У Магілеўскай вобласці плануецца працаўладкаваць каля пяці тысяч чалавек

Бiзнес-планы на працу

Прапорцыі вакансій і саіскальнікаў — велічыня пераменная. У сярэдзіне дзевяностых, па даных статыстыкі, статус беспрацоўных на Магілёўшчыне мелі аж 18 тысяч чалавек. Самым паспяховым у гэтым плане быў 2013-ы — тады на біржах працы зарэгістравалася крыху больш за дзве тысячы жыхароў вобласці. У мінулым годзе ў чарзе  ў цэнтрах занятасці стаялі 4 з паловай тысячы чалавек.

Вакансій у Магілёўскім раёне больш, чым саіскальнікаў.

— Што датычыцца нашага раёна, то на 1 сакавіка гэтага года тут было 211 вакансій. А на ўліку ў цэнтры занятасці — 83 беспрацоўныя, — кажа начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацабароне Магілёўскага райвыканкама Наталля Шамшура.

Што дапамагае ў вырашэнні няпростых пытанняў працаўладкавання? У першую чаргу, зразумела, гэта дадатковыя вакансіі. У 2016-м у Магілёўскім раёне стварылі 414 новых працоўных месцаў. У прыватнасці, пачало працаваць таварыства з абмежаванай адказнасцю «Сімпл Крафт» па вытворчасці папяровых упаковачных мяшкоў. Дзякуючы чаму, удакладніла Наталля Шамшура, змаглі працаўладкавацца 23 чалавекі. Ледзь не трыццаць саіскальнікаў занялі вакансіі, якія з’явіліся пасля пашырэння магутнасці прадпрыемства «Сервалюкс Агра». Амаль дваццаць работнікаў прыняла і новая ферма на 25 тысяч галоў свіней, што адкрылася ў сельгас-прадпрыемстве «Авангард». 

— Калі комплекс запрацуе ў поўную сілу, колькасць работнікаў узрасце да сарака, — расказаў кіраўнік гаспадаркі Леанід Капцоў. І адзначыў, што рабочыя рукі кіраўніцтва прадпрыемства шукала ў асноўным па аб’явах, падавалі інфармацыю і ў раённы цэнтр занятасці. А сакрэтам прафесіі абраных работнікаў вучылі пераважна на месцы іх новай працы.

Будынак былога дзетсада стаў каўбасным цэхам

Блізкасць да Магілёва, лічыць Наталля Шамшура, дыктуе мясцовай біржы працы і свае ўмовы. Напрыклад, самы вялікі попыт сёння — на прадаўцоў. Таму што гандаль — галіна, якая развіваецца вельмі імкліва. У сезон яе геаграфія становіцца яшчэ шырэй: пачынаючы з вясны латкі і павільёны з’яўляюцца ў дачных пасёлках і месцах адпачынку. Нямала заявак паступае таксама на вадзіцеляў, бухгалтараў. Што тычыцца сельскай гаспадаркі, то яна традыцыйна мае патрэбу ў ветэрынарах, заатэхніках. Не хапае механізатараў і трактарыстаў. У пошуках стабільнай працы адна з магілёўскіх сем’яў у 2016-м нават змяніла гарадскую прапіску на сельскую. Пры гэтым на новым месцы перасяленцаў забяспечылі яшчэ і кватэрай. «У прынцыпе, калi ёсць жаданне, чалавек можа знайсці сабе месца працы, — лічыць Наталля Шамшура. — Проста некаторым для гэтага трэба прайсці навучальныя курсы і атрымаць іншую спецыяльнасць. Можна адкрыць і ўласную справу: дзяржава дае будучым прадпрымальнікам субсідыі». Магчымасцей жа для прыкладання сіл і рэалізацыі талентаў нямала. Нядаўна зарэгістраваныя ў Магілёўскім раёне ІП займаюцца продажам кветак, рамонтам аўтамабіляў, кватэр і дамоў, прапануюць фотапаслугі. Пры неабходнасці мясцовыя ўлады гатовыя дапамагчы і з памяшканнем — напрыклад, пустуючы будынак былога дзіцячага садка ў аграгарадку Сідаравічы аддадзены прадпрымаль-ніку, які вырашыў запусціць цэх па вытворчасці каўбас, мясных паўфабрыкатаў. 

Вядома, лічбы па беспрацоўных і вакансіях адлюстроўваюць далёка не ўсю палітру настрояў на рынку працы. Калі чалавек, напрыклад, атрымаў дыплом настаўніка, у аграномы яму ісці не хочацца. Гэтак жа, як і токару — у будаўнікі. Непапулярныя зараз дыпломы  юрыста і эканаміста. Затое павысілася цікавасць да інжынераў. Як не памыліцца з выбарам прафесіі, знайсці сваё месца ў жыцці? 

— Да нас па кансультацыi  звяртаюцца прадстаўнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў, і практычна заўсёды высвятляецца: псіхалагічны аспект у калектыве адбіваецца на працы кожнага работніка ў прыватнасці і ўсёй кампаніі ў цэлым, — падзялілася назіраннямі кіраўнік цэнтра практычнай псіхалогіі «Чалавечы фактар» Ала Дзяланская.

Свет, нагадала псіхолаг, імкліва змяняецца. Каб у ім не згубіцца, трэба знаходзіць новыя падыходы да пошуку ўласнай прафесійнай каардынаты. Прычым спасцігаць навуку кар’ернага росту неабходна з ранняга школьнага ўзросту — спачатку ў выглядзе гульні, потым больш свядома. Не лішнім для вучняў будуць і тэсты, якія падкажуць, у якой галiне ў будучым яны змогуць найбольш поўна рэалізаваць свае магчымасці і таленты. Тады да моманту атрымання атэстата выпускнік будзе ведаць і разумець, кім ён хоча быць і што зрабіць, каб мэта ажыццявілася.




Кампетэнтна 


Вольга Хадускіна, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама: 

— Па даных на 1 сакавіка, каэфіцыент напружанасці на рынку працы Магілёўскай вобласці быў роўны 1. На біржы працы зарэгістравана 4807 саіскальнікаў. Колькасць вакансій пры гэтым перавысіла 5 тысяч месцаў. У 2016-м на зноў створаныя працоўныя месцы было працаўладкавана 4470 чалавек, з іх дзве з паловай тысячы — за кошт стварэння новых прадпрыемстваў. У гэтым годзе на зноў створаныя працоўныя месцы плануецца працаўладкаваць каля пяці тысяч чалавек.

svet.markova@gmail.com

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter