Пенсионер из Круглянского района стал чемпионом мира по шашечной композиции

Бац, бац — і ў дамкі

Да свайго тытула чэмпіёна свету па шашачнай кампазіцыі Рыгор Краўцоў ішоў, можна сказаць, усё жыццё. А знайшла яго добрая вестка на малой радзіме — у вёсцы Рублёўск Круглянскага раёна, куды майстар гэтай гульні перабраўся некалькі гадоў таму. Дыплом і медаль пераможцы яму ўручыў непасрэдна прэзідэнт міжнароднай камісіі па шашачнай кампазіцыі Віктар Шульга. Да слова, Рыгор Канстанцінавіч адначасова атрымаў і званне міжнароднага гросмайстра. 

Узнагарода знайшла Краўцова на малой радзіме.

Матэматыка ў дапамогу 

Былы выкладчык матэматыкі не хавае: зацікавіўся папулярнай гульнёй яшчэ ў школе. А ў 24 гады заняўся шашкамі ўжо на прафесійнай аснове. 

— Газеты друкавалі розныя шашачныя галаваломкі. І я пачаў дасылаць свае версіі адказаў, — робіць экскурс у 1970-я гады гаспадар. – Так мала-памалу гэта стала часткай майго жыцця. 

Былі дасягненні ў рускіх шашках — на 64 клеткі . І ў міжнародных — на 100. Што тычыцца камбінацый, то іх, сцвярджае Рыгор Канстанцінавіч, — бясконцае мноства. «Гэта як непазнаная тэорыя верагоднасці, — тлумачыць аспекты свайго хобі аўтар. — Калі пачынаеш шукаць выйгрышныя варыяцыі, сам не ведаеш, куды гэтыя пошукі могуць завесці». Здаралася, што за сталом заседжваўся аж да раніцы. А аналізаваць сітуацыі, выбіраць з дзясяткаў, соцень, а то і тысяч версій адзіна магчымую аматару дапамагаў аналітычны розум. І... добрае веданне матэматыкі, асновы якой Рыгор Канстанцінавіч вывучаў у Комсеніцкай школе і Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце. Потым і сам выкладаў — у мінскай школе № 11. Да слова, талент у дакладных навуках — адмеціна многіх родных Краўцова. Два яго браты, Віктар і Міхаіл, адпаведна кандыдат і доктар фізіка-матэматычных навук. 

Шашкі — хобі ўсяго жыцця Рыгора Канстанцінавіча.

Белыя пачынаюць і выйграюць

Што тычыцца Рыгора Краўцова, то ў шашачным свеце яго імя засвяцілася яшчэ ў 1990-х. Ён аўтар звыш тысячы шашачных кампазіцый, большасць якіх запатэнтаваны пад яго прозвішчам. Дасягненні адзначаны і тытуламі — трохразовы чэмпіён Беларусі, міжнародны майстар спорту і іншыя. Не раз уваходзіў у топ-7 гросмайстраў свету. Толькі дасведчаныя спартсмены ведаюць, якая за гэтымі лічбамі стаіць праца. 

— Як правіла, пралічыць наперад трэба не адзін-два, а шмат правільных хадоў, — падзяліўся асаблівасцямі пабудовы шашачных кампазіцый. — Гэта займае ўвесь вольны час. Ты не можаш дазволіць сабе нават лішні перапынак, бо рызыкуеш страціць «нітку» і не разблытаць галаваломку. Бывалі выпадкі, калі патрэбны напрамак я бачыў… у сне. Напэўна, падсвядомасць дапрацоўвала тое, над чым розум працаваў удзень. 

Па гэтай прычыне, канстатаваў, яшчэ з маладосці адмовіўся ад вячорак у вясёлых кампаніях. Сёння яго самы верны таварыш — камп’ютар, з дапамогай якога Рыгор Канстанцінавіч правярае сам сябе. Аднак адзін са сваіх знакамітых хадоў — каралеўскі! — Краўцоў дэманструе на звычайнай дошцы. Згодна з кампазіцыяй, перавага на першы погляд на баку чорных шашак. Але белыя, рухаючыся адна за адной, збіваюць «бастыёны саперніка» і — выйгра­юць! Гэта камбінацыя зараз у залатым фондзе свету. 

Дыплом чэмпіёна.

Інтрыга зацягнулася на год

На шляху да запаветнай мэты настаўнік матэматыкі паспеў зацікавіць гульнёй у шашкі і многіх сваіх маленькіх паслядоўнікаў. Ён, да слова, першым адкрыў такі талент у мінчанак, сясцёр Вольгі і Дар’і Федаровіч, якія потым сталі міжнароднымі гросмайстрамі. 

Краўцоў не хавае: у шашках, як і ў матэматыцы, без жадання адкрываць таямніцы, настойлівасці аб выніках нават марыць немагчыма. Нялішнім бывае і цярпенне. Напрыклад, толькі вынікаў сёмага чэмпіянату свету ён чакаў амаль год — пакуль судовая калегія не падлічыла балы ўсіх 26 прэтэндэнтаў. І недарэмна: чацвёртая спроба ўзяць алімпійскі п’едэстал завяршылася для яго перамогай. Серабро дасталася трохразоваму чэмпіёну свету расіяніну Уладзіміру Матусу. А на трэцім месцы — прадстаўнік ЗША Аляксандр Маісееў.

Што надалей? Пакуль час вялікага адпачынку. А там хто ведае? Тытул можа быць пацверджаны яшчэ. Ва ўсякім разе, з шашкамі Рыгор Канстанцінавіч не развітваецца. А адкрыццяў у гэтай гульні, сцвярджае, вялікае мноства.

markova@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter