У гісторыі звычайных вёсак Пастаўшчыны столькі цікавага, таямнічага і павучальнага, што мы абавязаны зберагчы гэта для нашчадкаў

«Божа, як яны ігралі! Як пачнуць іграць - брат мой!»

НА першы погляд – неверагодна: настаўнік гімназіі і СШ № 1 у Паставах Ігар ПРАКАПОВІЧ напісаў каля дзясятка кніг пра вёскі Пастаўшчыны, а разам са сваёй камандай — і больш за тое. Вось далёка не поўны пералік гэтых вёсак: Манькавічы, Задзеўе, Рымкі, Вялікія Споры, Груздава, Гута, Хрыстова, Дунілавічы, Полава, Ясюкі, Бальшуны...

Некалькі слоў пра самога Ігара Пракаповіча. Ён закончыў геаграфічны факультэт Белдзяржуніверсітэта і аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і вучонага савета Беларускага геаграфічнага таварыства, аўтар каля 50 краязнаўчых, празаічных і паэтычных кніг.

— Ігар Міхайлавіч, першая кніга серыі, якая выйшла амаль два дзясяткі год таму, называлася проста — «Манькавічы».

— І расказвалася ў ёй аб аднайменнай вёсцы. Чым яна адметная? У першую чаргу тым, што яшчэ на самым пачатку XX cтагоддзя тут існавала агранамічная школа. У ёй вучылі дзяцей, пераважна сельскіх, гаспадаранню на зямлі, было нават некалькі стыпендый для тых, хто добра вучыўся. Працавала яна, на жаль, нядоўга: гадоў шэсць-сем, да пачатку Першай сусветнай вайны. Прыйшлі немцы, тут праходзіла лінія фронту, будынак двухпавярховы разбілі з гармат.

Манькавічы і сама школа звязана з імем Уладзіміра Друцкага-Любецкага, таленавітага чалавека, аднаго з аўтараў нарысаў «Очерки по истории Северо-Западного края». Ён меў тут маёнтак, прыязджаў на лета, але жыў большасцю ў Санкт-Пецярбургу. Стаяла ля Манькавічаў сямейная капліца, пабудаваная недзе ў сярэдзіне XIX стагоддзя, і калі Друцкі-Любецкі памёр, яго там часова і пахавалі.

Яшчэ адзін слынны, так бы мовіць, манькаўчанін — Уладзімір Дубоўка, класік беларускай літаратуры. Хоць ён нарадзіўся ў суседніх Агародніках, але ў Манькавічы хадзіў у школу, правёў тут большую частку свайго жыцця.

— Вядомы далёка за межамі Пастаў фестываль «Звіняць цымбалы і гармонік» ужо не ўявіць без удзелу славутых груздаўскіх музыкаў. А ў вас выдадзена кніга пра вёску Груздава «Мястэчка каля пушчы». Ці ёсць там старонкі пра тамтэйшых музыкаў?

— А як жа. Зараз цяжка ўдакладніць, як яны пачыналі, адно вядома, што і дзяды, і бацькі сённяшніх умельцаў таксама былі гонарам нашага краю. Большасць жыхароў Груздава і ваколіц валодаюць якім-небудзь інструментам, тут цэлыя музычныя дынастыі: Падгайскія, Мацкевічы, Крывенька, Крыванос... У кнізе ёсць успамін Марыі Мацкевіч, спявачкі, жонкі вядомага цымбаліста: «На вечарыну запрашаліся славутыя музыканты, аб чым загадзя паведамлялася лістамі або нават тэлеграмамі. Як пачуюць, што вечарыны ў Груздаве, Пажарцах ці яшчэ дзе, і што Бронька (Браніслаў Качарга) з Каліноўскім (Міхаілам Давідовічам) будуць іграць, тады адусюль едуць, ідуць, столькі моладзі находзіць!.. Божа, як яны ігралі! Другім не так танцаваць, як паслухаць цікава. Як пачнуць іграць — брат мой! Старым бабам, і то маладосць у галаву ўдарыць. Так добра ігралі, што каб і не ўмеў танцаваць, то самі б ногі перабіралі пад іх музыку».

— Яшчэ адна ваша кніга – пра вёску Вялікія Споры, якую чамусьці называюць Швейцарыяй.

— Таму што вельмі прыгожы ландшафт: узгоркі, даліны, азёр вельмі многа. Тут знаходзіцца гермафалагічны заказнік рэспубліканскага значэння (гермал – навука, якая вывучае рэльеф). Яго ўзялі пад ахову, таму што ён утвораны апошнім ледавіком, які зрабіў у рэльефе такую ўпадзіну: зямлю «выкінуў» у абодва бакі. І атрымалася, што ў нізіне – азёры, а па баках – высокія горы. Вёска і ўзнікла на ўзгорку. Споры – адно з самых старажытных месцаў. Цяжка сказаць, калі паселішча ўзнікла. Жылі там людзі і да нашай эры. Славуты візантыйскі гісторык Пракопій Кісарэўскі, які шмат увагі надаваў славянскай тэме ў сваіх творах, у сярэдзіне XVI стагоддзя сцвярджаў, што розныя плямёны славян мелі агульную назву — споры.

Перадаецца яшчэ з пакалення ў пакаленне легенда пра Споры. Маўляў, тут на гары стаяў калісьці касцёл, які праваліўся ў зямлю. А здарылася гэта так. У час адной з войнаў шведскія заваёўнікі акружылі касцёл, дзе сабраліся яго абаронцы. Сілы былі няроўныя. Шведы ўсё-такі ўварваліся ў касцёл, і адзін з захопнікаў жахнуў мячом па іконе. І раптам храм разам з абаронцамі і ворагамі праваліўся пад зямлю. На гэтым месцы цяпер гарадзішча. Але калі прыкласці вуха да зямлі, то можна пачуць, як званы там б’юць... А так вёска жыве. У асноўным там цяпер – дачнікі, але ёсць і старажылы.

Кнігі пра вёскі Пастаўшчыны.

— Кожная вёска нечым адметная. А вось Верацеі ведалі ці не ва ўсім былым Савецкім Саюзе. Гляджу, ёсць аповед і пра яе.

— Да нядаўняга часу сюды з’язджаліся людзі з розных куткоў былога Савецкага Саюза, бо тут жыў Далман – вядомы народны лекар. Далман – гэта мянушка-сімвал цэлага роду Далманавых, дар якіх лячыць людзей перадаваўся з пакалення ў пакаленне. Народнымі лекарамі былі Уладзімір Васільевіч, яго сын Уладзімір, унук Сяргей. Пагалоска падае, што да Далмана прыязджалі многія вядомыя людзі — Валянціна Церашкова і дачка Леаніда Брэжнева, напрыклад. Спецыяльна ў Верацеях быў зроблены чыгуначны прыпынак, настолькі вялікі быў наплыў людзей. Легенда апавядае, што, калі паміраў стары Далман, то некалькі дзён шалела бура, бліскалі маланкі. Шмат дрэў было павалена і паламана. У велічэзны дуб, які быў пасаджаны продкамі Далмана, патрапіла маланка і амаль з коранем яго вывернула.

— Ігар Міхайлавіч, акрамя кніг пра паселішчы Пастаўшчыны, нядаўна выдадзена вамі яшчэ адна арыгінальная: пра паходжанне назваў амаль паўтысячы вёсак краю? Можаце трохі пра гэта расказаць. Вось, напрыклад, еду ў Паставы і бачу паказальнік: Хрыстова. Адкуль такая незвычайная назва?

— Пачну трохі здалёку. Каля тысячы гадоў таму жыла ў Полацку прападобная Еўфрасіння Полацкая. Шмат яна рабіла для таго, каб асвета і вера хрысціянская распаўсюджваліся сярод людзей. Яе стараннямі будаваліся храмы, перапісваліся кніжкі, ладзіліся святы і набажэнствы. Яна ж пасылала манахаў у розныя куткі Полацкага княства, каб мясцовых жыхароў схіляць да веры. І вось аднойчы невялікая група з пяці манахаў прыйшла на зямлю пастаўскую. Яны ўпадабалі ўзгорыстую мясцовасць каля невялікай маляўнічай ракі, пачалі будаваць манастыр. Зараз гэта месца называецца Горкі, а рака — Турчанка. Мясцовыя ж жыхары спачатку насцярожана ставіліся да няпрошаных гасцей, але ж гэтыя нікога не чапалі, зброі з сабой не насілі, хадзілі ў доўгіх чорных сутанах, шмат маліліся, да мужчын звярталіся «брат», да жанчын – «сястра». Калі ў вяскоўцаў здаралася бяда, манахі дружна прыходзілі на дапамогу, умелі лячыць зёлкамі. Мясцовыя жыхары, якія былі тады паганцамі, усё больш разумелі, што Бог у абліччы чалавека, якому маліліся манахі, і мацнейшы, і больш справядлівы, чымсьці іх бажкі і духі, якія жывуць у дрэвах, камянях, вадзе, і папрасілі перахрысціць у веру хрысціянскую. Пад малітвы і спевы мясцовыя жыхары ўвайшлі ў ваду і прынялі абрад хрышчэння. І назвалі тады манахі гэтых людзей дзецьмі Хрыста. А сама вёска, у якой жылі тыя людзі і іх нашчадкі, ажно да сённяшняга дня завецца Хрыстова.

— А ёсць і даволі простыя назвы. Напрыклад, Дзеравянкі.

— Гэта толькі на першы погляд. Паходзіць назва сапраўды ад слова «дзярэўня», аднак яно трактавалася не як паселішча, а як ралля, месца, якое расчышчалі ў лесе пад раллю. Зараз Дзеравянка — адно з самых распаўсюджаных прозвішчаў на Пастаўшчыне. Або вёска Дземяшы. Мясцовая версія назвы наступная. Прыехалі сеяць мужыкі, вылажылі на ўскрайку поля мяшкі і кажуць: «Вось пасеем, а дзе тады будавацца будзем?» — «Ну там, дзе мяшкі стаяць!»

— Ігар Міхайлавіч, пагадзіцеся, больш за дзясятак кніг аднаму — гэта вельмі складана.

— Адзін бы я рады не даў, у мяне шмат памагатых. У Лынтупах жыве Алесь Гарбуль — вядомы краязнаўца, паэт, апавядальнік. У Гуце – настаўнік Міхаіл Арэх. У Дунілавічах — былы настаўнік Франц Хоміч. У Паставах — Міхаіл Гіль, перакладчык, Ягор Шушкевіч, які займаецца турызмам і стварыў яшчэ адзін брэнд на Пастаўшчыне — Зюзю Паазерскага. Ёсць людзі, якія выехалі з раёна, але карані іх тут, як у пісьменніка Януся Мальца. Вось угаварыў яго напісаць пра родную вёску Хрыстова. Мая былая вучаніца Нэлі Баравік, зараз дырэктар Глыбоцкага занальнага архіва, мае шмат публікацый на вясковую тэму. Такіх людзей многа. Толькі ў кнізе «Краязнаўцы Пастаўшчыны», якую я падрыхтаваў да друку, 67 прозвішчаў.

— Напісаць столькі кніг, якія не маюць, прабачце, камерцыйнай вартасці, гэта заслугоўвае самай шчырай пашаны і павагі. Але ж іх трэба было яшчэ выдаць...

— Адразу зазначу, што тыраж іх невялікі – усяго 100—150 асобнікаў. А грошы на выданне даюць спонсары, часцей выхадцы з тых жа вёсак. Добра дапамагалі мне прадпрымальнік і фатограф Антон Чалей і мой былы вучань Андрэй Жук. А кнігу пра вёску Задзеўе фінансаваў цудоўны гаспадарнік, дырэктар ААТ «Хацілы» Вячаслаў Крыштафовіч.

— Як вядома, з-пад вашага пяра выйшла і кніга «Чароўны край Пастаўшчыны», у якой расказваецца пра мінулае і сучаснасць, матэрыяльнае і духоўнае. Гэта кніга ўдастоена абласной прэміі імя Уладзіміра Караткевіча і рэкамендавана для азнаямлення ў школах Пастаўшчыны. А ўвогуле, як узнікла задумка напісання серыі кніг менавіта пра вёскі?

— Недзе ў 2000 годзе я актыўна заняўся краязнаўствам. У мяне была моцная група вучняў 9—10-х класаў у пастаўскай школе № 1. З імі хадзілі ў вандроўкі і патрапілі ў гэтыя самыя Манькавічы, пра якія мы і пачалі нашу гутарку. Адна з дзяўчынак сказала, што бацька яе адсюль родам, другая пісала навуковую працу. Я ім і прапанаваў: «А давайце напішам пра гэтую вёску». Ірына Заяц і Насця Вансовіч пачалі збіраць матэрыял. Спачатку напісалі навуковую працу, выступілі з ёй у школе. Я ім дапамог, і ўрэшце атрымалася першая кніжка пра вёску Манькавічы. Насця Вансовіч потым закончыла экалагічны інстытут імя Сахарава і зараз працуе ў Паставах, а вось Ірына Заяц стала журналісткай, працуе ў Кітаі, бо вывучыла кітайскую мову.

— Я разумею, што вы не спыніцеся на дасягнутым.

— Ні ў якім разе.

— Дзякуй за інтэрв'ю і за працу, Ігар Міхайлавіч. Поспехаў вам і натхнення.

saulich@bk.ru

Фота аўтара і з архіва сям`і Ігара ПРАКАПОВІЧА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter