Біякілаваты

У аграфірме «Лебедзева» каровы будуць забяспечваць не толькі вытворчасць малака, але і электраэнергіі
Развіццё аднаўляльных крыніц энергіі — адзін з важнейшых накірункаў энергетычнай бяспекі краіны. Днямі ў Маладзечанскім раёне ўведзены ў строй чарговы сучасны біягазавы комплекс (на здымку), пятнаццаты па ліку. Фінансаванне гэтага праекта ажыццяўлялася за сродкі Еўрапейскага саюза ў рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Падтрымка рэалізацыі комплекснай энергетычнай палітыкі Рэспублікі Беларусь». Біягазавая ўстаноўка каштавала 2 млн. еўра.

Праект можна назваць адметным па цэлым шэрагу акалічнасцей. Гэта першы такі комплекс, пабудаваны менавіта на прадпрыемстве энергетычнай галіны: аграфірма «Лебедзева» з’яўляецца структурным падраздзяленнем РУП «Мінскэнерга».

Карысць біягазавай устаноўкі для сельгаспрадпрыемства цяжка пераацаніць. Яе магутнасць — 500 кілават электрычнай і столь-кі ж цеплавой энергіі ў гадзіну. Дырэктар Маладзечанскіх электрасетак Сяргей Сарычаў прыводзіць раскладку па лічбах:

— На вытворчыя патрэбы аграфірмы ў год неабходна 2,5 млн. кілават электраэнергіі, а ўстаноўка будзе выпрацоўваць 3,2 млн. кілават. Гэта дазволіць не толькі поўнасцю забяспечыць нашу гаспадарку, але і прадаваць лішкі ў сетку. Разам з тым мы зможам адключыць тры кацельныя — дзве газавыя і адну электрычную.

Біягазавы комплекс быў пабудаваны за досыць сціслы тэрмін, на гэта спатрэбілася ўсяго 6 месяцаў, хаця сам праект з усімі арганізацыйнымі і іншымі этапамі доўжыўся значна больш. Кансорцыум кансультантаў па гэтым праекце складаўся з прадстаўнікоў нямецкай кампаніі «DNV KEMA Energy & Sustainability», французскай «Софреко» і мясцовых экспертаў. Пастаўку абсталявання і будаўніча-мантажныя работы выканала нямецкая кампанія «LTV Landmaschinen und Transporttechnik Vertriebsgesellschaft mbH». Яе падрадчыкам па будаўніча-мантажных работах выступіла маладзечанскае прадпрыемства «Кэмпі».

Зараз устаноўка перададзена для далейшай эксплуатацыі на баланс РУП «Мінскэнерга».

Па перакананні першага намесніка міністра энергетыкі Беларусі Леаніда Шэнеца, патэнцыял альтэрнатыўнай энергетыкі ў краіне досыць высокі:

— Беларусі, якая энергетычна залежыць ад аднаго пастаўшчыка, трэба рабіць усё магчымае для выкарыстання аднаўляльнай энергетыкі. Мы і надалей будзем працаваць над тым, каб максімальна прыцягваць у паліўны баланс такія і іншыя рэсурсы.

Энергія выпрацоўваецца літаральна з адходаў. Для работы ўстаноўкі трэба некалькі відаў сыравіны: гной, пасляспіртавая брага (балазе, недалёка ад фермы знаходзіцца спіртзавод), а таксама рэшткі корму для жывёлы — кукурузнага сіласу. Такім чынам, арганічныя адходы ператвараюцца ў энергетычна каштоўны прадукт. Па сутнасці, вытворчасць безадходная, бо і адпрацаваны матэрыял становіцца ўгнаеннем.

Марына АРЫНIНА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter