Галоўны сакрэт гэтай “народнай” карціны — у прозвішчы яе стваральніка Ігара Дабралюбава. Там ёсць дабро і любоў. У кожным кадры

Белыя — значыць чыстыя

Кажуць, чалавек жывы, пакуль яго памятаюць. Захоўваць памяць аб людзях мастацтва ў першую чаргу дапамагаюць іх творы. А яшчэ — круглыя даты. Гэтай восенню з’явілася добрая нагода ўспомніць пра выдатнага беларускага рэжысёра Ігара Дабралюбава — 22 кастрычніка споўнілася б 85 гадоў з дня яго нараджэння. На жаль, майстра няма з намі ўжо восемь год.


Ігар Міхайлавіч зняў нямала вядомых карцін, сярод іх — “Іван Макаравіч”, “Расклад на паслязаўтра”, “Па сакрэце ўсяму свету”, “Плач перапёлкі”. Але самым народным яго фільмам, напэўна, былі і застаюцца “Белыя росы” па сцэнарыі драматурга Аляксея Дударава. Нават на YouTube ў гэтага фільма каля 4 мільёнаў праглядаў, як у кліпаў эстрадных суперзорак! А за першы год яго паглядзела больш за 60 мільёнаў гледачоў. Такі вось наш загадкавы кінематаграфічны феномен. Горка, што на мінулым тыдні пайшоў з жыцця Мікалай Карачанцаў, які выканаў у “Белых росах” адну з галоўных роляў.

Нядаўна Дудараў сустракаўся з ветэранамі, якія знаходзяцца на лячэнні ў Рэспубліканскім клінічным шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М. Машэрава ў Бараўлянах, і супрацоўнікамі гэтай медыцынскай установы. Аляксей Ануфрыевіч успомніў некаторыя моманты са здымак культавай стужкі і паспрабаваў разгадаць яе таямніцу. А я зноў зразумеў: без гумару ў кіно — нікуды. У добрых фільмах смех і слёзы заўсёды побач.

— Неяк зноў паказвалі па тэлебачанні “Белыя росы”, і я вырашыў паглядзець, бо даўно не бачыў, — кажа Дудараў. — І шмат чаго ўспомнілася. Пра працу з Ігарам Дабралюбавым. Пра тое, як мы рабілі кіно...

Кадр з фільма “Белыя росы”

ПАМЯЦЬ
Акцёр Мікалай Карачанцаў пайшоў з жыцця на мінулым тыдні — 26 кастрычніка, за дзень да свайго 74-годдзя. Ён памёр у рэанімацыі 62-й бальніцы ў Маскве.
Галівуд гэта ці не? Здаецца, не. Адбываецца там нешта неверагоднае? Здаецца, не. Але самае галоўнае, што там ёсць, гэта тое, што кожны дзень здараецца з намі ўсімі: кожны дзень мы ўсе нешта губляем. Нешта пакідаем, пераходзім у тую ці іншую якасць.
Памятаеце адну з апошніх сцэн — размову пасля вяселля? Бацька і сын сядзяць. Бацька кажа сыну: “Ідзі дамоў, да жонкі”. І прыходзіць сябрук, герой Барыса Новікава. Такой сцэны ў сцэнарыі не было — гэта імправізацыя Барыса Кузьміча і ён прасіў Дабралюбава яе зняць. Той адмаўляўся да апошняга, а пасля не вытрымаў і сказаў аператару Рыгору Масальскаму: “Уключы ты камеру, хай робіць, што хоча, потым усё роўна выражам”. І герой Новікава кажа ў гэтай сцэне: “Вось, здавалася б, усё добра, а ўвогуле — прападзі ты ўсё пропадам: і цешча, і Валет, і гэтыя далікатэсы...” І пайшоў у ноч з талеркай. Здаецца, нічога асаблівага ў гэтай сцэне няма, але як таленавіты акцёр некалькімі фразамі паглыбіў вобраз і нават, на мой погляд, сутнасць стужкі. Ён нёс “далікатэсы” сабаку Валету, які лаяў на балконе. Але яго герой інтуітыўна разумее, што з імі адбылася трагедыя. Валет на балконе жыць не будзе, як яго ні кармі і як яго ні выгулівай. Нават у сабакі з пераездам адбылася трагедыя, што ж тут казаць пра людзей. У Белыя росы вяртання няма. Але і горад — не іх зямля. Хто ў гэтым вінаваты? Ніхто. Як гэтага пазбегнуць? Ніяк не пазбегнеш.

Калі я пісаў гэты сцэнарый, мне было 32 гады. Я не быў тады такі разумны і такі сівы, але, мабыць, нешта таксама інтуітыўна адчуваў пра гэты разрыў са сваімі каранямі і вёскай, які непазбежна надыходзіць. Мянялася матрыца жыцця і часу.

Часта пытаюцца: ты з некага канкрэтнага спісваў вобразы? Так, нешта ў Ходаса ёсць ад майго бацькі. І цешчына настойка была. І словы пра воўчыя ягады я ад яго чуў. Як гэта пачалося? Калі я прачытаў апавяданні Васіля Шукшына, я ўбачыў у яго чудзіках сваіх суседзяў, нават цікавейшых, чым у яго. Мне захацелася не паспрачацца з Шукшыным, але таксама выказацца пра іх. Шукшын паказаў усім, што можна пісаць пра вёску неяк па-новаму, з новым адчуваннем жыцця, з прагай да жыцця, з гумарам, з гэтай амаль чэхаўскай увагай да дэталяў. На жаль, шляхі нашы ў рэальным жыцці не перасякліся, але я лічу яго сваім хросным бацькам у літаратуры. Нават сёння час ад часу адкрываю яго апавяданні і чытаю. Яны, дарэчы, былі аднакурснікамі з Дабралюбавым.

Калі я пісаў, то Ходасам бачыў Івана Лапікава. Але Усевалад Санаеў сыграў яго па-свойму. І геніяльна сыграў. Яго фінальную сцэну звяртання да сонца я без слёз глядзець не магу. І ўсім раю — часцей звяртацца да яго і дзякаваць за жыццё!

Вельмі дакладнае пападанне таксама з Карачанцавым і астатнімі героямі. Нарэшце ўспомніў, што Мікалай заўсёды вельмі баяўся вышыні. А там трэба было сядзець на дрэве, у бусліным гняздзе. І калі прааналізаваць гэты эпізод, вы пабачыце, што ён імкнецца не глядзець уніз, а толькі перад сабой. Таму што яму было вельмі боязна. Мікалай быў чысты, добры, светлы чалавек. На маю думку, ён нічога ніколі не іграў. І ў тэатры, і на экране быў самім сабой. Тым, у каго з’явіліся слёзы пасля навіны пра гэту страту, — трэба іх змахнуць. Змахнуць і пакланіцца да зямлі. Вечная памяць Карачанцаву, Дабралюбаву, Санаеву, Новікаву... Мне пашчасціла, што ў маім жыцці адбыліся сустрэчы з такімі таленавітамі асобамі.

pepel@sb.by

ДАВЕДКА “НГ”

Народны артыст БССР Ігар Дабралюбаў нарадзіўся 22 кастрычніка 1933 года ў Новасібірску. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ і рэжысёрскі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі. Яго настаўнікам быў Міхаіл Ромм, а аднакурснікамі — Андрэй Таркоўскі і Васіль Шукшын. За 30 гадоў рэжысёрскай кар’еры Ігар Міхайлавіч зняў 18 фільмаў. У 2008 годзе Вярхоўны суд Беларусі прызнаў за кінастудыяй “Беларусьфільм” правы на стужкі Дабралюбава. Згодна з гэтым рашэннем, ні ён, ні яго нашчадкі не атрымліваюць аўтарскіх узнагарод за пракат і продаж фільмаў.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter