"Берагіня" беражэ Беларусь

Пяты раз гасцінная гомельская зямля прымала напрыканцы мінулага тыдня рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Каля 700 удзельнікаў фальклорных калектываў з усіх абласцей Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі і Малдовы сабраліся ў гарадскім пасёлку Акцябрскі, каб прадэманстраваць на фестывальнай сцэне сваё майстэрства.У гэтым годзе “Берагіня” святкавала сваё дзесяцігоддзе. Многае на пятым, юбілейным форуме аматараў фальклорнага мастацтва адбылося ўпершыню. Першы раз у гісторыі фестывалю ў час яго адкрыцця прагучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, што сведчыць пра значнасць гэтай падзеі ў культурным жыцці краіны. Упершыню ў гэтым годзе фестываль праходзіў пры падтрымцы нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА. Упершыню ўдзел у конкурсах выканаўцаў народных песень і танцаў прынялі творчыя калектывы з тых куткоў Беларусі, якіх дагэтуль не было ў фестывальнай геаграфіі... Але нязменнай засталася сутнасць фестывалю, якую яго арганізатары выразілі паэтычна: “Берагіня” беражэ Беларусь”.

— Такога фестывалю, як “Берагіня”, на еўрапейскім кантыненце больш няма, — адзначыла старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сакратар Саюза кампазітараў Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства і старшыня экспертнага савета фестывалю Тамара Варфаламеева. — Сёння часцей за ўсё выканаўцы вывучаюць народныя песні па нотах, а слухачы чуюць іх у аранжыроўцы, зробленай прафесійнымі кампазітарамі. У “Берагіні” — іншы падыход. Тут адбываецца вусная перадача традыцый народнай культуры ад старэйшага пакалення малодшаму. Моладзь, што ўдзельнічае ў фестывальных канцэртах, вывучала народную спадчыну на слых, на погляд, навобмацак... Выканаўцы не проста спяваюць старажытныя песні, узрост якіх вымяраецца стагоддзямі, яны спяваюць іх так, як пачулі ад 70—80-гадовых бабуль, якія атрымалі гэтыя песні ў спадчыну ад сваіх маці.

Этнографы называюць “Берагіню” унікальным фестывалем, і яны маюць рацыю. Толькі тут, напэўна, можна пабачыць не сцэнічны, вядомы, бадай, кожнаму ў Беларусі варыянт той жа “Лявоніхі”, а безліч яе рэгіянальных варыянтаў. Вывучаць народную спадчыну вусным шляхам — значыць засвоіць інтанацыю, пластыку, моўную традыцыю (адным з раздзелаў фестывальнай праграмы ў гэтым годзе стаў конкурс апавядальнікаў).

— Адна з задач, якую ставілі перад сабою арганізатары “Берагіні”, — навучыць моладзь не механічна запамінаць, завучваць танцавальныя рухі, словы і мелодыю песні, а абудзіць механізм творчага самавыражэння, — расказвае Тамара Варфаламеева. — Памятаю, як Мікалая Козенка, мастацкага кіраўніка фестывалю “Берагіня”, неяк папракнула адна чыноўная дама з аддзела адукацыі: “Што ж вы робіце? Вашы дзеці танцуюць не як на сцэне, а як на вяселлі!” А ён у адказ: “Вы і не ведаеце, які мне камплімент зрабілі!”. Удзельнікі “Берагіні”, а гэта пераважна моладзь, выходзяць на сцэну, каб выразіць сябе, а не паўтарыць перад гледачамі нейкія завучаныя рухі альбо вершаваныя радкі.

Крыніца беларускасці

— Кожны раз “Берагіня” рыхтуецца рукамі і сэрцамі не толькі і не столькі прафесіяналаў культуры, колькі самімі ўдзельнікамі, дзецьмі і моладзю. І ўжо толькі дзеля гэтага трэба праводзіць гэты фестываль, — упэўнены намеснік старшыні Акцябрскага райвыканкама Сяргей Зарычны.

Дзеці на фестывальнай сцэне сапраўды неяк асабліва разняволены. Яны не губляюцца перад шматлікай аўдыторыяй гледачоў, не адчуваюць сябе няёмка ў народных касцюмах.

— Спачатку было крыху страшна выходзіць на сцэну, — расказвае 13-гадовы артыст узорнага фальклорнага калектыву Стайскай дзіцячай школы мастацтваў Лепельскга раёна “Сунічкі” Андрэй Вярбоўскі. — Баішся, што паслізнешся альбо згубіш шапку... А зараз мы да сцэны ўжо прывыклі і ад выступлення атрымліваем толькі станоўчыя эмоцыі.

Юныя ўдзельнікі ў адзін голас запэўнівалі, што калі не стануць лаўрэатамі конкурсаў “Берагіні”, сумаваць не будуць: галоўнае не перамога, а добрае выступленне. Але перад выхадам на сцэну хваляваліся ўсе: і дзеці, і падлеткі, і студэнты, і дарослыя.

“Берагіня” праходзіць у г.п.Акцябрскі раз у два гады. Але, па сутнасці, фестываль не спыняецца з 1998-га — года свайго нараджэння, падкрэслівае старшы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры, мастацкі кіраўнік фестывалю Мікалай Козенка.  Ад “Берагіні” да “Берагіні” праходзяць раённыя і абласныя адборачныя туры, навуковыя канферэнцыі і этнаграфічныя экспедыцыі, ствараюцца новыя творчыя калектывы. Многія з іх аб’ядноўваюць не адно і не два пакаленні аматараў фальклорнага мастацтва, а тры і нават чатыры.

Варвара Данілаўна Верас пражыла доўгае жыццё — больш за 70 гадоў. Яна — самы сталы ўдзельнік узорнага фальклорнага ансамбля Акцябрскага цэнтра вольнага часу “Рудабельскія зорачкі”, узрост большасці артыстаў якога — ад 8 да 16 гадоў. “Бабуля”, як яе ласкава называюць юныя калегі па сцэне, не кіраўнік калектыву. Яна — носьбіт старажытнага мастацтва песні і танца, строгі і мудры крытык творчасці ансамбля. 

— Калі пазнаёмішся з тымі гульнямі, у якія гулялі ў вольны час, на вечарынах нашы продкі, з багацейшымі старажытнымі песеннымі, танцавальнымі, музычнымі традыцыямі, разумееш: забываючыся на ўсё гэта, мы многае губляем, — гаворыць удзельнік калектыву “Рудабельскія зорачкі” адзінаццацікласнік Сяргей Пяшкоў.

— “Берагіня” — гэта крыніца сапраўднай беларускасці на Беларусі. Тут няма падробак, — падкрэслівае Тамара Варфаламеева. 

У святочным натоўпе за чатыры фестывальныя дні ў Акцябрскім можна было ўбачыць бабуль у андараках, што вытканы і пашыты больш за стагоддзе таму, і моладзь, што стварыла свае строі ў нашы дні, але з улікам усіх тонкасцей старажытнай тэхналогіі і рэгіянальных асаблівасцей аздаблення. Пачуць, як гучалі старажытныя музычныя інструменты,  што сёння выглядаюць экзотыкай, а некалі, стагоддзі таму, на іх ігралі амаль на любым сялянскім вяселлі. Даведацца, што ў беларускіх цымбал у параўнанні з рускімі, украінскімі, нямецкімі альбо кітайскімі найбольшая колькасць струн. А таксама паслухаць беларускую валынку.

Валынка ў свядомасці сучаснага чалавека — сімвал Шатландыі. Аказваецца, заўсёды бытавала яна і на Беларусі. Жалейка — самы беларускі музычны інструмент, а валынка — яе прамы нашчадак. У старажытнасці валынку выраблялі з жоўцевага пузыра быка. Гук у беларускай валынкі — нізкі і глыбокі. А ігралі на гэтым старажытным інструменце падчас фестывалю зусім маладыя музыкі.

Людзі ідэі

— Сярод арганізатараў і ўдзельнікаў фестывалю “Берагіня” няма абыякавых, выпадковых людзей, — расказвае старшыня экспертнага савета фестывалю. — Фальклор — тая вобласць навукі, што звычайна не дае ні званняў, ні надзвычайнай вядомасці, ні вялікіх грошай. Каб займацца гэтым, трэба быць людзьмі ідэі.

Беларусь далучылася да міжнароднай канвенцыі ЮНЕСКА “Аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны”, згодна з умовамі якой, адзначаюць навукоўцы, краіны могуць прадстаўляць у якасці культурнай спадчыны толькі тыя нематэрыяльныя культурныя  з’явы, якія маюць устойлівае развіццё. “Берагіня” якраз і садзейнічае гэтаму ўстойліваму развіццю: падчас падрыхтоўкі да фестывалю дзеці навучаюцца цэламу комплексу нацыянальных мастацтваў, і гэта дазваляе ім у далейшым самім станавіцца носьбітамі нацыянальнай культурнай спадчыны. А значыць, яна не загіне, будзе жыць у трэцім тысячагоддзі і бясцэнным скарбам застанецца наступным пакаленням.


 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter