В Заславле на Дне белорусской письменности презентуют новое издание "Библии" Франциска Скорины

Беларусы трымаюць слова

Дзень пісьменства вяртаецца ў Заслаўе. Свята, якое аб'ядноўвае краіну з багатай культурна-асветніцкай спадчынай.

Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі… Гэтыя ас-ветнiкi заклалі фундамент нашай духоўнас-ці. Каб зберагчы і ўзбагаціць яе, мы, іх нашчадкі, штогод праводзім Дзень пісьменства. Свята, якое аб’ядноў-вае Беларусь — краіну з багатай культурнай спадчынай, адкрываец-ца сёння ў Заслаўі.


Ад прадзеда ў спакон вякоў


У гэтыя выхадныя на галоўнай плошчы горада разгорнецца фестываль кнігі і прэсы. Вядомыя пісьменнікі, паэты, журналісты, выдаўцы з розных краін свету будуць раздаваць аўтографы і фатаграфавацца з усімі жадаючымі. 


Сёння ж на плошчы можна ўбачыць, як працуюць друкаваныя станкі XVI стагоддзя і як вырабляюць паперу старажытным спосабам. Сустрэнуць гасцей «жывыя скульптуры» — пісьменнікі і героі кніг эпохі Асветы. 


На вуліцы Савецкай увесь дзень будуць гучаць вершы на роднай мове — тут праходзіць маладзёжная акцыя «Чытай па-беларуску». 


Настрой задаюць ансамблі старадаўняй музыкі і стылізаваныя рыцарскія спаборніцтвы. Усе жадаючыя змогуць на спецыяльных майстар-класах развучыць танцы Сярэднявечча. 


Будзе весела і малым: у дзіцячым парку культуры і адпачынку праходзіць «пернікавы фестываль», дзе людзі ў нацыянальных вопратках рыхтуюць спрадвечна беларускія прысмакі. Гандлёвыя рады са смачнасцямі працуюць амаль на ўсіх вуліцах горада.


Сёння ж адбудзецца адно з галоўных падзей свята — адкрыццё помніка заснавальніку горада — князю Ізяславу, сыну княгіні Рагнеды. 


Адкрыты ў Заслаўі і новы гістарычны турмаршрут. Кожны жадаючы зможа пагрузіцца ў атмасферу розных эпох — ад часоў полацкага княства да сучасных дзён. 


Іна ГАРБАЦЕНКА


gorbatenko_inna@mail.ru


Мая родная старонка


Трымаю і не веру. У руках — адно з пражскіх выданняў Францыска Скарыны. Сапраўднае. Непадробнае. Якое захоўвае на сабе сляды пальцаў нашага першадрукара. 


Гэты фаліянт 1517 года — адзін з самых каштоўных у Нацыянальнай бібліятэцы. Хаця яго акружае і мноства іншых рарытэтаў, якія дыхаюць гісторыяй. 


«Зірніце, гэта з нясвіжскай калекцыі», — з гонарам паказвае выданне XVIII стагоддзя намеснік дырэктара бібліятэкі Аляксандр Суша. На вокладцы лацінкай пазначана: Марк Тулій Цыцэрон. У вочы кідаецца і іншы том, з ілюстрацыямі на ўсю старонку. У кнізе «Партрэты сям`і Радзівілаў» — 165 малюнкаў усіх прадстаўнікоў роду, якія жылі з 1346-га да 1780 года. 


Далей яшчэ адзін сапраўдны шэдэўр — Віленскае Евангелле Пятра Мсціслаўца XVI стагоддзя.


На амаль 300-метровай плошчы Музея кнігі, сапраўды, прыходзіш у захапленне. Вось унікальныя рукапісныя кнігі з пергаменту, пальмавых лісцяў і паперы, створаныя ў XV—XIX стагоддзях. А вось старадрукаваныя XV—XVIII стагоддзяў — інкунабулы з «выдавецкіх дамоў» Еўропы і Беларусі: Вільня, Куцейна, Магілёў, Супрасль, Полацк, Нясвіж... 


Затрымліваемся ля стэнда з інкунабуламі. Самыя старажытныя друкаваныя кнігі вельмі нагадваюць рукапісныя. «У другой палове XV стагоддзя да іх быў прыкладна такі ж недавер, як у нашу эпоху — да электронных», — усміхаецца, знайшоўшы ўдалае параўнанне, Аляксандр Аляксандравіч. Тады, па словах майго экскурсавода, людзі думалі, што за ўсім гэтым стаяць дэманскія сілы. Таму першым часам у кнігадрукаванні стараліся прытрымлівацца старых канонаў: шрыфт падобны да літар, якімі манахі пісалі ўручную.


Паняцце «рэдкая кніга» не заўсёды значыць толькі «старажытная». На новым стэндзе — мініяцюрныя выданні. Падумаць толькі: тут кнігі з напарстак! Самае дробнае выданне-малютка ў музеі — «Цуд з цудаў» памерам 0,9 х 0,6 см. Такое, прызнаюцца работнікі бібліятэкі, чытаць лепш пад мікраскопам. 


Дарэчы, на палях многіх кніг — паметкі і нават аўтографы вялікіх людзей. На факсіміле Полацкага Евангелля канца XII — пачатку XIII стагоддзя, напрыклад, дароўны запіс полацкага князя Андрэя. 


Сляды свайго пяра ў кнігах пакінулі Бунін, Шагал, Багдановіч, Пікасо, Гіпіус, Керанскі, Вавілаў, Энгельс. Асаблівую цікавасць у мяне выклікаў запіс Марыны Цвятаевай. Вершы на французскай мове, напісаныя чарнілам, так і засталіся нявыдадзенымі. 


А часам паміж старонак трапляюцца лісты, паштоўкі і нават засушаныя кветкі. Аднойчы знайшлі ліст маці да сына, напісаны на паперы сажай.


Зразумела, у экспазіцыю музея ўвайшла толькі малая частка наяўных скарбаў. Наогул жа ў фондзе навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства больш за 75 тысяч дакументаў. І ўсе яны даступныя чытачам бібліятэкі. 


Трымаць рэдкія фаліянты ў поўным здароўі і бяспецы — справа тонкая і цяжкая. Аляксандр Суша праводзіць мяне ў пакой «за сямю замкамі» — сховішча. Заходзім, абмінаючы шматлікія ахоўныя прылады і часова адключыўшы сігналізацыю. Тут зусім іншы мікраклімат: ля стэндаў з кнігамі тэмпература + 19—20, усё строга па правілах. Адчуваю, змяніўся нават пах — падобна на тое, як у басейне. Уся справа ў кандыцыянаванні: мноства спецыяльных фільтраў пастаянна абяспыльваюць памяшканне.


«Дарэчы, многім бібліяфілам падабаецца пах кніжнага пылу. За мяжой выпусцілі нават дэзадарант з такім водарам», — зусім не жартуе Аляксандр Суша. 


Кнігі адна да адной акуратна стаяць на стэндах, старанна падабраныя па фармаце. Усе экспанаты, якія сюды трапляюць, праходзяць спецыяльную дэзапрацоўку, забіваюцца мікробы, бактэрыі, цвіль. Мой экскурсавод бярэ з паліцы звычайную на выгляд кардонную скрынку. Але гэта не так. Яна зроблена з бескіслотнага кардону, і кніжныя старонкі ўнутры таму не псуюцца. Хоць абыходзіцца гэта нятанна, затое забяспечвае рарытэтам доўгае жыццё. 


Як трапляюць рэдкія кнігі ў фонды бібліятэкі? Штосьці купляецца, нешта прыносяць людзі, дораць спонсары. Заікаюся аб кошце рарытэтаў. Гаворачы аб фактычнай, а не аўкцыённай цане, Аляксандр Аляксандравіч называе дзясяткі і сотні тысяч долараў. Выданні пачатку XVI стагоддзя могуць каштаваць ад 20 да 150 тысяч. Асабліва рэдкія — да 500 тысяч, а поўны унікум — нават мільён. Кошты, вядома, наўскідку: на камерцыйным рынку, у залежнасці ад краіны, дзе праходзіць аўкцыён, яны ўвесь час вар`іруюцца.


Праходзім у чытальную залу, дзе любы жадаючы, няхай гэта будзе грамадзянін нашай краіны ці яе замежны госць, можа дакрануцца да мінулага. Ёсць кнігі і ў электронным выглядзе — ў каталозе амаль 400 тысяч алічбаваных дакументаў. 


Так у скарбніцы ведаў злучыліся мінулае і будучыня. Сведчанне таго, што культурная спадчына будзе жыць яшчэ не адно стагоддзе.


Юлія ПАПКО


ypopko@bk.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter