Паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхась Башлакоў -- пра адзінства з Радзімай, лёс мовы і ролю пісьменніка

"Без памяці няма грамадства, без мовы, веры, без душы..."

ВЕРШ, з якім дэбютаваў паўстагоддзя назад  дзесяцікласнік Грабаўскай школы Гомельскага раёна Міхась БАШЛАКОЎ, называўся “Раўчук” і быў надрукаваны ў раённай газеце “Маяк” у студзені 1968-га. І ў нейкай ступені нават сімвалічна, што да 50-годдзя пачатку творчай дзейнасці паэта ў выдавецтве “Народная асвета” выйшла ягоная кніга паэзіі “Далеч вячэрняя” — грунтоўная і знакавая як для самога аўтара, так і для беларускай паэзіі. Сярод мноства выдадзеных за апошнія гады кніг яна прыкметна вылучаецца не толькі тэматычным дыяпазонам і глыбінёй раскрыцця вострых і балючых праблем нашай рэчаіснасці, а і перш за ўсё высокім мастацкім узроўнем, якасцю, праўдзівасцю, сумленнасцю паэтычнага слова.
 
Міхась Башлакоў — даўні наш сябар, ён з задавальненнем наведаў нашу рэдакцыю і адказаў на пытанні карэспандэнта “СГ”.

— Міхась Захаравіч, што значыць для вас гэтая кніга?

— Як і для кожнага аўтара — свята. І я, безумоўна, вельмі рады, што ў мяне выйшаў такі салідны том паэзіі аб’ёмам ажно ў 20 аркушаў. Па сутнасці, гэта кніга майго жыцця, бо яе склалі лепшыя творы з 1968 па 2016 год: 350 вершаў, 4 паэмы і араторыя “Шлях”. “Далеч вячэрняя” выйшла дзякуючы прапанове кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў Беларусі і па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі. Амаль увесь тыраж (2080 экзэмпляраў) ужо паступіў у бібліятэкі.

— Араторыю “Шлях” можна лічыць у нейкай ступені творам наватарскім у беларускай паэзіі. Вельмі цікавая сама форма — што яна прадугледжвае?

— У класічным разуменні араторыя — гэта вялікі эпіка-драматычны музычны твор для хору, салістаў (часам і чытальніка) і сімфанічнага аркестра. Асноўныя элементы музычнага жанру я перанёс у паэтычны твор. Як і ў музыцы, у мяне таксама на першым плане мелодыя. Інтанацыя і танальнасць паэтычнага радка то ўзвышаюцца, то сыходзяць да шэпту, то зноў узнімаюцца да набатнасці. Усё залежыць ад сэнсавай і эмацыянальнай нагрузкі, што і вызначае рытміку верша.

Увесь гэты твор прасякнуты любоўю да Айчыны, трывогай і болем за яе лёс, за лёс народа, роднай мовы, наш лёс…

Як доля — наша пуцявіна —

Яе абсяг не азірнуць.

Няхай мой шлях і шлях Айчыны

Ракой адзінаю цякуць…

— Асабіста мне імпануе тое, што ў вашай паэзіі можна знайсці моцныя  эмоцыі, лірызм, шчырасць. Здаецца, што ў кожным радку жыве душа народа, тонкая і пранікнёная, трапяткая і ранімая. А душа, як вядома, пачынаецца з маці. Ці не так?

— Для мяне маці і Айчына паняцці непадзельныя. У кожнага чалавека жыццё, лёс, шлях пачынаюцца з маці. Потым ён ужо прыходзіць ці не прыходзіць да Радзімы, адчувае сваю еднасць з Бацькаўшчынай ці не адчувае… Але менавіта маці дае першыя ўрокі любові да сваёй роднай зямлі, да тых палеткаў і абшараў, дзе праходзіць ягонае маленства.

Лёс маці Пелагеі Міхееўны, якой ужо даўно, на вялікі жаль, няма на гэтым свеце, быў вельмі складаны і нялёгкі. Яна бачыла многа гора і слёз, пакуль выгадавала  нас, чатырох сыноў, без бацькі. Але ж выгадавала і вывела ў людзі. А час быў няласкавы. І піражкі ці цукеркі мы, вясковыя дзеці, кожны дзень не елі. Але у нас было выхавана пачуццё годнасці, любові да ўсяго роднага, мы, у адрозненне ад сённяшняга пакалення, не глядзелі ў рот Амерыкам і Еўропам…

Мастацкая літаратура, тая самая, класічная, высокамаральная і высокамастацкая, выхоўвала ў нас пачуццё патрыятызму. І было вялікай памылкай (перакананы ў гэтым), калі чыноўнікі па няведанні і недальнабачнасці сваёй (альбо якраз наадварот) адмянілі вусныя і пісьмовыя экзамены па літаратуры. Гэта і ёсць тая самая міна, якая праз нейкі час спрацоўвае і ўзрывае знутры традыцыі, духоўныя ўстоі народа, нацыі, дзяржавы.

Настаўнік, дарэчы, як і пісьменнік, заўсёды быў на перадавой. Ён выхоўваў у сваіх вучняў пачуццё патрыятызму. Без яго, без любові да Бацькаўшчыны і роднай мовы, без гістарычнай памяці не можа быць чалавека годнага, сумленнага, праўдзівага і шчырага.

Без памяці няма грамадства,

Без мовы, веры, без душы…

Тады грамадства — як жабрацтва

На тым, апошнім рубяжы…

Тое, аб чым я зараз кажу, мне вельмі баліць. Тэма духоўнасці нацыі, маральнай моцы грамадства чырвонай ніткай праходзіць праз многія мае творы, і ў першую чаргу праз паэму “Лілія на цёмнай вадзе” і араторыю “Шлях”.

— Вы слушна кажаце пра страты ў духоўнай сферы — звычаі і ўстоі, якія фарміраваліся стагоддзямі…

— Традыцыі размыты. Ужо размыты… У кожнага народа ёсць свая родная мова, ёсць пэўныя, прысутныя толькі гэтаму народу абрады і звычаі, свае маральныя, эстэтычныя і гістарычныя каштоўнасці. Гэта якраз той грунт, той падмурак, на якім трывала, моцна стаіць кожная нацыя, народ, у якіх, падкрэслю, высока развіта пачуццё годнасці і самапавагі. Калі гэта адсутнічае, тады ў падмурку з’яўляюцца трэшчыны і ён паступова разбураецца. А значыць — і грамадства. Не эканоміка, а ў першую чаргу адукацыя і культура цэментуюць грамадства, робяць яго адукаваным, інтэлектуальным і, калі хочаце, інтэлігентным. А мы чамусьці так гэтага палохаемся…

— Калі казаць пра культуру, то роля літаратуры і пісьменніка тут далёка не на апошнім месцы. Якая ж яна, на ваш погляд?

— Некалі яна была ці не галоўная ў грамадстве. Мастацкае слова мела вялікую сілу і фарміравала чалавека. Пісьменнік быў, па сутнасці, галоўным ідэолагам у дзяржаве. Менавіта на сваіх любімых літаратурных герояў раўняліся многія юнакі і дзяўчаты. Яны хацелі быць такімі ж смелымі, чэснымі і праўдзівымі, як, скажам, Андрэй Балконскі ці Паўка Карчагін… А цяпер ці знойдзецца хоць адзін малады чалавек, які хаця б ведаў, хто гэта такія?

Магчыма, нехта запярэчыць, што цяпер час не той і не такі… Ды не ў часе справа. У духоўнасці нашай. Душа не тая. І каштоўнасці не тыя.

Сёння слова пісьменніка ўвогуле не ў цане. На вялікі жаль, запатрабавана лёгкае, нізкапробнае “чытво”. Такая літаратура разбурае душу, дыскрэдытуе званне мастака слова. Сапраўдны пісьменнік нясе адказнасць за сваё слова перад народам, дзяржавай, часам.

— У паэме “Лілея на цёмнай вадзе” і ў араторыі “Шлях” у вас нямала балючых і хвалюючых радкоў, прысвечаных роднай мове. І гэта зразумела. Але ў апошні час усё часцей агучваюцца думкі, што ў наш век глабалізацыі дастаткова адной (скажам, англійскай) мовы ці ў крайнім выпадку дзвюх-трох моў самых вялікіх нацый свету, а ўсе астатнія ўвогуле могуць не існаваць… А як вы лічыце?

— Абсалютнае глупства. І прытым вельмі шкоднае. Гэта тое ж самае, калі вас усё жыццё кожны дзень (раніцай, у абед і вечарам) стануць карміць адной толькі кашай ці толькі адной поліўкай…

Знікненне моў і нацый прывядзе да глабальнай катастрофы і самага звычайнага прымітыву. Гэта значыць, што чалавецтва вернецца ў стан першабытнага ладу. Розныя нацыі і розныя мовы, існуючы побач і кантактуючы паміж сабой, толькі ўзбагачаюць адна адну, культуру свету.

Так, наша стагоддзе — час самых цесных і шырокіх кантактаў, сувязей, культурных зносін паміж краінамі, народамі, людзьмі. І кожны адукаваны малады чалавек проста абавязаны ведаць адну ці нават некалькі замежных моў. Але калі ён не ведае сваёй роднай ці зняважліва ставіцца да яе, то ніяк не можа лічыцца адукаваным і культурным чалавекам.

У гэтай сувязі хачу прыгадаць выказванне аднаго з маіх любімых рускіх пісьменнікаў Канстанціна Паустоўскага: “Па адносінах кожнага чалавека да сваёй мовы можна зусім дакладна меркаваць не толькі аб яго культурным узроўні, але і аб яго грамадзянскай каштоўнасці. Сапраўдная любоў да сваёй краіны немагчыма без любові да сваёй мовы…”

Без мовы няма нацыі, народа, самабытнай дзяржавы. І гэта аксіёма. Мова — душа народа. У любым цывілізаваным грамадстве чалавек мае пашпарт — дакумент, які сведчыць пра ягоную асобу. Мова — пашпарт нацыі. А дзе наш? 

З араторыі «Шлях»

Эпілог

Шлях падымаецца угору...

На кручы нёманскай Каложа

З сівых стагоддзяў як знак Божы.

Унізе Нёман абмялелы,

Як век наш хуткі, 

ўдаль імкнецца.

Стаю. Малюся.

Светлы Божа,

Пашлі, прашу, маёй Айчыне,

Стамлёнай, горкай 

і збалелай,

Збавенне ад грахоў бясконцых,

Ад абыякавасці нашай,

Ад чэрствасці людской 

і звадак,

Пашлі сумленне і спагаду...

Народ бяспамяцтвам хварэе...

Вярні майму народу памяць,

Вярні майму народу мову,

Якой ён выракся бяздумна

У гэты час бяздушна-тлумны.

Няўжо, Гасподзь, мая Радзіма

Не заслужыла ласкі Божай?

Чаму ўсе беды і нястачы

На плечы нашы ускладаеш?

Ці наша доля ўжо такая?..

Народ без веры і без слова,

Вядома, грэшны...

Ды не горшы,

Не самы горшы ў свеце 

гэтым...

Пашлі нам, Божа, прасвятленне,

Каб мы згадалі свой пачатак

І ўсё, што мелі, і што маем,

І што ў блуканнях разгубілі...

Пашлі натхнёнае маленне

Тут, пад скляпеннямі

Каложы,

На кручы нёманскай высокай,

Аб долі зорнай і шчаслівай...

Няхай наш шлях ракой шырокай

Цячэ бясконца праз 

стагоддзі...

І хай над шляхам 

вешчым птахам

Лунае вечна наша Слова —

Прыгожае, як спевы птушак,

Як песня велічных нябёсаў,

Вясны ўрачыстае цвіценне...

Як камяні святой Каложы,

Хай будзем цвёрдымі у веры

І шчырымі ў сваёй любові

Да нашай любае Айчыны...

Пашлі нам, Госпадзі, 

збавенне,

Пашлі нам светлую часіну,

Каб мы ўсвядомілі правіну,

Што нельга гэтак 

болей жыць —

Інакш загіне наша мова,

А значыцца, і мы загінем...

Я заклінаю тваім імем:

Ратуй народ мой ад маны,

Ад раўнадушша і бязвер’я...

Звіняць над Нёманам званы...

І шлях цячэ, імкне наперад...


uskova@sb.by

Фота Паўла ЧУЙКО

P.S.

Калі вярстаўся нумар, стала вядома, што Прэзідэнт краіны абвясціў 2018-ы Годам малой радзімы, пра якую апавядае, пра якую і непакоіцца ці не ў кожным сваім паэтычным радку наш сённяшні субяседнік. 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter