Cезон для аматараў водных вандровак у Беларусі доўжыцца, пакуль на рэчках не стане лёд

Байдаркі на вадзе

Cезон для аматараў водных вандровак у Беларусі доўжыцца, пакуль на рэчках не стане лёд


Прага вандраванняў — гэта асаблівы, камфортна-хвалюючы стан душы. Пра тое згадалася, калі слухаў аповеды Дзмітрыя Маладзенкава, водніка-пачаткоўца. Малады спецыяліст-энергетык у захапленні ад нядаўніх паходаў па Беларусі, па карэльскай рацэ Сума — аж да Белага мора. Дзмітры праслухаў курс лекцый у Школе пачатковай турпадрыхтоўкі, на базе турклуба “Альтаір” пры Белдзяржуніверсітэце інфарматыкі ды радыёэлектронікі. А далучаюцца там да паходаў не толькі студэнты БДУІР. Дарэчы, і мае вандроўкі пачаліся ў студэнцтве: на пачатку 80-х, пад час вучобы ў Ленінградскім дзяржуніверсітэце. Хадзілі мы на байдарцы з аднакурснікамі: Алегу Антонаву на Алтай, Мікалаю Галянкову ў Саранск, Анатолію Грашневікову (дэпутату Дзяржаўнай Думы) у Маскву — маё прывітанне. Нам адкрывалі свае незабыўныя краявіды дзівосная рэчка Вуокса, наравістае Ладажскае возера ў раёне Прыазёрска... Але тое ўвесну ды ўвосень. А лёд на байдарках, і ранішні лістападаўскі іней на палатках пабачыў з аматарамі водных вандровак з Гродна: хадзілі разам у сярэдзіне 80-х па маршруце Ула—Мяркіс—Нямунас (так Нёман у Літве называюць). І былі яшчэ дзве вандроўкі па Нёмане ўніз ад Стоўбцаў…


 Водныя вандроўкі ў восеньскую пару маюць сваю непаўторную прыгажосць

Вернемся ў Мінск. Праводзіць заняткі у Школе пачатковай турпадрыхтоўкі сапраўдны фанат воднага турызму, інструктар Іван Церпілоўскі. “З трох гадоў у паходы хаджу, а сам кіраваў першым у гадоў 17…” — з усмешкай згадаў шлях у турызм Іван Анатолевіч. Настаўнікам называе вядомага водніка Анатоля Міхайлавіча Юркевіча. Прычым спавядае Іван не “адпачынак на вадзе”, а спартыўны турызм, і стратэгія такая: набірае курсы для пачаткоўцаў, дае тэорыю, а потым — у паходы. Спачатку — больш простыя, па рэках Беларусі: прыгледзецца, хто ёсць хто. “Сёлета з курсантамі сезон адкрылі ў маі на Іслачы, — дзеліцца досведам Іван Церпілоўскі. — Там ёсць прыгожы маршрут першай катэгорыі Іслач—Заходняя Бярэзіна—Нёман. Ішло аж 32 чалавекі, за 7 дзён — 170 кіламетраў”.

Хто прайшоў без ныцця “воднае хрышчэнне”, той потым умацоўваў дух і мускулы, набіраўся досведу ў летнім, больш складаным паходзе ў Карэліі, на рэчцы Сума. Дзмітры расказаў, як даводзілася разбіраць шматлікія завалы, праводзіць байдаркі цераз перашкоды па пояс у сцюдзёнай вадзе. І пра паходную лазню, якую ўмеюць ладзіць воднікі, і пра цэлую процьму камароў ды машкі… Так што “долго будет Карелия сниться”!

А Іван Церпілоўскі звадзіў сёлета беларускую групу на катамаранах і па грузінскіх рэчках Рыоні ды Цхенісцхалі. Як сустракалі беларусаў грузіны? “Вельмі гасцінна! — згадвае Іван. — Там як толькі хто сустрэў нас на стаянцы — адразу: генацвале, ты на маёй зямлі — ты мой госць. Частавалі ад душы, прыгожыя размовы вялі. Мяркую, і такія паходы спрыяюць умацаванню сяброўства паміж народамі. Своеасаблівая народныя дыпламатыя”.


Вяслуе Іван Церпілоўскі

Замежных беларусаў у паходах, якія ладзіць Іван Церпілоўскі, пакуль не было. Але ён гатовы да такога супрацоўніцтва. Электронны адрас для сувязі: terpilovskii@mail.ru. Кажа, будуць ахвочыя — можна правесці азнаямленчыя туры па беларускіх рэчках і азёрах. Маршрутаў вельмі шмат, на любыя густы і запатрабаванні. У інтэрнэце можна паглядзець, якія з іх выбраць, у тым ліку і з фотаздымкамі, відэа, падрабязнымі апісаннямі маршрутаў, асаблівасцяў іх праходжання, месцаў для зручных стаянак. Са справаздач бачна: беларускія воднікі ходзяць у паходы і па рэчках Каўказа, Алтая, Карэліі — маршруты вядомыя з савецкіх часоў. У пашане, асабліва сярод пачаткоўцаў ды студэнтаў, і водныя паходы па Беларусі. Вось, скажам, урывак нататкаў з нядаўняга, восеньскага паходу, які праводзіў Андрэй Вашкоў па рэчцы Вярхіта, прытоку Чэрніцы і Лучосы: “У камандзе 12 чалавек — студэнты-геолагі, былыя студэнты-геолагі ды нашы сябры. Усе прайшлі жорсткі натуральны адбор. Каманда — тое што трэба, каб прайсці любую раку, нават без вады.”

З такіх каментараў зразумела: пэўна, і халодная пара — не надта  вялікая перашкода для вандровак турыстаў-воднікаў. Таму, заўважае Іван Церпілоўскі, сезон у іх доўжыцца, пакуль на рэчках не стане лёд. А сёлета восень цёплая была. То можа па беларускіх рэчках недзе яшчэ ідуць байдарачнікі. Пажадаем ім сем футаў пад кілем, добрых сяброў і ўражанняў!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter