Одним из народных коллективов Пружанского района управляет 83-летняя женщина

«Бабіна лета» круглы год

На прапанову райвыканкама паехаць у Аранчыцкі Дом фальклору ў госці да народнага гурта «Бабіна лета» згадзілася адразу. Па-першае, мне сапраўды падабаюцца самабытныя народныя песні, па-другое, захацелася пазнаёміцца з яго кіраўніком, які мае 83 гады і рыхтуе ансамбль да чарговага пацвярджэння звання «народнага». І наогул, цікава даведацца, што адметнага ёсць ва ўстанове культуры с такой рэдкай назвай, асабліва для сельскай мясцовасці. Галоўнае жа — не вонкавае аблічча, а змест. 


Этнаграфічнымі куткамі і музейнымі пакоямі сёння, мабыць, нікога не здзівіш, іх ствараюць паўсюдна. Звяртаю ўвагу на спіс: дзіцячыя — «Дамавічок» па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве і вакальны фальклорны гурт, вакальны дарослы гурт «Каханачка» і аматарскае аб’яднанне «Жураўка». Афармленне Дома фальклору зроблена ў адпаведным стылі. Дырэктар Яўгенія Васілюк паказвае пакоі, потым накіроўваемся ў глядзельную залу, дзе праходзіць рэпетыцыя вядомага народнага гурта «Бабіна лета». Спачатку знаёмлюся з яго кіраўніком Таццянай Піліпаўнай Пушко.

Родам з вёскі Жагалы Пружанскага раёна, што ў кіламетрах 30 ад Аранчыц. У культуры афіцыяльна працуе апошніх 16 гадоў, да гэтага 40 гадоў была настаўніцай пачатковых класаў, выкладчыкам нямецкай мовы, рускай мовы і літаратуры. А вось да музыкі цягнула ўсё жыццё.

— Бацькі расказвалі, што спяваць пачала недзе з чатырох гадоў. У таты быў вельмі прыгожы голас, спяваў на царкоўным клірасе. Ведаў і рэвалюцыйныя песні, самому ж даводзілася ваяваць. Вось так я і расла.

Вакальны гурт «Бабіна лета» нарадзіўся ў 1989 годзе пад кіраўніцтвам Яўгеніі Васілюк, цяперашняга дырэктара Дома фальклору. Праз год у калектыў прыйшла і Таццяна Піліпаўна, узяўшы дадаткова на сябе задачы па падборцы рэпертуару. Пытаюся, адкуль песні, калі чулі толькі царкоўныя ды рэвалюцыйныя?

— Ад маці, яна таксама спявала, седзячы за калаўротам, калі ткала кудзелю. Я хутка запамінала, дастаткова было аднаго-дзвух разоў пачуць, каб адлажыліся ў галаве і ў сэрцы. Тыя матуліны песні перадаваліся не адно пакаленне. Потым стала збіраць іх па другіх вёсках у чужых бабуль і жанчын. Раней думала, гэта толькі нашы песні, а калі стала глядзець перадачу «Наперад у мінулае» заўважыла, ёсць вельмі падобныя, можа, толькі крыху адрозніваюцца словамі ці мелодыяй.

У якасці невялікага эксперыменту я вырашыла праспяваць тое, што ў дзяцінстве чула ад сваёй маці. Тая таксама сцвярджала: гэта «спадчына» менавіта Міншчыны. І толькі зацягнула некалькі радкоў, як жанчыны з «Бабінага лета» іх падхапілі, хаця і былі ў нашых напевах некаторыя адрозненні ды дыялект розны. Вось табе і спадчына. Выснова адна: складана сцвярджаць, якому дакладна рэгіёну належыць права ўладальніка таго ці іншага твора. Проста, на мой погляд, гэта агульныя песні, нашы беларускія і такія родныя. 

Падчас знаёмства з удзельніцамі гурта адразу з’явілася ўпэўненасць — сапраўдны саюз творчых, але такіх розных людзей. За 29 гадоў гэта толькі другі састаў, некаторыя жанчыны спяваюць ужо больш за 10 гадоў. Самай старэйшай — 83 гады, самай малодшай — 36. У іх розныя прафесіі. Так, выхавальніцай і музычным кіраўніком дзіцячага сада робіць Алена Ламан, прадаўцом — Таццяна Васілюк. У гандлі працавала і Ніна Саўчук, на чыгунцы — Валянціна Бартынёва, Зінаіда Казловіч — у КБА. Адзіны мужчына Леанід Яшчук, ён жа і акампаніятар — былы галоўны спецыяліст Аранчыцкай птушкафабрыкі. Маленькім хлапчуком пачаў захапляцца гармонікам, так і не раставаўся з ім. Але ў рэпертуары гурта шмат песен і без суправаджэння. На мой погляд, гэта і ёсць той самы скарб, які трэба захоўваць і перадаваць далей маладому пакаленню. 

Жанчыны смяюцца і жартуюць: «Будзем спяваць, пакуль не разгоняць». А хто ж такі калектыў разганяць будзе? На ім і яму падобных трымаецца наша беларуская самабытная культура. Тут жа не толькі спяваюць, а праводзяць старажытныя абрады, якія захаваліся ад продкаў. Звярнула ўвагу на запісаны рэпертуар: назва песні, хто перадаў і з якой вёскі. Нічога не згубіцца і не забудзецца. 

Званне «народны» абаранілі ў 2010 годзе. У красавіку 2019-га адбудзецца яго чарговае пацверджанне. Касцюмы жанчыны шылі і расшывалі кветкамі і ўзорамі самі, некаторым яны перайшлі ад папярэдніх удзельнікаў. Арнаменты паўтаралі са старых вышыванак, якія доўгі час ляжалі недзе ў бабуліных куфарах. Таму змаглі захаваць асабісты строй. 

«Бабіна лета» — нязменны ўдзельнік фестываляў і конкурсаў раённых і абласных узроўняў. Не раз сустракалі таленавітых самадзейных артыстаў сцэнічныя пляцоўкі Польшчы. Песні гурта, запісаныя супрацоўнікамі Беларускага інстытута праблем культуры, увайшлі ў шасцітомнае выданне «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў» і ў энцыклапедыю «Беларускі фальклор». Здымаўся калектыў і ў праграме «Наперад у мінулае» тэлеканала «Беларусь 3», дзе паказваў калядны абрад. У творчай скарбонцы шматлікія ўзнагароды, а галоўнае — іх любяць слухачы і гледачы. А значыць, «Бабіна лета» будзе яшчэ доўжыцца шмат гадоў.

ДАВЕДКА «СГ»

Загадчык аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама Канстанцін Панімаш: «Мы ганарымся сваімі калектывамі, лічым сябе багатымі на таленты. У нашым раёне 25 творчых самадзейных ансамбляў, якія носяць званне «народны» і «ўзорны».

chasovitina@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter