Белыя званочкі

Некаторыя лясныя раслiны iмкнуцца бліжэй да саду-агарода...

Дзіўна, але некаторыя лясныя насельнікі настойліва перабіраюцца бліжэй да саду-агарода

Чым растлумачыць такое? Кожная расліна, дрэва добра ведаюць на зямлі сваё месца, яно з даўніх часоў надзейна і мудра вызначана матухнай-прыродай. Між тым некаторыя кветкі, расліны, нават дрэвы перасяляюцца з хваёвых ці бярозавых лясоў у вясновы сад, да яблынь, груш, сліў, на агародныя градкі, дзе, здавалася б, умовы для іх жыцця неспрыяльныя, бо зусім непрывычныя. Ну а спосабаў такога перасялення шмат: насенне пераносіцца ветрам, птушкамі, чапляецца яно да нашага адзення...

Гляджу — што такое ў нашым садзе? Сядзіць пяшчотны светленькі кусцік вышынёй сантыметраў пяць — сем. З яго вытыркваюцца далікатныя белыя кветачкі. Дык гэта ж кісліца, або зайцава капуста. Але ж чаму яна тут, на вясковай сядзібе, амаль ля самага парога нашай хаты? Гэтыя ж расліны з даўніх часоў надзейна прыжыліся пераважна ў хваёвых і асаблiва яловых лясах. І, безумоўна, адчуваюць тут сябе даволі камфортна, бо калі іншы раз крочыш праз стары ельнік, пад нагамі ў цябе цудоўнае бела-зялёнае покрыва, так што і ступаць неяк боязна, каб яго не парушыць. Ва ўсе бакі, як акінуць вокам, разбегліся пяшчотныя расліны кісліцы.

Старыя яліны, насупленыя і пахмурныя, сваімі густымі вершалінамі і цёмнымі галінамі не прапускаюць сюды промні сонца. А кісліца са сваімі чысцюткімі, на дзіва пяшчотнымі кветачкамі, вельмі падобнымі на белыя званочкі, дае такую аздобу гэтай мясціне, быццам сюды завітала маленькае свята.

Але ж кісліца не толькі яшчэ адно хараство ў нашых лясах. Яна ўтрымлівае шчаўевую кіслату, вітамін С, многія мікраэлементы. Вядомы і аўтарытэтны ў Беларусі знаўца лекавых раслін Лідзія Навічыхіна расказвае, што кісліцу ўжываюць у народнай медыцыне пры лячэнні некаторых захворванняў печані, нырак, неўрозу сэрца, атэрасклерозу. Памагае яна пры вонкавых ранах, язвах, захворваннях горла. Яе сок п’юць перад ежай, калі ў чалавека цынга, гастрыт. Яшчэ такі рэцэпт: расціраюць лісце кісліцы, пасыпаюць цукрам, разбаўляюць кіпячонай халоднай вадой, працэджваюць — і, калі ласка, цудоўны вітамінны напой. Мы з жонкай часам дабаўляем кісліцу ў салаты.

За месяц, што сёлетняй вясной назіраю за кісліцай у нашым садзе, яна з маленькага кусціка, як дзве далоні, разраслася да памераў шырокага капелюша. Ну што тут можна сказаць? Відаць, даспадобы прыйшлася ёй гэтая мясцінка. Хаця размясцілася ў кампаніі, якая і блізка не падобная да той, дзе кісліца жыве адвечна. Мяркуйце самі: кусцік расце ля самага ствала моцнай абляпіхі. За паўметра вялізная яблыня, і пад яе багатай кронай кісліца — як у шалашы. Зусім побач разгалістыя кусты парэчак. Ну і проста нешта нечаканае: з кісліцай цесна сышоўся куст зверабою. Чым яна прывабіла гэтага насельніка лугу, трэба толькі гадаць...

А раніцай, калі якраз сюды праз галіны дрэў прабіраюцца ласкавыя сонечныя промні, кісліца ажывае незвычайна, быццам з самым добрым настроем сустракае пачатак новага дня. Яна не любіць гарачага сонца, і ціхі, мяккі цень, які ляжыць у гэтым куточку саду, надта ёй спрыяе. Асцярожна зрываю некалькі сцяблінак, разглядаю іх. Тры лісцікі, што трымаюцца разам, вельмі напамінаюць сэрца, якое малююць, калі хочуць сказаць пра закаханых. Кветачкі — пяць пялёсткаў, яны белыя-белыя, з фіялетавымі прожылкамі. У глыбіні кветачкі — тычынкі, у якіх пачалося жыццё. Ах, якое зачараванне ад гэтых кволенькіх, такіх слабых, бездапаможных раслінак!

Бяру лісцікі ў рот, жую — смак д-лікатна-кіславаты. І адразу ўспамінаю сваё пасляваеннае дзяцінства. Пасу кароў, у кішэні — акраец хлеба. Са статкам падбіраюся да лесу, дзе шмат кісліцы. Рву цэлую жменю пяшчотных лісцікаў, жую іх разам з хлебам. Вось і адмысловая прыправа да майго «абеду».

А зараз я некалькі разоў на дзень гляджу на гэты дзіўны куст у нашым садзе. Калі перад дажджом кветачкі закрываюцца, то ўражанне такое, быццам кісліца развесіла жывыя белыя званочкі...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter