Бохан з клёнам, праснак – з ліпай

Гэта дрэва ўбірае ў сябе станоўчую зямную энергію і аддае яе людзям

— Сынок, дзежку!

Каб мама і не сказала пра гэту рэч, я, ведаючы, што яна збіраецца пячы хлеб, усё роўна прынёс бы дзяжу з прыпечка, дзе тая зберагалася, прыкрытая дзяружкай. Тут, як кажуць, ёй было ні холадна ні горача. Дзежка ж не павінна прасыхаць да россыпу клёпак, каб заўжды захоўваць рошчыну. Гэты посуд, дарэчы, ніколі не мылі, бо ва ўсіх яе шчылінках быў гадавальнік жывых дрожджаў. Без іх бохан не вырасце! Дрожджы ўвогуле дужа цаніліся ў вясковым побыце. І не толькі таму, што іх не было ў крамах. Перш-наперш, за лекавыя ўласцівасці. Дзецям імі мазалі залатушныя болькі, з дапамогай дражджэй накладвалі павязку на «трахомныя» вочы, водны іх раствор падагравалі і давалі піць малым падчас коклюшу. Самім хлебам лячылі скураныя хваробы. Мякіш, змешаны з мёдам і воцатам, прыкладалі да фурункулаў. З адным мёдам — да патрэсканай скуры рук і ног. Вельмі добра хлебныя скарыначкі, размочаныя ў вадзе, звадзілі нават застарэлыя мазалі.

Пра выраб карысных для здароўя хатніх напіткаў ужо і не гавару. Мае равеснікі, бадай, і сёння памятаюць смак хлебнага квасу, які гатавалі ў сялянскіх хатах. Ён надаваў моцы, асвяжаў у спёку, у час нішчымніцы наталяў голад.

Наша дзежачка была менш таго чацверыка, у параўнанні з суседскімі, хаця і галодных ратоў хапала. А на большую і разлічваць нельга было — чым запаўняць?

Вось і тады, перш чым трывожыць тую дзежку, мы з братам пракруцілі на жорнах каля пяці фунтаў ярыцы. А мама чысціла і дзёрла ці не апошнія бульбіны, што засталіся ў тую далёкую пасляваенную вясну пасля пасадкі. Пад рукамі быў і пузаты «макацёр» — паўнабокі гліняны посуд, у якім напярэдадні Каляд цёрлі мак. Паколькі займеў трэшчыны ад частага «гасцявання» ў печы з якой-небудзь кашай, ён не «выйшаў у адстаўку», а быў трывала аплецены парыжэлымі ад часу стужкамі бяросты. У гэтым чарапку трымалі цяпер пацяруху з насення лебяды, якую дабаўлялі ў цеста. Вось яе было ўдосталь і зімой, і летам. Абы, як кажуць, таўкач у ступе не гуляў.

Мама пачынае чараваць над замесам, а калі ўдакладніць, маючы на ўвазе яго складальнікі, то і «хімічыць».

Уранні ў печы рабіўся добры дух — паліліся толькі бярозавае ці кляновае паленне. Дубовае — не, яно занадта ўзнімала тэмпературу, тое ж і з альхой. Дух ад іх «цяжкі», ды і боханы маглі аддаваць падгарэлым.

— А хто за лісцем? — чуецца мамін голас.

Прыношу з гарышча цэлую гірлянду кляновых. Яны раскладваюцца на стале — жоўтыя, барвовыя, залатыя. Іх па восені мы збіралі ўжо на зямлі, пасля ападу, і назапашвалі на ўсю зіму.

Лісты тры-чатыры кладуцца пад кожны бохан. Праз колькі хвілін з-пад пячной засланкі ўжо на ўсю моц пачынае даносіцца водар лесу, пах пожні з атавай.

Якой жа тонкай была інтуіцыя ў нашых дзядоў-прадзедаў, бабуль і бацькоў, калі яны на Тройцу неслі галіны клёна на асвячэнне ў царкву, упрыгожвалі затым імі сваю хату, захоўваючы на працягу года. Існавала павер’е, што менавіта яны былі абярэгамі ад няшчасных выпадкаў.

Клён, як сцвярджаюць нават сучасныя прыродазнаўцы і псіхолагі, як бы злучае людзей, асабліва блізкіх, знімае з іх трывогу. Не верыце? Прыпыніцеся каля клёна раніцой, прытуліцеся да яго ствала і пастойце так з паўгадзінкі — атрымаеце псіхалагічны зарад на ўвесь дзень. І пажадана, каб сябравалі з ім усё жыццё. А калі ўжо няма такой магчымасці, то трымайце ў кватэры хаця б некалькі лісточкаў-абярэгаў.

…Вясной і ўлетку, калі скрозь было амаль пуста — і ў скрынцы з мукой, і ў амшані, дзе была бульба, пераходзілі на праснакі ды каржы. «Мукі — шчэпаць, дабавак — лапаць», — жартавалі наконт гэтага вяскоўцы. І каб найбольш вітамінізіраваць гэту нішчымную выпечку, дадаць смаку, ды каб не падгарэлі, высцілалі падпечак ліпавым лісцем. І тады хату паланіў водар квітнеючых ліп. У такія хвіліны здавалася, што нават чуўся гул пчалінага рою.

Ліпа ж, аказваецца, яе сціплыя кветачкі і лісце, таксама лечаць шматлікія «болькі» — фізічныя і нервовыя. Само дрэва вяртае сілы, стымулюе да актыўнай дзейнасці і ўвогуле да жыцця.

Адкуль, здавалася б, нашым продкам было ведаць, што менавіта гэтыя дрэвы аказваюць на чалавека незлічона станоўчых эфектаў? Вядома ж, ад сваіх прашчураў. І гэтыя веды былі ці не самай галоўнай спадчынай, якая ў цяжкія часіны дапамагла не толькі выжыць, а і прадаўжаць свой род.

Аляксандр МАЖЭЙКА, ветэран працы

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter