Артыст – гэта фарба ў руках мастака-рэжысёра

Народны артыст Беларусі Віктар Манаеў пра адмоўных герояў, “цяжкія” і “лёгкія” ролі і жыццё як эксперымент

Народны артыст Беларусі Віктар Манаеў пра адмоўных герояў, “цяжкія” і “лёгкія” ролі і жыццё як эксперымент

Лёгкі, летуценны погляд артыста не можа пры сустрэчы з ім не выклікаць усмешку. Гэты па-сонечнаму цёплы чалавек заварожвае сваёй непасрэднасцю, шчырасцю і дабрынёй. Практычна ў любым спектаклі ён, што называецца, зрывае апладысменты. І публіка чакае новай сустрэчы з ім, таму што гэта будуць імгненні радасці і весялосці. Віктар Манаеў добра вядомы аматарам Купалаўскага тэатра, дзе ён працуе ўжо трыццаць тры гады. За час працы на тэатральнай сцэне ён стварыў больш за шэсцьдзесят сцэнічных вобразаў. Імя акцёра на афішы тэатра гучыць як лепшы знак якасці. Сёння Віктар Манаеў – асоба запатрабаваная: праца над сіквелам “Белых Росаў”, агучванне мультфільмаў і, канечне, пастаноўкі ў тэатры. Гэты год стаў для Манаева знакавым: народны артыст Беларусі адзначыў 55-гадовы юбілей, а нядаўна стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь за ролю Кручкова ў спектаклі “Пінская шляхта”. Менавіта з гэтага героя мы і пачалі нашу гутарку. 

— Віктар Сяргеевіч, кожны, хто бачыў на сцэне Купалаўскага “Пінскую шляхту”, пагодзіцца з такой думкай. Кручкоў Дуніна-Марцінкевіча, безумоўна, адмоўны персанаж. Кручкоў жа Манаева — зусім іншая справа, яго цяжка абвінаваціць у хабарніцтве, ён такі светлы, смешны, як дзіця. Гэта задума рэжысёра ці ваша асабістая трактоўка?

— Ну так, вядома, гэта задума рэжысёра ў першую чаргу. Рэжысёр — той повар, які варыць кашу і выбірае інгрэдыенты: акцёра, потым кампазітара, мастака. У яго ёсць рэцэпт, ён сам яго вынайшаў, яму гэтую кашу і варыць. Тут яшчэ такая справа: творчыя стасункі акцёра і рэжысёра непарыўныя. Калі ёсць паразуменне паміж артыстам і рэжысёрам, тады атрымліваецца нешта добрае. Склалася так, што мой творчы лёс даўно звязаны з рэжысёрам Мікалаем Пінігіным (за творчае жыццё сумесна з ім зрабілі нямала спектакляў, дастаткова сур’ёзных: “Тутэйшыя”, “Ідылія”, “Пінская шляхта”), і ўжо цяжка вызначыць той момант, калі пачынаецца яго задума. Бо ён умее так захапіць сваёй задумай, што яна быццам робіцца ўласнай, акцёрскай. І гэта момант, які сведчыць пра тое, што толькі ў такіх умовах можа штосьці адбыцца. Артыст — гэта фарба ў руках мастака-рэжысёра. Акцёрская прафесія ўсё ж такі другасная. Першае — драматургія, другое — рэжысура, ну а потым сам акцёр.

— А як вы самі ставіцеся да свайго персанажа “Пінскай шляхты”?

— Кручкоў для мяне — той чалавек, які аддана ставіцца да сваёй справы. Ён проста артыстычны, таленавіты чалавек, які робіць сваю справу. Дзесьці ён можа і заплакаць, дзесьці і засмяяцца. Гэта заўсёды для таго, каб быць у цэнтры ўвагі. Іграць адмоўны персанаж — досыць цікавая справа.

— Ці ёсць у Кручкова рысы Хлестакова з гогалеўскага “Рэвізора”, якога вам таксама давялося іграць?

— Я думаю, што ёсць. Але Хлестаковым я амаль што і не быў. У 1980-х гадах мінулага стагоддзя сыграў у спектаклі Валерыя Раеўскага, былога кіраўніка нашага тэатра. Некалькі разоў сыграў, таму што я не зусім падыходзіў да рэжысёрскай трактоўкі. Вобраз Хлестакова — квінтэсэнцыя такога цудоўнага сцэнічнага характару, які, вядома, паўплываў на ўсіх астатніх герояў п’ес. Сапраўды, падсвядома ён існуе ва ўсіх персанажах. У свой час я вельмі жадаў сыграць яго.

— Яшчэ адзін спектакль з вашай тэатральнай біяграфіі — “Гаральд і Мод”, дзе вы супрацоўнічалі са Стэфаніяй Станютай. Які адбітак наклала на вас гэтая праца?

— Проста я шчаслівы ад таго, што мы цесна сябравалі і кантактавалі з нашай, не пабаюся гэтага слова, вялікай Стэфаніяй Станютай. Гэта мне шмат дало ў першую чаргу як чалавеку, ну і як артысту. Тут хутчэй паўздзейнічалі стасункі з чалавекам, які быў старэйшы за мяне на пяцьдзясят гадоў. І мне пашчасціла іграць з ёю ў спектаклі, проста існаваць у адным тэатры. Канечне, гэта не магло не паўплываць на светапогляд, і ўвогуле на адносіны да тэатра і да жыцця.

— Віктар Сяргеевіч, раскажыце, калі ласка, якая гісторыя здарылася з атрыманнем Дзяржаўнай прэміі СССР за выкананне ролі Лёнькі Адуванчыка ў спектаклі “Радавыя”?

— Спектакль вылучаўся на Дзяржаўную прэмію СССР. Гэта быў 1984 год, прайшло сорак гадоў, як Беларусь вызвалілі ад фашыстаў. Таму гэта было вельмі трапна. Спектакль “Радавыя” стаў выбухам, новым словам пра вайну, жывым і сучасным. Ён быў пастаўлены амаль што ў ста тэатрах былога Савецкага Саюза. Аляксей Дудараў пісаў гэтую п’есу менавіта для нашага тэатра і для канкрэтных акцёраў. Таму толькі тут, у Купалаўскім тэатры, мог нарадзіцца такі спектакль. На прэмію вылучаліся тры артысты. І хадзіла чутка, што Кірыл Лаўроў на пасяджэнні камітэта, які вырашаў лёс намінантаў, сказаў: “Калі і ім даваць, то трэба яшчэ і гэтаму Адуванчыку”. У спісе я з’явіўся пазней, таму на агульнай фатаграфіі лаўрэатаў мяне не было. Нават ноччу тэлефанавалі, каб я тэрмінова бег у БелТА фатаграфавацца...

— Як вы ставіцеся да сучасных тэатральных форм?

— Тэатральныя формы могуць быць розныя, але да драматычнага тэатра яны не могуць мець ніякіх адносін. Камусьці больш падабаюцца пластычныя формы, дарэчы, і мы ў Купалаўскім тэатры гэтым займаліся. Напрыклад, спектакль “С.В.” паводле п’есы А. П. Чэхава “Вішнёвы сад” — гэта быў быццам перформанс. Але ўсё роўна гэта было ў выкананні драматычных артыстаў. Я лічу, што драматычны  тэатр павінен займацца сур’ёзнай справай, драматычнай. Шоу ёсць дзе паказваць. А тут павінна быць сур’ёзная размова паміж тэатрам і гледачом.

— Але ж сучасны глядач разбэшчаны сучаснай тэлеіндустрыяй...

— Галоўнае, каб і акадэмічныя тэатры не разбэшчвалі гледача. Мне здаецца, што тэатр нацыянальны не можа быць сталоўкай, дзе могуць прапанаваць стравы, якімі і атруціцца можна. Усё ж такі мы павінны быць высокадухоўным харчаваннем, кшталту рэстарана. Бо тут працуюць не толькі прафесійныя, адукаваныя людзі. Кожны з іх — асоба. І таму гэта ўсё і правакуе на сур’ёзную размову тэатра і гледача. Гэта не значыць, што не можа быць камедыі. Ёсць жа тонкая мяжа паміж камедыяй і трагедыяй. І ўсё наша жыццё таксама трагікамічнае.

— Сутыкаліся вы з эксперыментам у сваёй прафесіі?

— Маё жыццё — увогуле эксперымент. Я ж вучыўся на лялечнага артыста, а пайшоў у драматычны тэатр пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Для мяне стала эксперыментам прыняць удзел у монаспектаклі. Гэта была антрэпрыза Рыда Таліпава паводле п’есы “Кантрабас” Патрыка Зюскінда. Мы ездзілі ў Германію, паказвалі пастаноўку на невялікіх фестывалях. Нам не прыйшлося перакладаць, бо ім было цікава пачуць, як Зюскінд гучыць па-беларуску. Для мяне гэта было выпрабаваннем, таму што я не ведаў, ці змагу трымаць зал паўтары гадзіны без перапынку. Потым пагадзіўся ўдзельнічаць у пластычным спектаклі, хоць я да сваіх пластычных магчымасцей стаўлюся крытычна. Калі што-небудзь нязграбнае і нягеглае — тады калі ласка.

— Ці ёсць у вас “лёгкія” і “цяжкія” ролі?

— У кожную ролю ўкладаеш і душу, і сэрца. Справа толькі ў тым, што некаторыя ролі вымагаюць больш высілкаў. Пасля аднаго спектакля траціш, умоўна кажучы, два літры поту і два кіло вагі. А бывае, што можаш і замерзнуць на сцэне чыста вонкава. Усе ролі для мяне родныя, з часам яны становяцца сябрамі.

— Якую ролю яшчэ хацелі б сыграць?

— Усё залежыць ад таго, як складзецца тэатральны лёс. Дзякуй Богу і за тое, што ёсць. Вядома, заўсёды хочацца чагосьці большага. Ёсць у цябе камп’ютар, а хочацца iPad, напрыклад.

— Сябруеце з інтэрнэтам?

— Канечне, хочаш не хочаш, а зараз немагчыма без гэтага. Нам прысылаюць сцэнарыі, фотаздымкі, планы і г. д. І з сябрамі кантакт падтрымліваеш, і з калегамі. З часам трэба ісці нага ў нагу.

— Ваша жыццёвае крэда?

— У спектаклі “Гаральд і Мод”, у персанажа Станюты, Мод, ёсць цудоўныя словы: “Жыццё — які гэта цуд, і самае галоўнае, што яно не працягваецца вечна”. Вось гэтае адчуванне, што мы тут не вечныя, што кожны дзень, кожную хвіліну трэба траціць плённа.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter