Аркестр запрашае на свята

“Аркестр, якi заўсёды свята” — так называецца праграма, падрыхтаваная Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусi пад кiраўнiцтвам народнага артыста краiны прафесара Мiхаiла Фiнберга з нагоды 20-годдзя заслужанага калектыву i спецыяльна да “Славянскага базару ў Вiцебску”.

У вялiкiм канцэрце, якi складаецца з дзевяцi блокаў, прымуць удзел зоркi беларускай, расiйскай i ўкраiнскай эстрады. “Усе, з кiм мы пачыналi, рабiлi першыя канцэрты на “Славянскiм базары”, — гаворыць маэстра Фiнберг. — Напрыклад, Леў Лешчанка, Надзея Бабкiна, якая сапраўднай спявачкай стала пасля выканання ў Вiцебску з нашым аркестрам песнi “Мама-маменька”.
Яшчэ адзiн блок — прысвячэнне Эдзi Рознеру, першы эстрадны аркестр якога з’явiўся ў нашай краiне ў далёкiм 1939 годзе i ад якога мы прынялi эстафету”.
Будуць у гэтым музычна-песенным нон-стопе аркестра Фiнберга i прысвячэнне джазу, i прэзентацыя праекта “Народный артист”, удзельнiкам якога з’яўляецца беларускi калектыў.
Прымуць удзел у незвычайным канцэрце i тыя, з кiм аркестр шмат i плённа супрацоўнiчаў у Маскве. Напрыклад, спявак Iгар Дземарын. А свайго добрага сябра кампазiтара Максiма Дунаеўскага маэстра Фiнберг мае намер прадставiць у блоку “Алея зорак”, на якой разам з iншымi выдатнымi асобамi яны абодва “прапiсаны”.
Карацей кажучы, аркестр мае намер за 3,5 гадзiны расказаць гiсторыю беларускай эстраднай песнi i ў яе кантэксце — гiсторыю свайго калектыву. “Сучасны аркестр будзе выконваць сучасную музыку”, — дадае маэстра Фiнберг.
Святкаванне юбiлею знакамiтага калектыву працягнецца зiмой тыднем аркестра ў Белдзяржфiлармонii. Сем праграм, кожны дзень новая — такi падарунак падрыхтаваў сваiм прыхiльнiкам Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусi, якi эстрадная прыма Ала Пугачова называе лепшым гранд-аркестрам Еўропы.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter