Минск
+9 oC
USD: 2.58
EUR: 2.84

«Количество наших услуг перевалило за сотню»: как семейная пара с помощью госсубсидии открыла ветеринарный кабинет

Айбалiты побач

«Калі вы вырашыце стаць ветэрынарам, то багатым не будзеце ніколі, але затое жыццё ў вас будзе цікавым і поўным разнастайнасці», — некалi напiсаў брытанскi пiсьменнiк i «жывёльны» доктар Джэймс Хэрыёт. На самай справе, калi блiжэй пазнаёмiшся з прайсам любой ветэрынарнай клiнiкi, пачынае здавацца, што гэта зусiм не так. Ларыса Прановіч — мінчанка, а яе муж Дзяніс родам з Пухавіцкага раёна. Пазнаёміліся падчас працы ў аграгаспадарцы ў Шчыткавічах, пасля пабудавалi дом у Мар’інай Горцы, а цяпер гадуюць яшчэ малых дачок — 5-гадовую і 2-гадовую. А некалькі месяцаў таму з дапамогай дзяржсубсідыі яны вырашылі стаць прадпрымальнікамі: адкрылі у горадзе ветклініку.

Да ветдоктара Ларысы прывозяць не толькі сабак і катоў. У яе кабінеце мы паназіралі за УГД-аглядам вялізнага труса Тома. 

«Лёгка нічога не даецца»

Зараз яшчэ не ўсе памяшканні веткабінета Прановічаў гатовы да ўводу. У адным працягваецца рамонт, там па планах будзе ветаптэка, але асноўны прыёмны пакой для жывёл ужо адкрыты. Акрамя таго, Ларыса можа выконваць частку ветэрынарных маніпуляцый падчас выездаў да кліентаў. Дзяніс уводзіць нас у курс справы:

— Попыт на паслугі ветэрынарных клінік высокі ў любым горадзе. Для Мар’най Горкі з насельніцтвам больш за 20 000 чалавек адной ветстанцыі дакладна было недастаткова. Таму мы ўзяліся за справу дружнай сям’ёй. А яшчэ натхнілі нас на добры пачатак кампетэнтныя супрацоўнікі аддзела занятасці Упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Пухавіцкага райвыканкама.

Пара напісала бізнес-план, абараніла яго, атрымала субсідыю восенню мінулага года, аднак лёгкага старту не было. Дзяніс і Ларыса доўга шукалі нармальнае памяшканне на добрых умовах арэнды. Трэба было, каб адрас ветклінікі быў даступным для жыхароў горада і раёна, а галоўнае — каб кошт квадратнага метра, які, дарэчы, тут такі ж, як і ў сталіцы (ад 8 да 15 еўра), не «загубіў» добрую ініцыятыву на самым старце. Дзяніс як арганізатар справы тлумычыць: 

— Знайшлі мы адпаведныя сцены толькі на трэці раз, ды і то з прыгодамі. Справа ў тым, што для гандляроў цэнтральныя кропкі ў горадзе — вельмі прывабныя. Пляцоўку, прызначаную для паслуг, могуць купіць на аўкцыёне, адразу перавесці ў гандлевы аб’ект — былі б толькі грошы… А потым перакупшчыкі здаюць памяшканне ў субарэнду за вялікую плату. А мы — людзі простыя, нашы кішэні не былі набіты стартавымі капіталамі, таму і шукалі пільна і доўга перш за ўсё бюджэтную стаўку за метр. Атрыманая дзяржсубсідыя (а гэта каля 2600 рублёў) пайшла на аплату першых трох месяцаў арэнды кабінета. 

Ці прыбыткова лячыць «сяброў чалавека»?

Галоўныя клопаты — рамонт памяшкання, закупку лекаў, мэблі, УГД-апарата, іншых ветэрынарных інструментаў, прылад і рэкламную раскрутку — пара Прановічаў узяла на сябе. Таксама ў веткабінет давялося за свой кошт купіць спецыяльныя панэлі для падтрымкі патрэбнай тэмпературы і кандыцыянер, бо абагравальныя батарэі арандаванай пляцоўкі ў 70 «квадратаў» у былым памяшканні камбіната хлебапрадуктаў былi адключаны. А яшчэ прадпрымальнiк плануе купіць аналізатар крыві і рэнтген-апарат. Прагназуе, што акупяцца ўсе ўкладанні праз год ці пару…

Дзяніс кажа, што праз год трэба абавязкова параўнаць ход спраў з сённяшнім станам, бо плануе адкрыць яшчэ і ветаптэку побач. Прановічы пашырылі колькасць паслуг і сёння могуць нават ажыццяўляць грумінг (цырульныя паслугi для жывёл). Пра даходы прадпрымальнік сціпла кажа, што імкнуцца ёсць да чаго: 

— Сярэдні наш чэк пакуль невысокі, 20—30 рублёў з кліента, бо мы не «задзіраем» кошты. Робім так званыя комплексныя пакеты агляду і лячэння жывёлы. Гадавы абанемент абслугоўвання пачынаецца ад 50 рублёў. Галоўнае — трымаць узровень, ды і людзі ідуць, калі ведаюць, што тут працуе прафесіянал. Але клопатаў у гэтай сферы паслуг даволі шмат. Ва ўсім шмат адказнасці і справаздачнасці. Плацім падаткі 5 працэнтаў ад выручкі, штомесяц робім унёскі ў ФСАН. Напрыклад, банкаўскі эквайрынг ад безнаяўных разлікаў абкладаецца для ІП 2—3 працэнтамі ад сумы, што таксама адчуваецца… А мы ж толькі пачаткоўцы, хацелася б на першасным этапе ад банкаў нейкага паслаблення. Вось робім рамонт, патрэбны час і для сям’і, і для развіцця справы, таму не дзіўна, што пад вечар стамляемся.

Прыемна, калі гадаванец ідзе на папраўку.

Добрыя справы

Дарэчы, пара на дабрачыннай аснове дапамагае розным прытулкам, валанцёрам — абаронцам бяздомных жывёл. Ларыса сціпла канстатуе: 

— Часцяком наша справа носіць і сацыяльны напрамак. Цяжка прымаць факт адстрэлу нікому не патрэбных хворых жывёл. Праблема стала асабліва актуальнай, калі пасля лета з’язджаюць у гарады дачнікі. У нашым горадзе няма прытулку для жывёл, як на вуліцы Гурскага ў сталіцы. Катоў, якія апынуліся на вуліцы, стэрылізуем танней, чым у прэйскуранце, каб яны не размнажаліся без кантролю. А ўвогуле звычайная стэрылізацыя хатняй жывёлы каштуе ад 45 рублёў. Сёння да нас прывязуць бяздомнага сабаку з пухлінай, будзем вырашаць яго лёс. 

Па тэлефоне Ларысу клічуць на выезд да сям’і катоў-сфінксаў. Маладым коцікам патрэбна зрабіць прышчэпкі. Мы збіраемся ў дарогу, а Дзяніс застаецца дзяжурыць у клініцы. На развітанне ён, як сапраўдны стратэг, дзеліцца планамі развіцця новай клінікі: 

— Пры паўторным візіце кліент звяртаецца не ў клініку, а да пэўнага доктара. Магчыма, для прыёму званкоў і працы з чаргой наведванняў нам хутка спатрэбіцца і адміністратар.

Калі разам з Ларысай я наведала вясёлы гурт катоў экзатычнай пароды, наіўнае пытанне «чаму вы абралі менавіта гэтую прафесію?» неяк адпала само сабой. Бачу, з якой пяшчотай і спагадай Айбаліт з Мар’інай Горкі ставіцца да сваіх падапечных. Нават не агучвала пытання, але Ларыса, спакойна пагладжваючы кацянят пасля прышчэпак, адказала:

— Нягледзячы на ўсе складанасці на старце справы, мне падабаецца лячыць і ратаваць жывёл. Люблю глядзець, калі яны такія, як сёння — поўныя сіл і энергіі. Калі людзі са слязьмі на вачах дзякуюць за кацяня, за вылечаную лапку, у такія моманты я думаю: правільна зрабіла, што стала ветэрынарам, — прынесла крыху шчасця людзям і іх чатырохногім «дзеткам».

shimuk@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Алексей СТОЛЯРОВ
Загрузка...