Беларускi доктар у казахскiм стэпе

Мiхаiл Фiлiмонаў рабiў у стэпе аперацыi, на якiя не адважвалiся ў буйных клiнiках

Беларускi доктар у казахскiм стэпе рабiў такiя складаныя аперацыi, на якiя нават не адважвалiся ў буйных клiнiках

З Тамарай Жукавай я пазнаёмiўся летась, калi сваякi былога галоўнага ўрача 1-й клiнiчнай бальнiцы Мiнска, вядомага ў свой час у Беларусi хiрурга i камандзiра партызанскай брыгады iмя С.М. Кiрава, Аляксея Шубы перадавалi яго асабiстыя рэчы Старадарожскаму раённаму гiсторыка-этнаграфiчнаму музею. Муж Тамары Васiльеўны — вучань Аляксея Шубы, лiчыў, што многiм у сваiм прафесiйным жыццi абавязаны настаўнiку.

— У красавiку 1954 года мой муж Мiхаiл Фiлiмонаў, хiрург i клiнiчны ардынатар, атрымаў камсамольскую пуцёўку на цалiну. Разам з iм пачынала там лячэбную практыку i я, студэнтка Мiнскага медiнстытута. Няма ў жывых нi майго мужа, нi яго настаўнiка Аляксея Iванавiча. Затое засталася памяць пра беларускiх дактароў у Казахстане: ў сэрцах былых супрацоўнiкаў цалiннай бальнiцы, жыхароў казахскага пасёлка Кос-Iстэк. У гэтым я пераканалася ў 1986 годзе, калi наведала мясцiны сваей урачэбнай маладосцi. Прыемна было ўбачыць значныя змены, якiя адбылiся за 25 гадоў. Убачыць двухпавярховую раённую бальнiцу, пра якую ён марыў. У мясцовых жыхароў — асабiстыя аўто. На рэчцы Каргале, якая ў спякоту перасыхала i заставалiся толькi адзiныя плёсы, узведзена плацiна, i вока радуе Каргалiнскае вадасховiшча, якое разлiлося, як мора. Гэта ўсё зроблена ў цесным саюзе брацкiх народаў, вядома, з удзелам Аляксея Шубы. Радавалася сустрэчам з былымi сяброў-камi па рабоце. Яны, як i мясцовыя казахi-старажылы, помняць беларускага доктара. Чаму?

У 50-я гады Акцюбiнскi аддзел аховы здароўя Казахскай ССР накiраваў 25-гадовага хiрурга Мiхаiла Фiлiмонава галоўным урачом у бальнiцу Сцяпнога раёна. На краю пасёлка, якi знаходзiцца ў 75 кiламетрах ад Акцюбiнска, раённая бальнiца была ў аднапавярховым памяшканнi з саманнай цэглы. З «цывiлiзацыi» была электрычнасць, i тая непастаянна, ды тэлефон на пошце. У далёкiх аулах жылi людзi, якiя не бачылi машын, а тым больш людзей у белых халатах. Панавала галеча, высокай была смяротнасць дзяцей. Ад былых сельскiх паселiшч, якiя абязлюдзелi ў галодныя гады (тады яны зачапiлi чорным крылом i ўкраiнцаў, i беларусаў, i рускiх), засталiся рэшткi.

«Беларускi доктар» з першых дзён паставiў задачу: дыспансерызацыя не толькi цалiнных хлебаробаў, але i насельнiцтва раёна, у тым лiку i дзяцей, тым больш пастаяннага педыятра ў бальнiцы не было некалькi гадоў.

Настаўнiк Аляксей Шуба, якi «благаславiў» Мiхаiла на камандзiроўку на цалiну, заставаўся адказным за яго i дапамагаў iнструментам i абсталяваннем для аснашчэння аперацыйнага блока i радзiльнага аддзялення цалiннай бальнiцы. Пры неабходнасцi хворыя накiроўвалiся ў Мiнск. Галоўны ўрач i хiрург цалiннай бальнiцы па прыкладу настаўнiка вучыў персанал таму, што ўмеў сам. Акушэркi i медсёстры таксама прыехалi па камсамольскiх пуцёўках.

Праз тры месяцы аперацыйная, рэзервовые донары, медперсанал былi падрыхтаваны да аказання планавай хiрур-гiчнай дапамогi. А праз чатыры гады пяць урачоў аказвалi мясцовым жыхарам шматпрофiльную лячэбную дапамогу. Праверылi насельнiцтва раёна, выявiлi хранiчна хворых, якiх старалiся падлячыць да наступлення бездарожжа. Адрамантавалi бальнiцу, усталявалi аўтаномнае вода- i аварыйнае электразабеспячэнне. Узвялi чатыры новыя дамы для супрацоўнiкаў, пабудавалi асобную палiклiнiку з падсобнай гаспадаркай i рыбалоўнай «брыгадай» (лавiлi рыбу для хворых з мэтай зрабiць больш разнастайным iх харчаванне). 35 ложкаў ужо не хапала, i разам з мясцовай уладай планавалi, а пасля ўзводзiлi новую бальнiцу.

Слава пра «беларускага доктара» расла, i ў бальнiцу сталi звяртацца хворыя з iншых абласцей Казахстана. Напрыклад, паступiла 23-гадовая казашка, мацi дваiх непаўналетнiх дзяцей, з чахоткай i кавернай у адным лёгкiм. У iншую бальнiцу яна не захацела: хвароба зайшла вельмi далёка. Кансiлiум урачоў у прысутнасцi першага сакратара райкома партыi вырашыў, што для выратавання жанчыны падыходзiць толькi аперацыя. Даў дабро на гэта па тэлефоне i настаўнiк Аляксей Шуба. Пад мясцовай анестэзiяй хворай выразалi пашкоджанае лёгкае. Адметна, што такiя аперацыi не адважвалiся тады рабiць нават i ў буйных лячэбнiцах, аснашчаных значна лепш. Нялёгкiм быў i пасляаперацыйны месяц: змяняючы адзiн аднаго не адыходзiлi ад хворай тры беларускiя i два рускiя ўрачы. I выратавалi-такi цяжкахворую. У сярэдзiне 60-х гадоў Фiлiмонаў наведаў былую пацыентку Кульмайран. Яна працавала, выглядала здаровай i шчаслiвай, у коле сям’i з падросшымi сынам i дачкой сустракалi дарагога госця…

Калi заканчваўся шосты год працы Мiхаiла Фiлiмонава на цалiне, яго праважалi i пры развiтаннi плакалi. На дарогах да Акцюбiнска нават стаялi пiкеты з жыхароў раёна, якiя дзякавалi доктару, а ў яго асобе i Беларусь, за братэрскую дапамогу.

I цяпер успамiнаеццца пах палыну i чабору казахскiх стэпаў. Помняцца такiя дэталi: у нiзiне ляжыць снег, а на ўзгорках пад яркiм сонцам квiтнеюць дзiкiя цюльпаны. Самае моцнае ўражанне ад тых гадоў — добры, працалюбiвы i гасцiнны казахскi народ.

Анатоль БАРЫС, член Беларускага саюза журналiстаў з 1973 года

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter