Больш эканомна талакой вырошчваць суніцы ў парніках

У СТОЛІНСКІМ раёне сёлета створаны і працуе першы ў Беларусі спажывецкі сельскагаспадарчы забеспячэнска-збытавы кааператыў “Вескап”. Жыхары вёскі Велямічы сабраліся для таго, каб сумесна вырашаць узнікаючыя пытанні, сумесна набываць патрэбнае абсталяванне і матэрыялы, прадаваць вырашчаную прадукцыю.

На Століншчыне зараз многія з цікаўнасцю назіраюць, як ідуць справы ў кааператыве “Вескап”.

У СТОЛІНСКІМ раёне сёлета створаны і працуе першы ў Беларусі спажывецкі сельскагаспадарчы забеспячэнска-збытавы кааператыў “Вескап”. Жыхары вёскі Велямічы сабраліся для таго, каб сумесна вырашаць узнікаючыя пытанні, сумесна набываць патрэбнае абсталяванне і матэрыялы, прадаваць вырашчаную прадукцыю.

Адна з асноўных задач, якую акрэслілі ў статуце кааператыва, — паменшыць траты і знізіць рэсурсаёмістасць пры вытворчасці сельгаспрадукцыі і вядзенні сельскай гаспадаркі ва ўмовах асабістых гаспадарак.

— Вось мы бралі сёлета плёнку на ўсіх членаў кааператыва, — расказваюць мне заснавальнікі “Вескапа”. — Эканомія склала восем мільёнаў. А каб мы куплялі яе кожны за свае… Гэтак жа і з угнаеннямі. У нас яны каштуюць па адзінаццаць тысяч за кілаграм, а мы купілі — па дзевяць!

Рэалізавалі прадукцыю сёлета праз кааператыў. Агуркі, памідоры, капусту адпраўлялі аптовым пакупнікам. Гэта, нарэшце, адна з ідэй кааператыва — абыходзіць перакупшчыкаў і самастойна выходзіць на моцныя аптовыя базы ці рознічныя сеткі. Каб тое, што вырасла, з аднаго боку, прыносіла большы прыбытак вытворцам, а з другога — стала таннейшым для простых пакупнікоў.

Старшыня кааператыва — Канстанцін Іванавіч Машлякевіч. Менавіта яго назвалі “старшым навуковым супрацоўнікам”. Па спецыяльнасці Канстанцін  — аграном.

* * *

Усё пачалося гадоў дваццаць таму. Сябравалі разам са школы. Разам спрабавалі брацца за ўсе справы, разам кансультаваліся, дапамагалі ў вырашэнні сацыяльных праблем роднай вёскі. Неабыякавыя яны людзі. Кожны перажывае за сваю маленькую радзіму, за свой куточак.

Прывяду толькі некалькі прыкладаў. У мясцовым Доме культуры неяк раней працякаў дах. Маладыя хлопцы звярталіся за дапамогай, але безвынікова. Тады самастойна ўзяліся за работу. Купілі неабходныя матэрыялы і за дзве гадзіны адрамантавалі дах, які потым не турбаваў цэлы год.

Пасля ўзяліся наводзіць парадак на дыскатэцы. Выводзілі тых, хто смаліў у памяшканні, пачынаў сваркі або бойкі. А ў мінулым годзе яны загарэліся ідэяй паставіць у цэнтры вёскі ёлку. Купілі, паставілі, упрыгожылі. Назіралі за ёю некалькі дзён, пакуль не ўпэўніліся, што ніякай шкоды вяскоўцы не прынясуць. Так ёлка радавала велямічан усе навагоднія святы.

Яшчэ хлопцы задумалі рэалізаваць праект па добраўпарадкаванні возера Сіяці. Яго трэба ачысціць, прывесці ў належны стан прыбярэжную зону.

— Мы згодны весці работы. А часткова ўкласці свае сродкі, — прызнаюцца кааператары.

* * *

Ідэя па стварэнніі кааператыва спела ў хлопцаў паступова. Напачатку пачалі супрацоўнічаць з Цэнтрам сельскага развіцця па прымяненні генератараў тэману і сістэм верхняга арашэння для апрацоўкі парніковых раслін. Іван Давідчук звярнуўся туды, каб больш даведацца пра падглебавае ацяпленне парнікоў. Яму дапамаглі кансультацыяй, а пасля прапанавалі апробаваць такое ацяпленне. Абапіраючыся на ініцыятывы двух чалавек (з Веляміч і Вялікага Малешава), спецыялісты Цэнтра распрацавалі праект, каб пратэсціраваць новае для раёна ацяпленне. Калі сельскія жыхары адобраць, то ўсталююць іх усім жадаючым (фінансава праект быў падтрыманы офісам АБСЕ ў Мінску).

Упершыню ў раёне за кошт Цэнтра сельскага развіцця набылі неабходнае абсталяванне і зманціравалі ацяпленне пад глебай. На наступны год да Івана Давідчука далучыліся некалькі чалавек і разам, ужо самастойна, куплялі ці самі рабілі катлы, манціравалі ацяпленне.

— Ці складана абсталяваць парнік вось такім ацяпленнем?

— Калі браць увесь працэс работы ў парніку, то не складана, — дзеліцца Іван Давідчук.

— А наколькі выгадна вырошчваць агуркі з такім ацяпленнем?

— Не толькі выгадна, а і вельмі зручна. Тое, што людзі бяруць за паўгода, я ўзяў за паўтара месяца. Што да самога працэсу ацяплення, то паліва падкідаецца ў адзін кацёл, а не ходзіш па ўсім парніку і закідваеш дровы, — расказвае Іван.

Пасля Іван зацікавіўся вырошчваннем суніц у парніку. Цэнтр арганізаваў паездку ў Херсонскую вобласць Украіны. Група сяльчан, у тым ліку і чатыры жыхары Велямічаў, упершыню пазнаёмілася з неабходным вопытам. Іван ухапіўся за ідэю. Так і сталі вырошчваць разам — Іван Давідчук, Канстанцін Машлякевіч і Міхаіл Супрунчык.

— Суніцы лепш “гадаваць”, чым агуркі. У Івана было сёлета пяць сотак, у Міхаіла — тры, у Косці — паўтары. Плануем павялічваць аб’ёмы, — расказваюць члены кааператыва.

Вырашчаныя суніцы вывозілі на рынак у Альшаны. Пайшлі за мілую душу. Апошні ўраджай ягад здымалі, калі на градках у другіх сяльчан яны толькі пачыналі спець.

Зараз у парніках членаў кааператыва падрастае другі ўраджай — пекінская капуста, кроп, сельдэрэй. Зазірнула ў парнікі Уладзіміра Хадакоўскага і Уладзіміра Бруцкага. Дагледжаныя культуры набіраюць сілу.

— Мы заўжды займаліся вырошчваннем агуркоў. Але ў апошні час шмат ездзілі, паглядзелі, што вырошчваюць людзі, сталі спрабаваць у сябе, — расказваюць кааператары. — Цэнтр падтрымкі паказаў нам, што мы губляем, вырошчваючы толькі адну культуру. Спецыялісты Цэнтра знаёмяць нас пастаянна з усім новым, што нас можа цікавіць.

У складзе дэлегацыі кааператары пабывалі на выставах “Белагра”, на Днях поля, якія праходзяць штогод ва Украіне. Зараз разглядаюць магчымасць ставіць металакаркасныя цяпліцы. Калі нешта з убачанага яны не могуць купіць, паколькі не хапае сродкаў, тады бяруцца самі за работу.

Нездарма ў дварах іх дамоў столькі, на першы погляд, непатрэбных рэчаў. Яны з іх канструююць тэхніку.

* * *

Зараз асноўная праблема для членаў “Вескапа” — зямля. Яны  хацелі  б узяць надзелы ў адным месцы для ўсіх.

— Мы трацім шмат часу на абаграванне сваіх цяпліц. А так паставілі б адзін кацёл і па чарзе ацяплялі б іх. Апрацаваць зямлю, якая ў адным месцы, таксама лягчэй, — дзеляцца надзённым сяльчане.

Таццяна СЕГЕН

Каментарый дырэктара Цэнтра падтрымкі сельскага развіцця і прадпрымальніцтва Столінскага раёна

Віктара ВЕЛЯСНІЦКАГА:

— Я лічу, падобны спажывецкі кааператыў — перспектыўная форма гаспадарання. Малым гаспадаркам цяжка канкурыраваць на рынку, а аб’яднанне павялічвае канкурэнтныя здольнасці. Ад СПК “Вескап” адрозніваецца наступным: СПК — гэта вытворчы кааператыў, а “Вескап” — спажывецкі. Шэсць сяльчан аб’ядналіся для таго, каб сумесна закупаць сродкі вытворчасці (насенне, плёнку, угнаенні і астатняе) і сумесна прадаваць лішкі сяльгаспрадукцыі. “Вескап” — гэта юрыдычная асоба з разліковым рахункам. Яго заснавальнікі знізілі выдаткі на вытворчасць прадукцыі, і адпаведна сабекошт агародніны стаў ніжэйшы. Выгада і для членаў кааператыва, і для пакупнікоў. Мы дапамагаем новаму кааператыву арганізацыйна, інфармацыйна, выступаем як незалежныя кансультанты. На Століншчыне зараз многія з цікаўнасцю назіраюць, як ідуць справы ў кааператыве “Вескап”. Напрыклад, зарэгістравалі яго ў сакавіку 2010 года шэсць чалавек, а зараз кааператыў вырас да 12 членаў. Наколькі мне вядома, на Піншчыне таксама, пасля нашага вопыту, арганізавалі спажывецкі кааператыў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter