Штогод у нашай краiне прыкладна 1500 непаўналетнiх уцякаюць з роднага дома

Бегчы па лязе брытвы

Пэўна, у кожнай сям`і хоць аднойчы дзіцятка кідала: «А інакш я сыду з дому». Ёсць у іх, цінейджараў, такая звычка: прыстрашыць маму ці тату, каб атрымаць жаданае. Новы гаджат ці яшчэ што. Гэта дрэнна, але, так бы мовіць, не смяротна. Іншая справа, калі хлопчык ці дзяўчынка не жартуе.


Штогод у нашай краiне прыкладна паўтары тысячы непаўналетнiх уцякаюць з роднага дома. Большасць з iх, паспытаўшы вецер прыгод, вяртаюцца, альбо iх неўзабаве знаходзяць. Але дзясятак-паўтара мiлiцыi даводзiцца шукаць доўга, i знаходкi часам бываюць жахлiвымi.

Чаму сыходзяць дзецi? Пытанне i складанае, i простае. Падлеткавы ўзрост, жаданне даказаць сваю даросласць. Інфантылiзм, калi пра пачуццi iншых думаць не ўмеюць. Ёсць i гэта, але часцей за ўсё прычыны варта шукаць у канфлiктах: з бацькамi, аднакласнiкамi, сябрамi.

Неяк пачула ад супрацоўнiкаў МУС пра дзяўчынку, якая ў Новы год выйшла ў тапачках на хвiлiнку, а вярнулася дахаты толькi праз два тыднi. Бацькi не знаходзiлi сабе месца, пракручвалi ў галаве самыя жудасныя сцэнарыi, а яна спакойна «кайфавала» ў гэтым жа доме ў старэйшай сяброўкi. Нават патэлефанаваць дадому не палiчыла патрэбным. 

Як i ў нядаўнiм выпадку, калi родныя, мiлiцыя i валанцёры ПВА «Анёл» шукалi 16-гадовую дзяўчыну. Яна адправiлася з Барысава ў Мiнск i прапала. А праз пяць дзён уцякачка знайшлася ў сяброўкi ў Магiлёўскай вобласцi. І нi табе згрызот сумлення, нi раскаяння…

А вось 12-гадовая дзяўчынка з Лiдскага раёна пайшла з дому, каб адшукаць на поўначы Беларусi вёску з назвай Шчасце. І тут сiндром Тома Соера нi пры чым. Яе пакрыўдзiлi аднакласнiкi, а дома замест разумення дзяўчынка атрымала прачуханку. І дзе тады шукаць параду, што рабiць? Зразумела, у iнтэрнэце. На дамашняй старонцы аператыўнiкi ўбачылi перапiску дзяўчынкi, а там — падрабязную iнструкцыю, як правiльна ўцякаць з дому, калi ты там не патрэбна.

На шчасце, усё скончылася добра. І хочацца верыць, што два днi пошукаў, слёз i адчаю дапамогуць бацькам многае зразумець. Каб такое не паўтарылася.

Што трэба ведаць, як дзейнiчаць, калi дачка цi сын пайшлi i не вярнулiся? Нiводзiн зварот у мiлiцыю па пошуку як дзяцей, так i дарослых не iгнаруецца. Не трэба чакаць тры днi, як лiчаць многiя, каб падаць заяву. Ёсць падстава меркаваць, што чалавек прапаў, i гэтага дастаткова. Калi пошукi не далi вынiкаў у дзесяцiдзённы тэрмiн, то заводзiцца крымiнальная справа. І часам вышукваннем даводзiцца займацца доўгiя гады. Як, напрыклад, у выпадку з прапаўшымi гродзенскiмi мамай i дачкой. Дзевяць гадоў яны лiчылiся забiтымi, а прапалi без вестак яшчэ ў 2001-м. Але жанчына i яе крывiначка не сталi архвярамi наўмыснага забойства, як меркавалi следчыя. Яны паехалi на пастаяннае месца жыхарства ў Расiю i абарвалi з роднымi ўсе стасункi. Жылi без рэгiстрацыi i таму доўгi час былi «нябачныя». Толькi i застаецца ўсклiкнуць: «О tempora, о mores!».

На думку спецыялiстаў, папярэдзiць уцёкi з дому можна, калi дзецi будуць ведаць, дзе атрымаць дапамогу. Важна, каб працавала як мага больш «гарачых лiнiй», гатовых аказаць дзiцяцi экстранную псiхалагiчную дапамогу. Накшталт агульнанацыянальнай, нумар якой 8-801-100-1611.

Вера МІХЕЙКА, Мiнск
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter