Беларусі малочны крызіс не пагражае, пераконваюць адказныя асобы

Вытворчасць малака ў гаспадарках Беларусі за 9 месяцаў бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага павялічылася на 3,7 працэнта і склала 3 млн 723 тысяч тон, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў галоўным упраўленні інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Паводле слоў спецыялістаў, вырабленага аб’ёму сыравіны цалкам дастаткова для задавальнення патрэб перапрацоўчай прамысловасці і паставак натуральнамалочнай прадукцыі на ўнутраны рынак Беларусі.
“Ніякага дэфіцыту малочнай прадукцыі на спажывецкім рынку Беларусі няма і не будзе”, — падкрэсліў у размове з карэспандэнтам БЕЛТА начальнік упраўлення харчавання Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Кашнікаў. Ён абвергнуў паведамленні, якія з’явіліся ў Інтэрнеце, аб тым, што Беларусі быццам бы пагражае малочны крызіс. Паводле слоў спецыяліста, малака ў краіне вырабляецца дастаткова для задавальнення ўнутранага рынку. Больш таго, пастаянна нарошчваюцца аб’ёмы яго выпуску. У гэтым годзе гаспадаркі нарыхтавалі больш сакавітых травяных кармоў, што дасць магчымасць павялічыць вытворчасць малака і ў зімовы перыяд.
Што датычыцца продажаў беларускага малака ў Расію, то іх нельга назваць масавымі, растлумачыў спецыяліст. Ва ўсякім разе нікому з айчынных вытворцаў афіцыйна міністр сельскай гаспадаркі і харчаваня не падпісваў дазволу аб рэалізацыі малочнай сыравіны ў расійскія рэгіёны. Экспарт натуральнамалочнай прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю ажыццяўляецца ў запланаваных аб’ёмах, і яго пастаўкі сапраўды прадаўжаюць расці, але не ва ўрон унутранаму рынку.
Ва ўпраўленні арганізацыі спажывецкага рынку харчовых тавараў Міністэрства гандлю карэспандэнту БЕЛТА таксама паведамілі, што дэфіцыту малочнай прадукцыі на ўнутраным рынку Беларусі няма. Усе заяўкі гандлёвых арганізацый на пастаўку натуральнамалочнай прадукцыі выконваюцца. Невялікія цяжкасці з пастаўкамі сыравіны былі  апошнім часам толькі на мінскіх гарадскіх малочных заводах. Але яны мелі часовы характар. Цяпер сітуацыя поўнасцю стабілізавалася. Прынята пастанова Савета Міністраў аб дадатковых пастаўках сыравіны на сталічныя малочныя заводы з іншых рэгіёнаў рэспублікі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter