Атрымалі газету? Напішыце!

Рэдакцыя дасылае свежыя нумары выдання ў шэраг беларускіх суполак замежжа. І атрымлівае адтуль удзячныя водгукi
Іркуцкі беларус Алег Рудакоў з сынамРэдакцыя дасылае свежыя нумары выдання ў шэраг беларускіх суполак замежжа. І атрымлівае адтуль удзячныя водгукі
Больш за паўстагоддзя рэдакцыя “Голасу Радзімы” падтрымлівае кантакты з беларускімі суполкамі па ўсім свеце. З некаторымі суайчыннікамі мы знаёмы асабіста, іншых ведаем па перапісцы. Амаль пяць гадоў таму газета пачала выходзіць у абноўленым фармаце, аднак асноўная канцэпцыя выдання — расказваць пра жыццё Бацькаўшчыны і справы беларускіх суполак за мяжой — застаецца ранейшай. Спадзяемся, і сёння наша праца патрэбна беларусам, якія за межамі Айчыны захоўваюць нацыянальна-культурную ідэнтычнасць, шануюць родную мову, традыцыі, культуру продкаў. І пры тым падтрымліваюць стасункі з гістарычнай радзімай.
Сёлета са жніўня ўпершыню за ўвесь час існавання газеты ў нас з’явілася магчымасць рассылаць самастойна свежыя нумары газеты ў шэраг замежных беларускіх суполак. Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы газеты “СБ—Беларусь сегодня”. Некаторыя з нашых адрасатаў ужо адгукнуліся. “Шчыра дзякуем за газеты! Яны, як і іншая інфармацыя з Бацькаўшчыны, нам вельмi патрэбны. Вашы суайчыннiкi ў Малдове з захапленнем i цеплынёй у сэрцах iх чытаюць. Мы плануем дасылаць у рэдакцыю весткі пра нашы справы ў Малдове, у прыватнасці, як мы шануем і пашыраем беларускія культурныя традыцыі”, — піша Юры Статкевіч, старшыня Беларускай сябрыны ў Малдове. “Прыемна ўсведамляць, што Міжнародны саюз беларускіх суайчыннікаў у Грузіі “Сябры” не забыты на нашай гістарычнай Радзіме. Члены суполкі з вялікім задавальненнем будуць знаёміцца з матэрыяламі газеты, частка якіх, мы спадзяемся, спатрэбіцца і ў вучэбнай праграме нашай нядзельнай школы”, — гэта пісьмо ад Аляксея Бахолдзіна, старшыні суполкі “Сябры” з Грузіі.
Цёплыя лісты мы атрымалі ад Раісы Солапавай з казахстанскага горада Петрапаўлаўска (яна старшыня Паўночна-Казахстанскага абласнога беларускага культурнага цэнтра “Радзiма”), Пятра Капчыка — кіраўніка гурта беларускай культуры “Зорка Венера” з Украіны, Mіхася Буланава — кіраўніка інтэрнэт-партала грамадскага аб`яднання “Нацыянальны культурны цэнтр “Беларусь” з Алматы, Ірыны Пагасян — старшыні Ерэванскі беларускай абшчыны “Беларусь”. Былі выказаны і пажаданні. Так, Валянціна Піскунова, кіраўнік Саюза беларусаў Латвіі, лічыць, што газеце трэба яшчэ больш расказваць пра жыццё дыяспары, пра людзей, іх справы. Спадзяемся, адказам на такое пажаданне можна лічыць нашы новыя рубрыкі “Далягляды сяброўства”, “Талака”, “Покліч роднай зямлі”, а таксама першы выпуск старонкі “Беларускія абшары”.
Дарагія суайчыннікі, сябры! На жаль, колькасць тых газет, якія мы можам разаслаць уласнымі сіламі, абмежаваная. У спісе — пераважна тыя суполкі, якія самі актыўна працуюць, дасылаюць весткі ў газету. Мы ж заўсёды адкрыты для супрацоўніцтва. Нам цікава чытаць вашы меркаванні як пра выданне ў цэлым, так і пра асобныя публікацыі. Нагадваем, што пастаянна абнаўляецца і сайт газеты ў інтэрнэце www.golas.by — там заўсёды можна знайсці свежыя старонкі ў ПДФ-фармаце, а ўсе публікацыі зберагаюцца ў электронным архіве. Пішыце на наш электронны адрас golas_radzimy@tut.by або на паштовы, змешчаны ўнізе 4-й старонкі газеты. Будзем разам!

Іна Ганчаровіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter