«Багема» ў Віндзары

Беларуская опера пачала гастрольны тур па Вялікабрытаніі

З вялікім поспехам прайшлі першыя гастрольныя спектаклі опернай трупы Вялікага тэатра Беларусі ў Вялікабрытаніі

Маштабнае турнэ Беларускай оперы пачалося ў горадзе Віндзар, летняй рэзідэнцыі англійскіх каралёў. 28 студзеня ў Каралеўскім тэатры беларускія артысты выканалі оперу «Багема» Джакома Пучыні. Як паведаміла «Р» Вольга Нікалаеўская, вядучы рэдактар службы маркетынгу, інфармацыі і рэкламы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, аўдыторыя з вялікай цікавасцю сустрэла артыстаў з Беларусі і пасля заканчэння спектакля, аддаючы належнае іх таленту і майстэрству, дзякавала працяглымі апладысментамі.

У Каралеўскім тэатры Віндзара адбудзецца яшчэ пяць спектакляў, а затым трупа накіруецца ў іншыя гарады Вялікабрытаніі. Класіку сусветнага опернага мастацтва — «Мадам Батэрфляй» і «Багему» Дж. Пучыні — калектыў Беларускай оперы прадставіць у 25 гарадах Злучанага Каралеўства.

Гастрольны тур працягнецца да 19 сакавіка. Усяго ў ім прымаюць удзел больш за 80 артыстаў — салісты, хор і сімфанічны аркестр Вялікага тэатра Беларусі. За час гастроляў калектыў дасць 15 прадстаўленняў «Мадам Батэрфляй» і 24 разы выканае для англійскай публікі «Багему».

----------------------------------

Дарэчы

З партыяй Маддалены ў оперы «Рыгалета» Джузэпэ Вердзі ў нью-йоркскай «Метраполітэн-опера» з поспехам дэбютавала заслужаная артыстка Беларусі Аксана Волкава. Яна стала першай салісткай Вялікага тэатра Беларусі, якая выступіла на адной з самых вядомых оперных сцэн свету.

Міжнародная кар’ера спявачкі імкліва развіваецца. Яна выконвае вядучыя партыі ў спектаклях Вялікага тэатра Расіі, Оперы Ніцы, на сцэне Тэатра Масіма ў Палерма, Тэатры Сан-Карла ў Неапалі і іншых. На сцэне «Метраполітэн-опера» пройдуць яшчэ сем паказаў оперы «Рыгалета», а 16 лютага спектакль будзе трансліравацца ў кінатэатрах па ўсім свеце.У спектаклях Вялікага тэатра Беларусі Аксану Волкаву можна будзе пачуць у сакавіку, а ў красавіку яе ўжо чакаюць на сцэне Тэатра Калон у Буэнас-Айрэсе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter