Асаблівае заданне Валерыя Казакова

Старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” адзначыў 60-годдзе ў выдатнай творчай формеАбдумваючы нататкі, я прыкідваў: хто ж ён, юбіляр? Для беларусаў Расіі Валерый Мікалаевіч — старшыня ФНКА “Беларусы Расіі”, у якой ужо амаль 80 абласных і гарадскіх суполак. Для кіраўнічай эліты — памочнік паўнамоцнага прадстаўніка Прэзідэнта Расіі ў Сібірскай федэральнай акрузе, сапраўдны дзяржаўны саветнік. Для навукоўцаў — кандыдат сацыялагічных навук. Для жыхароў Магілёшчыны — зямляк: ён нарадзіўся ў вёсцы Гарбавічы Чавускага раёна. Дарэчы, цяперашні масквіч часты і жаданы госць на Радзіме. Для вайскоўцаў — палкоўнік запасу. А для чытачоў — аўтар вострасюжэтных раманаў. Казакоў піша на рускай і беларускай мовах, перакладчык яму не патрэбен.
Валерый КазакоўСтаршыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” адзначыў 60-годдзе ў выдатнай творчай форме
Абдумваючы нататкі, я прыкідваў: хто ж ён, юбіляр? Для беларусаў Расіі Валерый Мікалаевіч — старшыня ФНКА “Беларусы Расіі”, у якой ужо амаль 80 абласных і гарадскіх суполак. Для кіраўнічай эліты — памочнік паўнамоцнага прадстаўніка Прэзідэнта Расіі ў Сібірскай федэральнай акрузе, сапраўдны дзяржаўны саветнік. Для навукоўцаў — кандыдат сацыялагічных навук. Для жыхароў Магілёшчыны — зямляк: ён нарадзіўся ў вёсцы Гарбавічы Чавускага раёна. Дарэчы, цяперашні масквіч часты і жаданы госць на Радзіме. Для вайскоўцаў — палкоўнік запасу. А для чытачоў — аўтар вострасюжэтных раманаў. Казакоў піша на рускай і беларускай мовах, перакладчык яму не патрэбен.
Для мяне асабіста ён найперш празаік, потым — дабрадзей, які істотна паўплываў на мае жыццёвыя планы. Нядаўна з захапленнем прачытаў раман земляка “Халоп Яснавяльможнага Дэмакрата”, што выйшаў разам з “Ценем гобліна” ў выдавецтве “Літаратура і Мастацтва”. Твор фантастычны, аднак рэаліі рамана ў многім пазнавальныя, нібы сённяшнія, вельмі асацыятыўныя, афарыстычныя, нечаканыя. Гэта “сацыяльная” фантастыка, перасцярога сучаснікам, каб разумна паводзілі сябе.
Цяпер — пра дабрадзейства Валерыя Казакова, яго клопаты пра інтарэсы беларусаў замежжа ў звязку з гісторыяй “Голасу Радзімы”. Давядзецца паглыбіцца ў “гісторыю пытання”. У свой час у Нацыянальным навукова-асветным цэнтры імя Францыска Скарыны пачала стварацца інфармацыйная база звестак па гуманітарных навуках, з раздзеламі “Культурныя сувязі паміж краінамі свету”,“Рэстытуцыя” і “Дыяспара”. На падставе матэрыялаў апошняга ў 2000 годзе выдадзены энцыклапедычны даведнік “Беларусы свету. Частка І. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах”.
Валерый Казакоў (другі злева) прымаў віншаванні ў беларускім ПасольствеТыраж разышоўся хутка, водгукі ў друку былі толькі станоўчыя. Раздзел “Дыяспара” стаў папаўняцца з 2003 года, калі я пачаў працаваць у “Голасе Радзімы”, дзе і было вырашана дапоўніць яго і перавыдаць. Плённа працаваў часовы навукова-вытворчы калектыў, да канца 2006 года года тэкст быў гатовы. Ды па розных прычынах шлях даведніка да чытача запаволіўся. Рукапіс гады са тры ляжаў, як кажуць, мёртвым грузам.І вось у чарговы прыезд у Мінск Валерый Казакоў даведаўся пра гэты “тупік”, патэлефанаваў мне. Сустрэліся ў рэдакцыі, госць гартаў рукапіс, знаёміўся з базай звестак і — прапанаваў дапамогу, супрацоўніцтва з Федэрацыяй. Ягоныя спонсарскія сродкі аказаліся вельмі дарэчы. Аднавіліся сувязі з аўтаноміямі “Беларусаў Расіі”, паступалі новыя матэрыялы. Найбольш актыўна дапамагалі аб’яднанні з Новасібірскай, Цюменскай, Томскай, Іркуцкай абласцей, пецярбургскія “Белыя Росы”. Праз таварыства “Радзіма” збіраліся матэрыялы з іншых краін. У 2011-м работа над даведнікам (колькасць персаналій павялічылася ў тры разы!) была закончана. На пасяджэнні рэдкалегіі вырашылі назваць кнігу: “Сузор’е беларускага памежжа: Беларусы і народжаныя ў Беларусі ў суседніх краінах”. Сустракаліся апошнім часам з Казаковым і на пасяджэннях Каардынацыйнай рады па дыяспары, створанай пры Мінкультуры Беларусі. Не раз бачыў: прысутныя ўважліва прыслухоўваюцца да выступленняў і прапаноў кіраўніка ФНКА “Беларусы Расіі”. Яго кампетэнтнае слова ў дыскусіях часта мяняла іх напрамак.
На пасяджэнні рады 2011 года ў Віцебску Валерый Казакоў прапанаваў работу з дыяспарай засяродзіць у адным месцы: Інстытуце культуры Беларусі. І мне параіў перайсці туды разам з інфабазай. Прапанову падтрымаў міністр культуры Павел Латушка. Так і сталася, і цяпер папаўняецца база звестак па дыяспары, рыхтуецца сайт “Беларускае замежжа”.
Вярнуся, аднак, да асобы Валерыя Казакова, у якога, як мне падаецца, калі казаць блізкаю яму мовай ваенных, ёсць асаблівае, “беларуска-расійскае” заданне на гэтым свеце. Нарадзіўся і ўзрос ён у сям’і рабочага. Пра паходжанне казаў у інтэрв’ю для газеты “Літаратура і мастацтва”: “Я лічу сябе беларусам і ніколі гэтага не цураўся”. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў на Магілёўскім ліфтабудаўнічым заводзе. Служыў у Эстоніі і Германіі, вучыўся ў Вышэйшым ваенна-палітычным вучылішчы, Літінстытуце імя М. Горкага, аспірантуры БДУ. Працаваў ваенным карэспандэнтам газеты “Красная звезда”. Пайшоўшы ў запас, аддае веды, кемлівасць дзяржслужбе. Зрабіў важкі ўклад у вяртанне на Бацькаўшчыну, у арыгіналах ці копіях, твораў беларускага пісьменства і выяўленчага мастацтва, знойдзеных ім у бібліятэках і музеях Расіі.
Колькі слоў пра літаратурную творчасць юбіляра. Пісаць вершы пачаў з дзяцінства, да іх дадаліся проза, публіцыстыка. Пасля зборніка вершаў “Філасофія гуку” былі кнігі “Разбітае люстэрка Карабаха”, “Асфальт і цені”, “Самаразбурэнне”, “Запіскі каланіяльнага чыноўніка”, Сон у бяссонне” і іншыя. Вострыя пытанні сучаснага жыцця смела ўзнімаюцца ў рамане “Цень гобліна”, які перакладзены на многія еўрапейскія мовы, атрымаў дзве прэстыжныя прэміі. А сёлета, на свяце пісьменства ў Глыбокім, Валерый Казакоў быў ушанаваны дыпломам “Саюзнае слова” — прэміяй Саюзнай дзяржавы за лепшыя творы ў галіне літаратуры і мастацтва.
“А што ж чуваць пра энцыклапедычны даведнік?”— спытае нехта. Мы абмяркоўвалі яго лёс з Казаковым сёлета двойчы: у Мінску і Гродне. Пры 17 (!) заказах выдавецтву рызыкоўна ўзяць рукапіс у работу, а чытач, “герой” даведніка, хоча набываць рэальную кнігу. І ўсё ж намечаны два шляхі вырашэння праблемы. Адзін з іх — нанава сабраць заказы на больш таннае чорна-белае выданне.

Адам Мальдзіс
На здымках:
Валерый Казакоў
Валерый Казакоў (другі злева) прымаў віншаванні ў беларускім Пасольстве
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter