БЕЛАРУСКІ КІЦЕЖ

З казачным “градам Кіцежам” параўноўваў Пінск славуты рускі паэт Аляксандр Блок, назіраючы горад у бінокль з наваколля вёскі Колбы, дзе ён кватараваў падчас супрацьстаяння ў пінскіх балотах у 1915 годзе рускіх і кайзераўскіх войскаў. Пінск — адзін з найпрыгажэйшых гарадоў беларускага Палесся. Ен “бярэ” гасцей сваёй камернасцю, спакоем і цішынёй. Шпацыруючы па старых вуліцах гэтага горада, адчуваеш, што час нібыта спыніўся, а аўтамабілі, якія праязджаюць міма, рухаюцца быццам у запаволенай кінастужцы, і ад гэтага робіцца ціха і хораша на душы. Ціха ад таго, што ёсць час падумаць... І хораша, што мітусня засталася недзе ў сталіцы.

— Мне пашчасціла нарадзіцца ў Пінску і пражыць тут свае першыя семнаццаць год, — дзеліцца ўражаннямі фатограф Алег Бабінец. — Добрае веданне пінскіх рэк, шматразова пераплытых уздоўж (на маторнай лодцы) і ўпоперак (вольным стылем) у час пражывання ў гэтым
горадзе, дапамагло мне разгледзець найбольш жывапісныя краявіды. Тут знаходзіцца адзінае ў Еўропе месца, дзе дзве ракі, Піна і Прыпяць, зліваюцца разам і зноў разыходзяцца. Унікальнасць Пінска ў рэдкім спалучэнні некранутай прыроды Палесся на правым беразе Піны з непаўторным каларытам самабытнага горада і яго жыхароў на левым беразе ракі.

Ад дрыгавічоў да “святых камуністаў”

Першая згадка пра Пінск у старажытных рускіх летапісах адносіцца да 1097 года, ды і сам горад ад самага пачатку выступаў як духоўны цэнтр на неабсяжных палескіх прасторах. Паводле легенды, перад хрышчэннем палешукоў з Кіева па Дняпры і Прыпяці насуперак цячэнню прыплылі да пінскіх сцен каменныя крыжы. Гэты цуд паспрыяў прыняццю хрысціянства жыхарамі Палесся, якія належалі да славянскага племені дрыгавічоў.
У XIII стагоддзі тут быў заснаваны адзін са старажытнейшых на Беларусі праваслаўны Ляшчанскі манастыр. Сярод святых, чые імёны асабліва ўрачыста гучаць у праваслаўных пінскіх храмах, непасрэднае дачыненне да Пінска і яго наваколля маюць прападобны пакутнік Афанасій Філіповіч і святы Макарый, ігумен пінскі. У XVI стагоддзі ў горадзе было каля 16 праваслаўных цэркваў. Усе яны былі драўляныя, і ніводная з іх, на жаль, не захавалася.
— Найбольш значным сярод ацалелых помнікаў Пінска, — распавядае Кацярына Севярын, загадчыца навукова-даследчага аддзела Музея беларускага Палесся, — з’яўляецца ансамбль францысканскага кляштара (XIV—XVIІІ стагоддзі). Інтэр’ер яго касцёла Успення Панны Марыі ўражвае сваёй веліччу, багаццем алтароў і выкшталцонасцю рос-пісаў. XVII стагоддзе падаравала нашчадкам велічны езуіцкі калегіум, заснаваны ў 1656 годзе. Тут навучаліся многія з тых, хто потым праславіў сваю альма-матэр далёка за межамі Пінска. У гонар святога Андрэя Баболі, які прапаведаваў у яго сценах, каталіцкія вернікі штогод ладзяць пілігрымкі праз Пінск. Ды і што казаць, многа таямніц хаваецца пад зямлёй у напаўзасыпаных сутарэннях, якія злучалі калегіум з іншымі месцамі старажытнага Пінска.
Не менш знакаміты і касцёл адзінага ў Паўднёвай Еўропе кляштара ордэна камуністаў святога Карла Барамея, які закладзены ў XVII стагоддзі. Многія ідэі гэтага рэлігійнага ордэна, заснаванага ў сярэднявеччы ў Германіі, леглі потым у падмурак вучэння класікаў марксізму. На старажытных картах Пінска гэты касцёл пазначаны як “касцёл камуністаў”. Цяпер у гэтым унікальным будынку знаходзіцца канцэртная зала, якая збірае пад сваім дахам аматараў мастацтва.

Палескі рэнесанс

Шмат чаго помняць вуліцы старога Пінска... Войны ды паўстанні неаднаразова пераціралі-нявечылі яго ў сваіх жорнах. У 1648 годзе падчас падаўлення паўстання гараджан, якія далучыліся да казакаў Багдана Хмяльніцкага, горад быў зруйнаваны, а значная частка насельніцтва вынішчана.
Біёграфы шведскага караля Карла XII сцвярджаюць, што пад уражаннем ад панарамы пінскіх балот, пабачанай з вежы касцёла ў 1706 годзе, ён прамовіў: “Тут мая смерць!” Шведскае войска таксама зрабіла свой унёсак у разбурэнне горада, знішчыўшы замак Вышнявецкіх і шэраг іншых гарадскіх збудаванняў.
Паводле даследаванняў пінскага гісторыка Аляксандра Ільіна, у другой палове XIX стагоддзя пра Пінск гавораць як пра цэнтр польскай культуры. Тут працавалі гісторык і пісьменнік Антоні Машынскі, скульптар і мастак Хелена Скірмунт, кампазітар і мастак Напалеон Орда. Праўда, насуперак польска-каталіцкаму ўплыву дырэктар пінскай гімназіі Стэфан Куклінскі заснаваў гісторыка-літаратурны гурток праваслаўнай скіраванасці, у “кулуарах” якога нарадзіліся граматыка Платона Ціхановіча, зборнік палескага фальклору Дзмітрыя Булгакоўскага “Пінчукі”, антышляхецкая камедыя Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”, гістарычныя працы самога Куклінскага і святароў Васіля Грудніцкага, Міхаіла Загароўскага і шмат каго іншага.
У Пінску свае кнігі па гісторыі Літвы пісала Канстанцыя Скірмунт. Яе польскамоўныя гістарычныя працы адразу перакладаліся на літоўскую мову і ў хуткім часе рабіліся падзеямі ў культурным жыцці Літвы. Верагодна, што пісьменніца была таксама адным з аўтараў “Русінскага лемантара” — буквара на палескім дыялекце.
У пачатку XX стагоддзя, паводле ўсё таго ж Ільіна, у трыццацітысячным Пінску дзейнічалі тры праваслаўныя царквы і мужчынскі манастыр, два касцёлы, дзве сінагогі і 26 яўрэйскіх малітоўных дамоў. Працавалі розныя ўстановы адукацыі. У горадзе было 11 кнігарняў, у чатырох з якіх меліся кабінеты для чытання, у адной прадаваліся пераважна яўрэйскія кнігі, у трох — рускія. Сваімі фондамі славілася і прыватная біблі-ятэка Рыгора Лур’е.

Пінская шляхта

Аповед пра Пінск быў бы няпоўны і неаб’ектыўны, калі не згадаць старонак гісторыі, звязаных з амаль што пяцісотгадовым знаходжаннем у горадзе над Пінаю яўрэйскай абшчыны. Яе заснавалі ў 1506 годзе. Як сцвярджаюць знаўцы яўрэйскай гісторыі, нягледзячы на невялікія памеры, Пінск даў раскіданаму па ўсім свеце яўрэйскаму народу болей, чым некаторыя сталіцы. Пінскае прадмесце Каралін — сапраўдная Мека для хасідаў, паслядоўнікаў равіна Аарона Пярлова, які заснаваў тут у XVIII стагоддзі свой рэлігійны рух.
Цесна паяднаныя з Пінскам і першыя асобы Дзяржавы Ізраіль. Адзінаццацігадовым хлопчыкам прыехаў сюды з вёскі Моталь Хаім Вейцман, будучы першы прэзідэнт Ізраіля. У Пінскім рэальным вучылішчы ён зрабіў першыя крокі да навуковых дасягненняў у галіне хіміі.
Недзе ў старэнькіх дворыках, побач з ракой Пінаю, гуляла маленькая дзяўчынка, якую з цягам часу будуць называць “адзіным мужчынам ізраільскага кнесэта”, — будучы прэм’ер-міністр Ізраіля Голда Меер...
У Пінску быў праездам кайзер Вільгельм. Тут пачынаў сваю настаўніцкую кар’еру Якуб Колас. Ды й сама пінская зямля ўрадлівая на літаратурныя таленты. Пазней дух гэтых месцаў да чытача данясуць Яўгенія Янішчыц, Валянціна Коўтун, Алесь Бібіцкі, Зіновій Вагер і іншыя палескія песняры.


Фота Алега БАБІНЦА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter