Вандроўкі з Уладзімірам Субатам. Арэхаўск – сталіца беларускіх энергетыкаў

Арэхаўск: аграгарадок і гарадішчы

Стагоддзе таму ў маладой савецкай рэспубліцы быў прыняты план ГОЭЛРО. Будаўніцтва першай у краіне электрастанцыі, якую першапачаткова назвалі Асінаўская ДРЭС (дзяржаўная раённая электрастанцыя), пачалося ў 1927 годзе на Асінаўскіх балотах, што падступалі да аршанскай вёскі Арэхі. Працавала станцыя на торфе. Праз тры гады першая лінія яе дала ток прамысловым прадпрыемствам Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Да 1941 года была дасягнута праектная магутнасць – 32 тысячы кілават электраэнергіі.

Побач з ДРЭС, ва ўрочышчы Выдрыца, на беразе Вялікага Арэхаўскага возера, забудоўваўся завадскі пасёлак. Паступова ён зліўся з вёскай Арэхі, якая ў часы Вялікага Княства Літоўскага належала князям Сапегам, а потым Пацёмкіным, Любамірскім.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Арэхі ў складзе маёнтка Мяжэўскі Ключ адышлі да Высоцкай воласці Аршанскага ўезда Магілёўскай губерні.

Амаль два стагоддзі таму, вызваляючы мясцовасць ад напалеонаўскіх захопнікаў, завітаў у старэнькую драўляную цэркаўку легендарны палкаво- дзец Міхаіл Кутузаў. Яго здзівіла занядбаласць храма. Военачальнік пасадзейнічаў абнаўленню яго. На былым падмурку паўстала Свята-Троіцкая царква. Сцены яе арыгінальна збудаваны з вертыкальна складзеных бярвенняў. І сёння тут ідуць богаслужэнні.

У 1938 годзе паселішча атрымала статус гарадскога пасёлка з назвай Арэхі-Выдрыца. Дзейнічаў у ім пабудаваны да рэвалюцыі завод сухой перагонкі драўніны.

У Айчынную вайну нямецка-фашысцкія захопнікі вывезлі абсталяванне і ўзарвалі будынак электрастанцыі. Спалілі два дзясяткі жылых дамоў, расстралялі і павесілі больш за сотню мірных жыхароў.

Навечна спачываюць у брацкай магіле 590 савецкіх воінаў, што загінулі ў баях з ворагам. Усталяваны помнік Герою Савецкага Саюза Юрыю Смірнову, які ў час баявой аперацыі “Баграціён” цяжка параненым трапіў у палон да гітлераўцаў. Мужна трымаўся. Ваеннай тайны так і не выдаў. Азвярэлыя акупанты распялі нескаронага байца на сцяне бліндажа. Сярэдняй школе прысвоена імя Юрыя Смірнова.

Летам 1946 года гарпасёлак перайменавалі ў Арэхаўск, і стаў ён раённым цэнтрам, якім быў да 1956-га. У 2008 годзе атрымаў статус аграгарадка. Дзейнічаюць у ім філіялы РУП “Віцебскэнерга” “БелДРЭС” і “Цяплічны”, ільнозавод, цэх ААТ “Аршанскі КБМ”, прыватныя вытворчасці.


АРШАНШЧЫНА, якая падарыла свету геніяльнага літаратара Уладзіміра Караткевіча, багатая на пасёлкі: Барань, Копысь, Арэхаўск, Асінторф. Пісьменнік увекавечыў родны край у творах. Чытаеш пуцявыя нататкі і быццам крочыш па перакацістых прасторах Аршаншчыны, якую перасякае яшчэ не надта шырокі Днепр, прымаючы з абодвух бакоў даніну рэк і рачулак. На сутоцы дняпроўскіх прытокаў Аршыцы і Выдрыцы, у баку ад ажыўленай аўтатрасы з Оршы на Віцебск, на пясчаных выспах, акружаных некалі дрыгвою, раскінуўся пасёлак першых беларускіх энергетыкаў – Арэхаўск. Сюды ў зеніце лета прывяла мяне чарговая вандроўка. Дабрацца да схаванага за высокім пагоркам гарпасёлка можна толькі аўтатранспартам. Дзесяць кіламетраў аддзяляюць яго ад бліжэйшай чыгуначнай станцыі Хлюсціна на лініі Орша — Смаленск. Крыху далей да станцыі Багушэўская, што паміж Віцебскам і Оршай.

Ад ажыўленай віцебскай аўтатрасы да Арэхаўска пяць кіламетраў. Паабапал дарогі на палях і лугах заўважны адбітак не шчодрага на дажджы чэрвеня. Асфальтаваная стужка дарогі нырнула пад шаты высокіх дрэў і перайшла ў вуліцу. Паабапал з падворкаў пафарбаванымі ў яркія колеры аканіцамі выглядаюць з-за садовых дрэў аднапавярховыя жылыя дамы з палісаднікамі, агародамі і садамі. На вуліцах немнагалюдна.

Старшыня сельвыканкама Тамара КОТАВА і перадавая цяплічніца Таццяна ПАЎЛАВА.

Цэнтральная частка забудавана двух-трохпавярховымі шматкватэрнымі мурамі. Казачнай сярод каменных будынкаў паўстае драўляная царква, якой амаль два стагоддзі. Насупраць храма на крутым пагорку ўзвышаецца трохпавярховы будынак сярэдняй школы.

Сельвыканкам размясціўся пад адным дахам з дзіцячай школай мастацтваў. Побач пабудаваны ў сярэдзіне мінулага стагоддзя велічны Дом культуры, і перад ім прасторная плошча з мемарыялам, прысвечаным героям Вялікай Айчыннай вайны.

Кіраўніка мясцовай улады не атрымалася застаць у працоўным кабінеце. Спецыялісты сельвыканкама паведамілі: старшыня вызначае фронт работ брыгадзе касароў са спецыялізаванай аўтабазы. Па дарозе да сельвыканкама заўважыў дзясятак чалавек, што касілі ў нізіне бур’яны і вербалоз. Добраўпарадкаваннем займаліся працаўнікі і каля мемарыяла на цэнтральнай плошчы, упрыгожанай раскошнымі кветнікамі. Вырашыў, пакуль вернецца старшыня сельвыканкама Тамара Котава, самастойна вандраваць па кампактна забудаванаму Арэхаўску.

Дырэктар Дома культуры Iна КАСАЧОВА.

СВАЁ знаёмства з пасёлкам першых беларускіх энергетыкаў пачаў з дзіцячай школы мастацтваў, што размешчана на першым паверсе адміністрацыйнага будынка. Кіраўнік Аксана Гурко, якая сёлета стала дэпутатам сельсавета, паведаміла, што 65 хлопчыкаў і дзяўчынак займаюцца на харэаграфічным і музычным аддзяленнях. Сярод выпускнікоў ёсць такія, што сталі прафесійнымі музыкамі. Некаторыя навучэнцы і ў час канікул наведваюцца ў школу. Не развітваецца з піяніна пяцікласніца Вольга Кажаноўская. Яе равеснік Даніла Старыкаў цудоўна авалодаў баянам і зараз рыхтуецца да выступлення на свяце пасёлка. Звычайна прыпадае яно на Арэхавы Спас, што адзначаецца ў сярэдзіне жніўня.

Безумоўна, аснова канцэртнай праграмы — выступленне мастацкага калектыву раённага Дома культуры, які ўзначальвае выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры Іна Касачова. З самадзейнымі артыстамі, прыгожа апранутымі ў нацыянальныя строі, Іна Іванаўна збіралася ад’язджаць на мікрааўтобусе ў суседні аграгарадок Высокае, дзе іх чакалі ў Доме культуры. Быццам жывыя красаваліся вышытыя кветкі на беласнежнай кашулі намесніка дырэктара Дома культуры Ларысы Ганчаровай. Сярод самадзейных артыстаў былі мастацкі кіраўнік Дзмітрый Кітаёў, аўтар і выканаўца сваіх песень Тамара Краеўская. Цікава было слухаць пра іх вандроўкі з канцэртамі па навакольных мясцінах. На пачатку лета выязджалі на свята вёскі Рамальдава, дзе ўсяго засталося паўсотні жыхароў. Канцэрт пераўтварыўся ў агульнае гулянне. Дырэктар Дома культуры падкрэсліла, што так завяршаецца амаль кожны выезд у вёскі Аршаншчыны.

Юныя музыкі Вольга КАЖАНОЎСКАЯ і Даніла СТАРЫКАЎ. 

Папулярны ў гледачоў і народны хор, у якім больш за дваццаць спевакоў. Сярод іх былы старшыня сельвыканкама Іван Чарныш, настаўніца Валянціна Зазерская, спецыяліст сельвыканкама Надзея Лесніковіч. Кіруе калектывам Таццяна Краўцова.

Даволі часта наведваюцца ў Арэхаўск з канцэртамі зоркі беларускай эстрады. У былыя гады гучалі са сцэны раённага Дома культуры і галасы вядомых савецкіх артыстаў.

Многія жыхары пасёлка захапляюцца спортам. На стадыёне пастаянна праводзяцца футбольныя матчы, масавыя мерапрыемствы. Штозімы заліваецца каток. Круглы год працуюць розныя секцыі ў сярэдняй школе імя Юрыя Смірнова. На час летніх канікул арганізаваны спартыўны лагер, у якім ладзяцца турніры па баскетболу, валейболу, лёгкай атлетыцы. Займаецца з навучэнцамі выхаванец школы трэцякурснік Аршанскага дзяржаўнага педкаледжа Вадзім Кундзянок. Будучы педагог падзяліўся сваімі марамі пасля атрымання дыплома вярнуцца дадому, каб настаўнічаць.

Педагог Галіна КРАСОЎСКАЯ і вучні Наталля УРУБЛЕЎСКАЯ, Арцём КРЫВАЛЕВIЧ, Андрэй НОВIК у школьным музеі Юрыя Смірнова.

НАМЕСНІК дырэктара сярэдняй школы Алена Дзяшук адзначыла, што большасць педагогаў – былыя выхаванцы. У апошнія гады стабілізавалася колькасць вучняў. Цяпер іх дзве з паловай сотні. Сёлета адзінаццаць выпускнікоў атрымалі атэстаты сталасці, а Дзінара Ахмадуліна – залаты медаль. Яна настроена вывучаць замежныя мовы ў сталічным лінгвістычным універсітэце. Амаль 30 навучэнцаў закончылі базавую школу, і большасць з іх рыхтуюцца вучыцца на механізатараў у Высокаўскім дзяржаўным сельскагаспадарчым ліцэі.

З настаўніцай Галінай Красоўскай завіталі ў школьны музей Героя Савецкага Саюза Юрыя Смірнова. У цэнтры экспазіцыі – партрэт мужнага патрыёта. На стэндах – фотаздымкі, дакументы, пісьмы сваякоў франтавіка, які прыняў мучаніцкую смерць ад гітлераўскіх вар’ятаў. Пахаваны ён у Арэхаўску. Гвардыі радавому Юрыю Смірнову пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Мемарыяльнай дошкай на школе ўшанавана былая выпускніца Наталля Бабіч, якая медсястрою выконвала інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане і загінула на пачатку восені 1982 года.

Малады настаўнік Вадзім КУНДЗЯНОК. 

З гонарам расказвала Галіна Іларыёнаўна пра вядомых выпускнікоў школы – генерал-маёра расійскай арміі Аляксандра Камароўскага, фізіка-эксперыментатара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Самуіла Кормера, ганаровага работніка марскога флоту СССР Генадзя Панушкіна, артыста Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Віктара Дзяшкевіча. Выхаванцы не забываюць родную школу. Кожнае лета арганізоўваюць сустрэчы. Многія з іх з дыпломамі спецыялістаў вярнуліся працаваць на БелДРЭС, ільнозавод, сельгаспрадпрыемства.

СТАРШЫНЮ сельвыканкама Тамару Котаву радуе, што ў Арэхаўску ствараюцца новыя вытворчасці. Частку памяшканняў ААТ “Лантан”, якое выпускала крэйду для школ і некалькі гадоў таму закрылася, выкупіў прыватнік і вырабляе там уцяпляльнікі для жылых дамоў. З’явіліся два дзясяткі новых працоўных месцаў.

Актыўна развіваюцца індывідуальнае прадпрымаль- ніцтва, прыватны гандаль. Фермерства чамусь не праявіла сябе. Ніхто з жыхароў 11 населеных пунктаў сельсавета не рызыкуе стварыць фермерскую гаспадарку. Большасць людзей традыцыйна занята на БелДРЭС, філіяле “Цяплічны” РУП “Віцебскэнерга”, ільнозаводзе.

Юныя спартсмены Валерый КРУШАЛЬНIЦКI і Дзмітрый ЖАЛЯЗНЯК. 

На раённую дошку Гонару ў Оршы занесена перадавая цяплічніца Таццяна Паўлава, з якою сустрэліся. Родам яна з суседняй Смаленскай вобласці Расіі. Трыццаць гадоў таму выйшла замуж за беларуса Уладзіміра Паўлава з аршанскай вёскі Сафіёўка. Нарадзіліся сын і дачка. Сваю маці Ганну Хаеву прывозіла паказаць Арэхаўск. Кранулі сэрца расіянкі тутэйшыя, парадаваў пасёлак чысцінёю і парадкам.

Маладая сям’я Паўлавых атрымала кватэру. Гаспадар працуе вадзіцелем на бензавозе ў ААТ “Маяк Высокае”, а Таццяна Мікалаеўна ўсе тры дзесяцігоддзі нязменна вырошчвае гародніну ў цяпліцы. Яна штодня на 12 сотках збірае звыш паўтоны таматаў. Рэалізуюць як беларускім, так і расійскім спажыўцам. Сын Мікалай – аграном у ААТ “Маяк Высокае”. Нявестка Юлія – эканаміст на льнозаводзе. Дапамаглі ім купіць двухпакаёвую кватэру ў Арэхаўску.

На цяплічным камбінаце працуе механізатарам зяць Андрэй Янушкевіч, а дачка Сняжана – медсястра ў бальніцы. Дзве ўнучкі ў Паўлавых. Ёсць прысядзібны агарод на 20 сотках. Дзеці дапамагаюць яго апрацоўваць.

Фармацэўт Ганна СIНIЦА. 

МНОГІЯ сем’і ў Арэхаўску маюць участкі. Жыўнасць мала хто трымае. Ні адной каровы на аграгарадок няма, лічаныя засталіся ў вёсках сельсавета. Новымі сядзібамі прырастае Арэхаўск.

З дапамогай бацькоў пабудавалі катэдж Маргарыта і Дзмітрый Сцефаненкавы, у якіх  трое  дзяцей.  Шматдзетныя сем’і сельсавета атрымліваюць ад дзяржавы бясплатнае жыллё ў прыгараднай з Оршай вёсцы Андрэеўшчына. Старшыня сельвыканкама Тамара Котава лічыць, лепш падтрымаць такія сем’і ў тых населеных пунктах, дзе яны жывуць. Дзеці застануцца працаваць на зямлі. А з прыгарада наўрад ці хто вернецца назад.

Падзялілася Тамара Міхайлаўна вырашэннем праблемы пакінутых сядзіб. Пасля юрыдычных працэдур іх перадаюць суседзям. Летась тры такія ўчасткі атрымалі новыя гаспадары. Сёлета рыхтуюцца дакументы на перадачу яшчэ пяці падворкаў у населеных пунктах сельсавета.

Аўтар і выканаўца песень Тамара КРАЕЎСКАЯ.

Узгадалі са старшынёй сельвыканкама і пра гарадзішчы, што захаваліся побач з Арэхаўскам. Вучоныя адносяць іх да перыяду днепра-дзвінскай культуры, калі ў другой палове першага тысячагоддзя засноўваліся пасяленні славян. Наведванне іх, як і экскурсія на першую ў Беларусі электрастанцыю, выдатныя варыянты развіцця турызму.

За шэсць гадоў працы ў сельвыканкаме Тамара Котава дасканала ведае клопаты жыхароў кожнага населенага пункта. Трывожыць яе, што лічаныя жыхары засталіся ў вёсачках Верацея, Старына, Арэшкі. Мясціны гэтыя, як і ўся Беларусь, – поўныя прыгажосці, якую сэрцам адчуваў слынны Уладзімір Караткевіч і трапна назваў зямлёю пад белымі крыламі.

Аршанскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter