Минская книжная выставка-ярмарка в этом году будет посвящена Году малой родины и II Европейском играм

Больш, чым кнігі

Рай для кнігалюбаў разгорнецца з 6 па 10 лютага ў выставачным комплексе на праспекце Пераможцаў, 14. Кніжны форум пройдзе на пляцоўцы плошчай каля 3 тысяч квадратных метраў, дзе свае экспазіцыі прадставяць больш за 300 удзель-нікаў, у тым ліку замежных. Заяўкі на ўдзел у выставе ўжо падалі прадстаўнікі 35 краін. Ганаровым госцем форуму стануць Злучаныя Штаты Амерыкі. Многія выказваюць жаданне прыехаць на нашу выставу, бо менавіта яна адкрывае сусветны каляндар кніжных форумаў. Наступны ў чарзе — Вільнюскі кніжны кірмаш, які пройдзе 21—24 лютага.

Фота Віталія Піваварчыка

Мы спадзяемся, што старт, дадзены ў Мінску, стане яркім, а таксама карысным для прафесіяналаў гэтай галіны, — падзяліўся з журналістамі намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі. Тым больш што ўвага да кніжнага слова і кнігі застаецца нязменнай. Апошнія дадзеныя сацыялагічных даследаванняў, праведзеных на міжнародных платформах, кажуць, што цікавасць да электроннай кнігі пачынае падаць, а да друкаванай — узрастаць.

Магчыма, таму арганізатары чакаюць сёлета рэкордную колькасць наведвальнікаў — каля 60 тысяч. Каб прагнозы спраўдзіліся, распрацавалі багатую праграму, дзе значацца не толькі традыцыйныя прэзентацыі кніг, аўтограф-сесіі, сустрэчы з аўтарамі. Нездарма слоган сёлетней выставы — “Больш, чым кнігі”. Упершыню форум выйдзе за межы выставачнага комплексу. Мерапрыемствы плануюць правесці ў кнігарнях, бібліятэках, музеях, кінатэатрах... Далучыць да кніжнага жыцця збіраюцца нават гарадскі транспарт, дзе ўжывую будуць чытаць вершы, а таксама кафэ і рэстараны, дзе плануецца падаваць стравы, прыгатаваныя па рэцэптах, якія сустракаюцца ў розных літаратурных творах. Мяркуецца, што ў кніжным гастрафэсце прымуць удзел некалькі кропак харчавання ў Верхнім горадзе, а за аснову будзе ўзята меню з “Новай зямлі” Якуба Коласа з апетытнымі кілбасамі-скруткамі, румянай шынкай ды духмянымі пірагамі.

Асноўныя ж мерапрыемствы кніжнага фестывалю пройдуць у выставачным комплексе на праспекце Пераможцаў. Акрамя таго, што сёлетні кірмаш прысвечаны Году малой радзімы і II Еўрапейскім гульням, у кожнага выставачнага дня будзе свая дадатковая тэма. Падчас адкрыцця прэзентуюць праект Terra poetica з удзелам Міхаіла Швыдкога. Ён прадставіць аўтараў альманаха, па творах якога сучаснікі ставяць спектаклі, у тым ліку ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Плануецца таксама стварыць унікальны арт-аб’ект, прысвечаны 75-годдзю Перамогі. З дапамогай удзельнікаў і гасцей арганізатары выставы маюць намер сабраць “мірны танк” з кніг, якія пазней перададуць у дзіцячыя і медыцынскія ўстановы.

У другі дзень — Дзень аўтара — пачне працу Міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час”, які збярэ 50 пісьменнікаў з 25 краін. Трэці дзень будзе прысвечаны беларускай літаратуры і развіццю айчыннай кніжнай індустрыі. Адбудуцца ўзнагароджанне пераможцаў 58-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” і падвядзенне вынікаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы кнігагандлёвы аб’ект “Мы робім па-людску?!”.

Навучыцца працаваць з усёй кніжнай сферай — наша галоўная задача. Мы імкнемся рабіць усё для таго, каб людзі хацелі і любілі чытаць, а таксама разумелі, што кніга — гэта цікавы і займальны занятак, самаўдасканаленне і выхаваўчы інструмент, — патлумачыў Ігар Бузоўскі.

З супрацоўнікамі айчыннай кнігаіндустрыі плануецца абмеркаваць сусветныя тэндэнцыі ў афармленні кніг, краўдфандынг, літаратурную крытыку і блогінг, працу ў сацыяльных сетках і іншыя актуальныя пытанні. Чацвёрты дзень будзе асабліва цікавы бацькам і дзецям. Плануецца шмат займальных мерапрыемстваў для маленькіх чытачоў. Акрамя таго, будуць падведзены вынікі рэспубліканскай акцыі “Пішам кнігу разам. Якой мы хочам бачыць нашу Беларусь праз 10 гадоў”. А ў апошні дзень узнагародзяць найлепшых экспанентаў выставы. Выбраць, відаць, будзе не проста, бо кожны пастараецца прыцягнуць увагу наведвальнікаў да сваіх стэндаў цікавымі выданнямі, крэатыўным дызайнам, яркімі акцыямі.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter