Заменит ли интернет библиотеку?

Бібліятэка ў рэжыме перазагрузкi

Век тэхналогій: размаўляем па мабільным тэлефоне, шукаем сяброў з дапамогай інтэрнэту, сучасныя гаджэты замянілі нам запісныя кніжкі і кнігі цяпер чытаем электронныя: у смартфонах і планшэтах тэксты ўвесь час пад рукой. Часта можна пачуць: навошта патрэбны публічныя бібліятэкі? І нават такое: ці не рудымент яны сёння?

Фото Kti.ru

Упэўнена: горача паспрачацца з такім пунктам гледжання, напэўна, маглі б тыя чытачы, якія за мінулы год карысталіся паслугамі бібліятэк больш чым 29 мільёнаў разоў і колькасць якіх павялічылася. Прычым менавіта віртуальныя наведвальнікі значна паўплывалі на рост паказчыка, такіх стала больш чым удвая, і бібліятэкі яны наведалі 4,4 мільёна разоў.

Гэта афіцыйныя даныя Міністэрства культуры. Толькі ў яго сферы ўплыву сёння знаходзіцца 2583 бібліятэкі па ўсёй краіне, пераважна — каля 78 працэнтаў — у сельскай мясцовасці. Дарэчы, прыемная навіна: скарачэнне сеткі бібліятэк, пра якое шмат спрачаліся ў апошнія гады, значна запаволілася. Але ёсць і іншае: замарудзілася інфарматызацыя — абавязковая ўмова, каб быць бібліятэкам прывабнымі для цяперашняга «камп’ютарнага пакалення», бо сучаснаму чытачу трэба прапаноўваць тыя тэхналогіі, якімі ён валодае, а не толькі традыцыйную папяровую кнігу.

Сёння цалкам камп’ютарызаваны бібліятэкі толькі ў Мінску і Гродзенскай вобласці, у цэлым па краіне — каля 85 працэнтаў публічных бібліятэк. Да інтэрнэту падключана 75 працэнтаў бібліятэк. На жаль, хутка, як таго хацелася б, адаптавацца да сучасных патрабаванняў пакуль не ўдаецца. Але рух наперад ёсць.

Зараз у многіх бібліятэках можна знайсці розныя кнігі — рукапісныя, друкаваныя, аўдыёкнігі, а таксама відэаматэрыялы, электронныя рэсурсы па самых розных тэмах, доступ да інфармацыйных сетак, у тым ліку да інтэрнэту. Разам з тым бібліятэкі становяцца месцам для нефармальных сустрэч, розных культурных мерапрыемстваў і акцый. Памятаеце ажыятажы «Бібліяначэй»? У нас яны  праводзяцца не так даўно, але хутка набылі папулярнасць і збіраюць ужо тысячы аматараў чытання.

Бібліятэка як трэцяе месца для чалавека пасля дома і працы, дзе можна цікава правесці вольны час, сустрэцца з сябрамі, — модная і абмяркоўваемая тэндэнцыя. Дзесьці чытала, бібліятэкі Германіі і Нiдэрландаў нават ганарацца тым, што наведвальнік у іх можа заснуць, маўляў, вышэйшая ступень даверу ўстанове: чалавек пасля працы прыйшоў, пачытаў, расслабіўся, няхай адпачне. Можаце такое ўявіць?

Наогул, у нас вакол бібліятэк існуе шмат міфаў. Адзін з іх: юнае пакаленне мала чытае. Аказваецца, вельмі спрэчная выснова. Напрыклад, штогод у мінскіх дзіцячых бібліятэках абслугоўваюцца каля 120 тысяч чытачоў. Летась іх колькасць павялічылася амаль на 2 тысячы. А чытачоў да 15 гадоў — такіх у бібліятэках 75 працэнтаў — стала больш на 3 тысячы чалавек. На 7 тысяч больш хлопчыкаў і дзяўчынак наведалі розныя арганізаваныя бібліятэкай мерапрыемствы. Толькі за тры нядаўнія летнія месяцы — падчас канікул — у дзіцячыя бібліятэкі Мінска запісана 20 тысяч 719 юных чытачоў, на тысячу больш, чым у 2017-м. Аб якім рудыменце гаворка?

Бібліятэкі не паміраюць, яны мадэрнізуюцца, змяняюцца, пераходзяць на новы ўзровень развіцця. Так, вялікая сетка, што аблытала ўвесь свет, спрабуе замяніць сабой усё, нават асабістыя зносіны. Але, як у свой час тэлебачанне не адмяніла тэатр і кіно, так і інтэрнэт не зможа замяніць бібліятэку. Ён будзе існаваць з ёй поруч. І людзі заўсёды будуць чытаць. Усё роўна якую кнігу: электронную або папяровую. А будзе яна — будзе і бібліятэка.

Заўтра ў нашай краіне — свята. З Днём бібліятэк!
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter