Пабачыла свет кніга “Стагоддзе на знаёмства” — аб прыгожым пісьменстве з Кітая

Блізкія сугуччы

Пабачыла свет кніга “Стагоддзе на знаёмства” — аб прыгожым пісьменстве з Кітая

Кніга, што выйшла ў Выдавецкім доме “Звязда” — свайго роду падсумаванне таго, як прадстаўлялася кітайская літаратура на беларускай мове ў мінулыя сто гадоў. Таму і названы зборнік паэзіі і прозы мастакоў слова з Паднябеснай: “Стагоддзе на знаёмства”. Укладальнік выдання — вядомы пісьменнік Алесь Бадак.

Над кітайскай серыяй кніг працуюць Вольга Аляксеева, мастакі Анатоль Званароў і Вячаслаў Паўлавец

Кітайскае прыгожае пісьменства завітала ў Беларусь на беларускай мове на пачатку XX стагоддзя. Пераклад твораў “Дао з гор Лао” і “Гульня мячом у падводным царстве” (са старажытнакітайскай кнігі Лу Сінь-ліна “Тысяча апавяданняў”) друкавала газета “Наша Ніва” ў 1910 годзе. Пераклады рабіў Васіль Аляксееў. Ён жа з часам выявіў сябе яркай, шматаблічнай асобай у расійскім усходазнаўстве. Дарэчы, у 1910-м 29-гадовы даследчык стварыў першую ў сусветным кітаязнаўстве працу па эксперыментальнай фанетыцы, якая стала вынікам вывучэння ім  гукаў пекінскага дыялекта. Тады ж В. Аляксееў пачаў вывучаць кітайскія народныя карціны няньхуа. Сярод першых перакладчыкаў кітайскай паэзіі на нашу мову — паэт Уладзімір Дубоўка. Выпускнік маскоўскага Літаратурна-мастацкага інсты­тута імя Валерыя Брусава, ён “загарэўся” Усходам. Адкрыццё кітайскай літаратуры, знаёмства з іерогліфамі, адметным пісьмом станавілася модай у колах інтэлігентнай літаратурнай, мастацкай моладзі. Першыя публікацыі У. Дубоўкі як перакладчыка адносяцца да 1922 года. У 30-м яго арыштавалі, пазбавілі магчымасцяў займацца любімай справай. Праз доўгія гады паэт вярнуўся ў літаратуру. У 1959 годзе ў 10-м нумары часопіса “Полымя” былі яго пераклады вершаў класіка кітайскай паэзіі Ду Фу. А нядаўна як прыклад высокага паэтычнага пераўвасаблення яны выйшлі ў анталогіі лепшых паэтычных перакладаў на беларускую мову “Галасы з-за небасхілу”. Там жа прадстаўлены і іншыя пераклады паэзіі Ду Фу, у прыватнасці, зробленыя Янкам Сіпаковым. Сярод перакладчыкаў Ду Фу быў і Рыгор Барадулін.

Але вернемся ў мінулае… Усплеск цікавасці беларусаў да літаратуры Кітая, безумоўна, звязаны з утварэннем Кітайскай Народнай Рэспублікі ў 1949 годзе. Беларускае прыгожае пісьменства, як і творцы іншых народаў СССР, стала надзвычай уважлівым да кітайскай нацыянальнай літаратуры. У 1953-м дзякуючы перакладчыцы Ганне Сапрыка выйшла кніга “Апавяданні кітайскіх пісьменнікаў”. Яшчэ праз два гады — кніга “Апавяданні” (перакладчык Леў Салавей) пачынальніка сучаснай кітайскай літаратуры Лу Сіня. У 1954-59 гадах у Мінску выдаюцца “Выбранае” Чжао Шулі, раманы Мао Дуня “Перад світаннем”, Чжоу Лібо “Ураган”, Дзін Ліна “Сонца над ракой Сангань”. Асобнымі кнігамі выйшаў шэраг народных казак. Юныя чытачы Беларусі знаёмяцца з жыццём кітайскіх падлеткаў па аповесцях “Баявы загад” Ло Даня, “Дзесяць маленькіх сяброў” Сань-Шан-Фая, “Пісьмо з пеўневымі пёрамі” Хуашаня і іншых. Перакладчыкі — Васіль Вітка, Лідзія Арабей, Янка Брыль, Янка Казека, Алесь Якімовіч, Сяргей Міхальчук, Паўлюк Прануза…

Шмат хто з беларускіх паэтаў пачынае актыўна перакладаць кітайскую паэзію: народны паэт Беларусі Максім Танк, Мікола Аўрамчык, Сяргей Дзяргай, Анэля Тулупава… Праз гады да іх далучаюцца Рыгор Барадулін, Мікола Мятліцкі, Навум Гальпяровіч, Таццяна Сівец, Рагнед Малахоўскі, Ігар Бабкоў, Андрэй Хадановіч, Вольга Гапеева, Алена Раманоўская… Найперш іх цікавіць класічная кітайская паэзія. Скажам, Рыгор Барадулін у кнізе “Гуканне паэзіі з Усходу” вылучае свае зацікаўленні творчасцю Ван Вэя, Лі Бая, Ду Фу. Толькі з сусвету Ван Вэя беларускі класік прывёў, прыцягнуў у нашу мастацкую прастору 17 вершаў. Да перакладаў Лі Бая спрычыняецца Ігар Бабкоў. Філосаф па адукацыі, ён асабліва натхнёна і пранікліва ўгледзеўся ў свет паэта.

У пэўнай ступені этапнай па дарозе кітайскай паэзіі ў наш дом становіцца кніга “Пад крыламі Дракона: сто паэтаў Кітая”. Усе пераклады належаць Міколу Мятліцкаму, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі. Гэта не можа не ўражваць. Ведаю, што Мікола Мятліцкі і цяпер займаецца перакладамі кітайскай паэзіі. Праца майстра высока ацэнена: за кнігу перакладаў “Пад крыламі Дракона” ён ушанаваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі за 2013 год.

Кніга, якая цяпер прыходзіць да чытача, — нібы рэтраспектыва знаёмства з тым, што здзейснена ў гэтым кірунку. Сімвалічная і назва: “Стагоддзе на знаёмства”. Як вядома, у кітайскай літаратуры даўнія карані. Першыя літаратурныя памяткі адносяцца да ХІ-VІ стагоддзяў да нашай эры: “Кніга песень” (“Шыцзін”). Вершы і паэмы першага вядомага паэта Цюй Юаня адносяцца да 340-278 гадоў да н.э. Вобраз Цюй Юаня — сімвал патрыятызму ў кітайскай культуры. Гэты творца стварыў стыль Сао — ён адрозніваецца ўвядзеннем пераменнай даўжыні радкоў, што надае вершу рытмічную разнастайнасць. Дзень гібелі Цюй Юаня (а ён закончыў жыццё рытуальным самагубствам у возеры) лічыцца і сёння “Днём драконавых лодак”.

Паэзія з даўніны прадаўжае хваляваць чытача, і не толькі ў Кітаі. Вершам менавіта Цюй Юаня пачынае аўтарскую анталогію “Пад крыламі Дракона…” Мікола Мятліцкі. Будзе, спадзяюся, і далейшае знаёмства з кітайскай літаратурай у Беларусі.

“Стагоддзе на знаёмства” — толькі частка кнігавыдавецкай працы “Звязды” па прадстаўленні кітайскай мастацкай літаратуры, публіцыстыкі на беларускай і рускай мовах. Выйшаў з друку і зборнік нарысаў кітайскіх журналістаў, палітолагаў “Беларусь вачыма кітайцаў”. Працавалі над ім выдаўцы разам з Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржуніверсітэта.

Алесь Карлюкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter