбурае яго жыццё.


Глыбокапаважаныя браты i сёстры!


Сёння мы святкуем прыйсце Бога ў свет, каб яго асвяцiць i даць нам вечнае жыццё. Гэтая падзея, якая адбылася больш за 2000 гадоў таму, адбываецца i ў наш час i завершыцца другiм прыйсцем Хрыста напрыканцы часоў. Хрысцiянства — гэта сустрэча з асобай, з Богачалавекам, вера ў якога з’яўляецца фундаментам нашага аптымiзму. Дзякуючы свайму ўцелаўленню Бог напаўняе сабой нашае жыццё. Таму Нараджэнне Хрыста — гэта праўда нашай веры. Мы павiнны яе вызнаваць усё наша жыццё, каб яно стала нашым Бэтлеемам, каб праз нас Бог быў прысутны на зямлi.


Божае Нараджэнне, будучы бясцэнным дарам, адначасова з’яўляецца i заданнем. Самай вялiкай трагедыяй будзе тое, калi ў мiтуснi сучаснага свету мы не ўбачым нованароджанага Збаўцу i не дазволiм Яму ўвайсцi да нас, каб нас перамянiць. Няхай жа Бог дае нам прастату сэрца i iмкненне да пазнання праўды, каб вачыма веры мы маглi ў Немаўляцi, якое знаходзiцца ў яслях, убачыць бязмежнага Бога, якi ў чалавечым целе прыйшоў у гэты свет, каб сваёй прысутнасцю яго змянiць. Тады мы вернемся да нашых дамоў з узмоцненай верай i з радасцю праслаўляючы Бога за ўсё, што чулi i бачылi (пар. Лк 2, 20).


Са святам, дарагiя!


Вiншую католiкаў i тых хрысцiян, якiя сёння адзначаюць Нараджэнне Хрыста. Вiншую праваслаўных, якiя перажываюць пост i рыхтуюць дарогу прыходзячаму Збаўцу. Праўда аб уцелаўленнi Бога павiнна аб’ядноўваць нас у веры i змаганнях дзеля яе чысцiнi, захавання хрысцiянскiх каранёў, будавання жыцця на духоўных каштоўнасцях, што з’яўляецца нашым самым вялiкiм i актуальным заданнем у час крызiсу веры.


Вiншую ўсiх людзей добрай волi!


Няхай свята Божага Нараджэння стане святам усiх людзей! Няхай унясе ў нашае асабiстае жыццё i жыццё нашага грамадства супакой i ўзаемнае разуменне! Няхай прынесенае Хрыстом святло асвятляе наш жыццёвы шлях! Няхай усiм нам спадарожнiчае радасць i шчасце!


Божае Дзiцятка, падымi сваю руку i благаславi нашу Бацькаўшчыну — Беларусь!


На знак духоўнай еднасцi з усiмi вамi, браты i сёстры, дзялюся аплаткай i ад усяго сэрца благаслаўляю ў iмя Айца, + i Сына, i Святога Духа. Амэн.


Арцыбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч, Мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi.

Мiнск, 2012 г.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter