Белавежскае дзіва

Фотаальбом “Белавежскае дзіва” толькі з’явіўся ў продажы, а ўжо выклікаў цікавасць у чытачоў. Яго аўтары — навуковы супрацоўнік Бярэзінскага біясфернага запаведніка Ігар Бышнёў і навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” Мікалай Чэркас. Выпушчана кніга выдавецтвам “Беларусь” тыражом 3000 экземпляраў і прымеркавана да 600-годдзя існавання запаведнасці пушчы.

У альбоме пяць раздзелаў, якія распавядаюць пра гісторыю і сучаснасць прыроднай жамчужыны нашага краю. Большасць здымкаў публікуецца ўпершыню. Адметнае месца займаюць ілюстрацыі белавежскага цара — зубра, а таксама краявіды першабытнага лесу. Унікальныя фотаматэрыялы расказваюць пра наведванне пушчы знакамітымі асобамі.
Адразу пасля прэзентацыі альбома, якая прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, выданне паступіла ў продаж. Дарэчы, на Гродзеншчыне лепш купляюць беларускамоўныя экземпляры, а ў сталіцы шпарчэй разыходзіцца рускамоўны варыянт гэтай кнігі. Абодва варыянты маюць англійскі пераклад тэксту ў разліку на замежнага чытача.
— Фотаальбом — вынік шматгадовай упартай працы, — адзначыў Мікалай Чэркас. — Каб зрабіць рэдкі здымак, даводзілася адмерваць пешшу не адзін кіламетр, суткамі не вылазіць з балота, тыднямі начаваць у лесе. Дапамагае тое, што я жыву ў самой пушчы, маю шчасце штодня захапляцца яе прыгажосцю. Сваё зачараванне хараством Белавежскай пушчы мы з Ігарам Бышнёвым пастараліся перадаць усім, каго зацікавіць наша работа.  
У гэтым жа выдавецтве ў маі выходзіць другая кніга Мікалая Чэркаса ў сааўтарстве з супрацоўнікам расійскага музея “Московский Кремль” Ірынай Пармузінай — “Царскія паляванні ў Белавежскай пушчы”. У яе ўвайшлі новыя, раней неапублікаваныя матэрыялы. Цікава будзе не толькі ўбачыць карціны царскіх паляванняў, але і пазнаёміцца з запісамі, якія вёў у сваім дзённіку апошні расійскі імператар Мікалай II.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter