Асушаныя балоты штогод выкідваюць каля 15 мільёнаў тон CO2

Балоту патрэбна вада

Здавалася б, што тут такога — асушыць балота? На яго ж месцы можа быць урадлівая ралля ці месца для здабычы такога карыснага выкапня, як торф. Менавіта так думалі тыя, хто ў 60—70-х гадах мінулага стагоддзя пакінуў без вады тысячы гектараў беларускіх балот. Палова, а гэта каля 1,5 з трох мільёнаў гектараў, была асушана для выкарыстання ў сельскай гаспадарцы, лесаводстве або для здабычы торфу. Але ніхто не падумаў пра тую шкоду, якую могуць нанесці такія балоты прыродзе. Штогадовыя выкіды CO2 з іх, кажуць эколагі, складаюць каля 15 мільёнаў тон, ператвараючыся такім чынам у крыніцу эмісіі парніковых газаў.



Пакараць за зробленае за даўнасцю гадоў ужо няма каго. Але вось скараціць нагрузку на прыроду, аднаўляючы гэтыя тэрыторыі, магчыма. На гэта накіраваны праект Праграмы развіцця ААН і Глабальнага экалагічнага фонду «Кіраванне тарфянікамі на аснове ландшафтных падыходаў з мэтай атрымання шматбаковай экалагічнай выгады» («Тарфянікі-2»), які рэалізуецца ў партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Пашчасціла неэфектыўна асушанаму тарфяніку «Чэрвень-2» у Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці, агульная плошча якога  больш за 660 га. Па словах кіраўніка праекта Аляксея Арцюшэўскага, паўторнае забалочванне асушаных тэрыторый дазволіць значна знізіць выкіды дыяксіду вугляроду, скараціць рызыку ўзнікнення тарфяных пажараў, стварыць спрыяльныя ўмовы пражывання мясцовай балотнай расліннасці, а таксама стымуляваць натуральнае аднаўленне парушанай экасістэмы тарфяніку. 

Тлумачачы методыку аднаўлення, суразмоўца ўдакладніў: аднавіць гідралагічны рэжым балота плануецца з дапамогай раўнамернага пад`ёму ўзроўню вады да паверхні зямлі каскадным перакрыццем каналаў трыццаццю землянымі перамычкамі і адной вадазліўнай дамбай.

«Праект не быў бы магчымым, калі б не намаганні ўсіх зацікаўленых, — кажа Аляксей Арцюшэўскі. — Падрыхтоўкай навуковага абгрунтавання аднаўлення праектнай тэрыторыі займаліся вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук, а практычная рэалізацыя праекта была б праблематычнай без удзелу мясцовых партнёраў: Чэрвеньскага лясгаса і Чэрвеньскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, якія маюць практычны вопыт работ па аднаўленні гідралагічнага рэжыму на парушаных тарфяніках, набыты ў рамках праекта ПРААН/ГЭФ «Тарфянікі-1». 

Усяго праектам «Тарфянікі-2» будуць вернутыя ў стан, блізкі да натуральнага, восем парушаных тэрыторый агульнай плошчай больш за 7000 га. Пазітыўны вопыт першых работ па рэнатуралізацыі гідрарэжыму стане мадэллю для наступных падобных праектаў у рэспубліцы.

veraart14@mail.ru 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter