Арыя касмічнага госця

На Лагойшчыне ў старажытныя часы “прызямліўся” самы буйны ў Беларусі метэарыт, а таксама правялі свае лепшыя гады вядомыя беларускія паэты і пісьменнікі. Гэта адзінае месца ў краіне, дзе зімой заўсёды ёсць снег, а водных запасаў столькі, што зямля літаральна “стаіць на вадзе”.

На Лагойшчыне ў старажытныя часы “прызямліўся” самы буйны ў Беларусі метэарыт, а таксама правялі свае лепшыя гады вядомыя беларускія паэты і пісьменнікі. Гэта адзінае месца ў краіне, дзе зімой заўсёды ёсць снег, а водных запасаў столькі, што зямля літаральна “стаіць на вадзе”.

Белы храм на гары

Праваслаўная царква Святога Мікалая, як тая дзіўная белая птушка, быццам лунае над горадам. Яе пабудавалі ў 1848 годзе на высокім пагорку, дзе калісьці была старая Прачысценская царква. Дарэчы, насупраць праваслаўнага храма знаходзіцца касцёл, дзе пахаваны прадстаўнікі рода Тышкевічаў. “Храмавая гара” настолькі высокая, што для таго, каб убачыць царкву з падножжа, трэба добра задзіраць галаву. А вось унутры царквы ствараецца дзіўны эфект камернасці. Справа ў тым, што дастаткова вялікі па плошчы храм падзелены на дзве часткі — зімовую і летнюю цэрквы. У вялікай летняй можна ўбачыць прыгожыя роспісы на тэму Апакаліпсісу, зробленыя майстрамі-іканапісцамі з Сергіева Пасада.

Горныя вяршыні спяць у цемрадзі начной

Калі б хто-небудзь у дзяцінстве сказаў мне, што прыйдзе час і ў роднай краіне ў нас будуць уласныя горналыжныя курорты, я палічыла б гэтага чалавека за вар’ята. І тым не менш вось яны — суперсучасныя “Сілічы” і “Лагойск”. Столькі гадоў у эксплуатацыі, але і цяпер перад гасцямі чырванець не даводзіцца. Як дзве кроплі вады Еўропа! Зрэшты, ёсць яшчэ і пакуль што не такая папулярная “Заечая паляна”. І, як нас заверылі ў райвыканкаме, ужо распачата работа па будаўніцтву фізкультурна-спартыўнага цэнтра ў межах горада, на тэрыторыі мікрараёна Зялёны Луг.
А яшчэ дзякуючы горным схілам і магутным гарматам у Лагойскім раёне пры любым надвор’і заўсёды ёсць... снег! Пры цяперашняй сітуацыі з надвор’ем гэта самы сапраўдны цуд.

Нябесны падарожнік

Некаторыя мясцовыя жыхары ўсур’ёз сцвярджаюць, што дзівоснымі праявамі Лагойшчына абавязана велізарнаму метэарыту. Паколькі здарылася ўсё 40 мільёнаў гадоў таму, а ў ледніковы перыяд вялізная варонка — астраблема была фактычна “запрасавана”, сам кратэр знайшлі толькі адносна нядаўна і толькі з паветра. Яго дыяметр 15 кіламетраў, а агульная плошча — каля 140 квадратных кіламетраў.
Прасвідраваўшы амаль 30 шчылін, вучоныя знайшлі доказы, якія пацвярджалі іх меркаванні, — сапраўдны падземны “суп” з горных парод, абломкаў скальных парод, плаўленага шкла, а таксама мінералаў, якія ўзнікаюць пры высокім ціску. Метэарыт быў каменны. Яго памеры ў дыяметры складалі 600 метраў, а маса — 400 мільёнаў тон! Хуткасць падзення была роўная другой касмічнай — 18 кіламетраў у секунду. Энергія выбуху ў 10 тысяч разоў перавышала магутнасць бомбы, скінутай на Хірасіму. Вось вам і тлумачэнне ўнікальнага, зусім не характэрнага для Беларусі ландшафту Лагойшчыны — кантрастнага рэльефу з перападамі вышынь да 40—50 метраў.

Беларуская Венецыя

Лагайчане кажуць, што, калі б здарыўся сусветны водны крызіс, увесь свет прыйшоў бы да іх па ваду. І на самай справе, менавіта ў Лагойскім раёне з-за асаблівасцей рэльефу самы вялікі выхад падземных вод у краіне. Толькі ўявіце: група вучоных з БДУ інвентарызавала і абследавала 41 крыніцу, і гэта толькі малая частка. А самыя вядомыя — Пагрэбішчанскія крыніцы, крыніца на Альховай горцы, крыніца-калодзеж у вёсцы Міхеды і крыніца Ліпаўка ў вёсцы Ганевічы. Вада тут сочыцца ўсюды, бяжыць пад нагамі, цячэ з-пад кожнай горкі, і гэта чыстая праўда. Кажуць, што госці з Ізраіля проста дзівіліся прастадушнасці лагайчан. Бо на гаючай і вельмі смачнай крынічнай вадзе тыя грошы не зарабляюць.

Горад Тышкевічаў

Гісторыя Лагойска бярэ пачатак з 1078 года, і ўжо сам па сабе гэты горад — сапраўдны цуд. У гэтым можна пераканацца, прайшоўшы па яго каларытных вулачках, якія бягуць, бы ручайкі, з горкі на горку. У мясцовым краязнаўчым музеі нам паказалі цэглу ручной работы, дзе застаўся след ад лапы невядомага лагойскага сабакі, які жыў у XII стагоддзі. Відовішча, скажу я вам, будзе мацнейшым, чым “Чорны квадрат” Малевіча. Дарэчы, менавіта рознымі цудамі і быў вядомы Лагойск. Іх калекцыяніравалі ў сваім музеі браты Канстанцін І Яўстафій Тышкевічы з вядомага магнацкага роду, цэнтрам ардынацыі якога і быў горад. Ад некалі багатага маёнтка засталіся маляўнічыя руіны ў цудоўным старым парку, а экспанаты музея цяпер качуюць па прасторах Польшчы, Расіі і Еўропы. Да гонару музейшчыкаў Лагойска, яны, як клапатлівыя мурашы, літаральна па крупінках стараюцца папаўняць сваю калекцыю. Дзіўна, што ў Лагойску дагэтуль няма вуліцы Тышкевічаў. Але ёсць цікавая ідэя: зрабіць у парку, на набярэжнай ракі, бульвар іх імя — месца культурнага адпачынку гараджан і гасцей.

Святая вада

Ля падножжа высокага ўзгорка, на якім пабудаваны храм Святога Мікалая, б’е чыстая крыніца. Кажуць, тут яна была з даўніх часоў і не адно стагоддзе. Ад гэтай вады ніколі не бывае накіпу, а набраць яе ў якасці сувеніра з Лагойска стараюцца ўсе. Мясцовыя жыхары прыходзяць да крыніцы з вёдрамі і пластыкавымі бутэлькамі. Кажуць, смачней за лагойскую ваду няма.
Над крыніцай збудавана купальня. На Вадохрышча тут назіраецца самы сапраўдны бум. Чэргі жадаючых акунуцца ў ваду стаяць далёка за поўнач, а ад машын з беларускімі, расійскімі і нават польскімі нумарамі на вуліцах сапраўдныя пробкі.

Натхненне чэрпаў тут Купала...

Філіял музея Янкі Купалы “Акопы” ў Лагойскім раёне, у вёсцы Харужанцы, быў адкрыты 29 жніўня 1992 года ў гонар 110-й гадавіны з дня нараджэння паэта. Мемарыяльная частка філіяла “Акопы” — гэта адноўленыя межы былой сядзібы Акопы, якую ўзяла ў арэнду маці Янкі Купалы ў 1909 годзе.
Пяць музейных залаў дазваляюць вярнуцца ў пачатак XX стагоддзя, у перыяд найвялікшага паэтычнага пад’ёму Купалы. Асаблівасць экспазіцыі — гэта наяўнасць тэатральнай залы, бо менавіта ў Акопах раскрыўся талент Купалы-драматурга. Экспазіцыя адлюстроўвае багатую творчую дзейнасць песняра. Менавіта ў перыяд з 1909-га па 1913-ы і далей па 1926 год Янка Купала напісаў свае найбольш вядомыя творы: паэмы “Бандароўна”, “Яна і я”, “Магіла льва”, “Гарыслава”, усе п’есы, больш за сотню вершаў. У маі раз у два гады тут праводзяцца семінары-злёты для маладых паэтаў Міншчыны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter