Фэст батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”: працяг абавязкова будзе

Батлейка — дзецям радасць

Фэст батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”: працяг абавязкова будзе

Наша газета паведамляла ўжо пра фэст, які ўпершыню прайшоў у дні святкавання праваслаўнага Раства Хрыстова Мінску, у Свята-Елісавецінскім манастыры. Як узнікла сама ідэя? У пошуках адказу я прыйшла ў той манастыр. І даведалася: спосаб парадаваць у святочную пару і дзяцей, і дарослых знайшла актрыса, прыхаджанка манастырскага храма і сястра міласэрнасці Людміла. Яна працуе ў размешчаным там жа, у Навінках, псіханеўралагічным інтэрнаце, вы­карыстоўвае ў няпростай справе свой тэатральны досвед і стварыла нават для таго тэатр-батлейку. Людміла лічыць: свята Раства прыносіць шмат радасці, якой усім нам варта дзяліцца — і тады святла, радасці ў свеце стане яшчэ больш. Вось і захацелася ёй сабраць аматараў батлейкі з усёй краіны: каб бліжэй усім пазнаёміцца, абмяняцца досведам, разам пабыць у атмасферы цяпла і дабрыні. Вядучым фэсту стаў муж Людмілы, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя Максіма Горкага Аляксандр Ждановіч. Дарэчы, ён вядомы самым юным тэлегледачам беларускай “Калыханкі” і як Маляваныч.

На Батлеечным фэсце не абышлося без добрага чараўніка

Апраўдаліся надзеі сястры Людмілы на радасную, светлую сустрэчу такіх, як і яна, энтузіястаў, аднадумцаў. У конкурснай прагра­ме першага рэспубліканскага Фэсту батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы” паўдзельнічала 11 калектываў з розных месцаў краіны. Спектаклі былі для дзяцей, хвілін па 30, і праходзілі як у зале нядзельнай школы, так і ў псіханеўралагічным інтэрнаце, якім апякуецца Свята-Елісавецінскі манастыр. На фэсце былі розныя дзеі: ад пастановак “Цар Ірад” і “Про великое торжество Христа Бога Рождество” да чароўных казак “Марозка” і “Маленькі прынц”. “Кожнае выступленне было цікавым і вельмі шчырым, у кожным — свая адметнасць і хараство, — расказвае Людміла. — Прыкладам, лідскі Тэатр-студыя “Вера. Надзея. Любоў”, створаны пры 16-й школе, батлеечныя выступленні суправаджаў вакальнымі нумарамі, а мінскі Тэатр “Дом Сонца” цешыў гледачоў жывой музыкай. Яркім нумарам фэсту стала выступленне актрысы Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Яны Агеенкі, якая знаёміла юных гледачоў з вясёлымі казачнымі персанажамі: гэта былі Пятрушка, Бураціна і іншыя”.

У перапынках паміж спектак­лямі стваральнікі батлеек расказвалі пра свае тэатры, дзяліліся досведам і праводзілі творчыя майстар-класы: паказвалі, як рабіць лялькі і святочныя цацкі. “Духоўнік творчага гурта з Ліды, а гэта настаяцель храма ў гонар іконы Прасвятой Багародзіцы “Усецарыца” протаіерэй Сергій Шафарост, распавёў, як стваралася лідская батлейка, — прадаўжае Людміла. — Спачатку ідэяй загарэў­ся сам айцец Сергій: палічыў, што праз батлеечныя пастаноўкі лягчэй будзе несці хрысціянскія веды для малых. Урэшце ў 2004-м пад кіраўніцтвам педагога Таццяны Васілевіч была створана батлейка. Сёння там умеюць рабіць вельмі прыгожыя лялькі, прыдумалі цікавы і просты спосаб змены дэкарацый пад час спектакляў: яны зроблены з паперы, перамотваюцца па прынцыпе фотастужкі”.

Закончыўся фэст падвядзеннем вынікаў, узнагароджаннем пе­раможцаў. Хацелі, гаворыць Людміла, абысціся без журы, ды потым вырашылі: прафесіяналы і ацэняць зробленае, і дадуць парады ўдзельнікам. У журы, якое ўзначальваў айцец Сергій (Сяргей Храпіцкі), протаіерэй Свята-Елісавецінскага манастыра, былі актрыса Яна Агеенка, мастак па тэатральных касцюмах Таццяна Лісавенка, тэатразнаўцы Кацярына Яроміна, Надзея Якаўлева і Надзея Бунцэвіч. Дыпломамі адзначаны: “За лепшае ўвасабленне тэмы” — Тэатр лялек “Дом Сонца” з Мінска, “За арыгінальнае рашэнне” —  лідскі Тэатр-студыя “Вера. Надзея. Любоў”. Дыплом “За лепшае раскрыццё духоўна-маральнага зместу спектакля”, а таксама прыз глядацкіх сімпатый атрымаў Тэатр “Расінка” — ён створаны пры 77-м дзіцячым садку Гродна.

Сястра Людміла лічыць: першы фэст удаўся, бо стаў не толькі пляцоўкай для зносін, але і святам дабрыні і любові. “Праз батлеечнае мастацтва мы змаглі зрабіць нашае жыццё крышку лепшым, бо немагчыма апісаць той дух радасці, весялосці і шчасця, які панаваў на фэсце, — казала мая субяседніца. — Зрэшты, так і святкуюць спрадвеку дні Раства Хрыстова на Беларусі. Я спадзяюся, што з кожным годам наш фэст будзе пашырацца і вырасце да міжнароднага, а з часам, магчыма, стане адной з яркіх падзей у святочнай палітры Раства Хрыстова ў Мінску”.

Іна Ганчаровіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter