Аляксандр Гарцуеў: тэатр пакінуў рубец на маім сэрцы

Аляксандр Гарцуеў — пра інфаркт, Купалаўскі і чалавечыя няўдачы
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі адкрыў свой дваццаць пяты сезон. Шкада, але сёння ў ім не засталося ніводнага акцёра, які б працаваў там ад першага дня. Але ёсць там чалавек, які гэтую чвэрць стагоддзя заўсёды быў побач, хоць усё жыццё і працаваў у Купалаўскім. І яго з’яўленне ў тэатры пяць гадоў таму было быццам зоркамі наканавана. Гаворка пра цяперашняга мастацкага кіраўніка заслужанага дзеяча мастацтваў Аляксандра Гарцуева. Пра дзень учарашні, сённяшні і заўтрашні РТБД мы і размаўлялі з ім напярэдадні Дня работнікаў культуры. А яшчэ — пра Купалаўскі, інфаркт і чалавечыя няўдачы.

— Аляксандр Фёдаравіч, у гэтым сезоне ў тэатры запланавана восем праектаў. Назвы сямі з іх ужо агучаны, але ёсць адзін, дзе вядома толькі тэма — жыццё і творчасць Францыска Скарыны, літаратурнай асновы пакуль няма. Вы ўзначальваеце журы конкурсу, і вы ж будзеце ставіць спектакль. Мне здаецца, што гэта нейкая авантура.

— Любая творчасць — заўсёды авантура. Тэатр не завод або фабрыка, тут усё пралічыць немагчыма. Любы спектакль — гэта авантура, і я гэтага не баюся. Кот у мяшку? Агаваруся:  гэты праект неабавязковы. Тэатр пакідае за сабой права ўсяго толькі правесці конкурс, і калі складуцца так абставіны, што не ляжа на сэрца ні адна п’еса, мы можам нічога не ставіць. Словам, гэты праект намечаны, але ён можа і не адбыцца. І нічога страшнага ў гэтым няма. Але ўсё не так дрэнна. Конкурс амаль завяршыўся, але пакуль не маю права расказваць пра яго вынікі. Дарэчы, я сам прозвішчаў не ведаю, толькі назвы твораў. Але сёе-тое там ёсць. Мяне зацікавілі дзве работы, зараз паміж імі і выбіраю. 

— У вас у мінулым сезоне было тры прэм’еры. Гэта вельмі шмат. Не адчуваеце сябе спустошаным?

— На маім рэжысёрскім жыцці два разы было па чатыры спектаклі ў год. І гэта сапраўды шмат. Так, ёсць нейкая фізічная спустошанасць, але яна не радыкальная, гэта ўсё ўзнаўляецца. 

— Адпачыць не хочацца? У вас жа інфаркт быў.

— Адпачнём потым.

— Алег Табакоў расказваў, што ў яго інфаркт здарыўся ў 29 гадоў і не ад напружанай работы, а ад складанай сітуацыі, у якой у той час апынуліся кіно і тэатр…

— Я не ведаю, па якой прычыне ў мяне здарыўся інфаркт. Я ж яго не заўважыў. Прыйшоў па спраўку для вадзіцельскай камісіі, мне зрабілі кардыяграму і выдалі: «У вас быў інфаркт. Застаўся рубец на сэрцы». Што? Адкуль? Не ведаю. Не было такога, каб я ішоў, мне раптам стала дрэнна, упаў… Перанёс яго на нагах.

Што датычыць сённяшняй сітуацыі ў тэатры і ў кіно. Праблемы там былі заўсёды і ёсць зараз. Мне многае не падабаецца, многае падабаецца. І што, з-за гэтага паміраць? Ніколі так не было: у тэатры ўсё ёсць, усё добра. Ёсць праблемы эканамічнага характару. Хутчэй за ўсё, проста зменшылася так званая пакупная здольнасць. У нас не дарагія білеты, але за тыя 20 рублёў, што пара аддасць за іх, можна добра ў магазін схадзіць. 

— А чаму вы, рэжысёр, які славіцца сур’ёзнымі работамі, раптам вырашылі ў гэтым сезоне ўзяцца за камедыю?

— Гэта хутчэй не столькі маё жаданне, колькі сітуацыя ў тэатры. Сегмент сур’ёзнай публікі, якая цікавіцца глыбокім драматычным тэатрам, накрыты. Але раптам выявілася, што да нас прыходзяць людзі, каб адпачыць. І гэта, дарэчы, адна з функцый тэатра. Не заўважаць гэтага мы не можам. 

— Сумуеце па Купалаўскім?

— Канешне. Як можна не сумаваць па радзіме, сям’і? Я там праслужыў 32 гады. Гэта не значыць, што я не павінен працаваць у РТБД. Я тут расту, станаўлюся дарослым. Але ў Купалаўскім прайшла значная частка майго жыцця. Ніколі не бегаў па тэатрах. Сваю працоўную кніжку ўжо ўбачыў у сталым узросце. Яе завялі, калі прыйшоў у тэатр, час ад часу ўносілі туды нейкія запісы, але ніколі не трымаў у руках, пакуль не сабраўся сюды. 

Ведаеце, калі паступаў у тэатральны інстытут, марыў іграць у Купалаўскім. Так і адбылося. І я доўга трымаўся гэтай мары. Там ува мне адбыліся пэўныя змены. Там я сустрэў Зою Белахвосцік, якая стала маёй жонкай. Там я стаў рэжысёрам. Як па гэтым можна не настальгіраваць? 

— Вясной там запланаваны выпуск вашага спектакля.

— Мелася на ўвазе, што я там ужо даўно павінен што-небудзь зрабіць. Аб гэтым была дамова з Мікалаем Пінігіным. Але былі пэўныя эканамічныя цяжкасці. Скажу больш: мяркуецца не адна пастаноўка. Была заяўлена іншая п’еса, але Мікалай Мікалаевіч папрасіў пакласці яе на другую палічку, бо яна вельмі людная. З фінансамі ж усё яшчэ не вельмі добра, таму ўзнікла ідэя зрабіць спектакль для дарослых, не будзем называць іх пажылымі, акцёраў. У Купалаўскім выдатная плеяда такіх. Мне пашчасціла натрапіць на п’есу «Юбілей ювеліра» Ніколы МакОліф. 

— Пры ўсёй вашай любові да Купалаўскага першы рэжысёрскі вопыт вы мелі ў сваім цяперашнім тэатры. Ён вам стаў сваім?

— Так. Вось што цікава. Я не толькі паставіў тут свой першы спектакль, але і іграў у першым спектаклі РТБД, які тады і ішоў на Малой сцэне Купалаўскага. Ён меў назву «Ку-ку», прэм’ера адбылася 1 лютага 1992 года. У «Вольнай сцэны» тады не было сваёй трупы, запрашаліся артысты з Купалаўскага. Так я там і апынуўся. Прычым пра гэта даўно забыўся. А зараз, калі пачалі рыхтавацца да юбілею, знайшлі, які спектакль быў першым. І я ўзгадаў, што таксама ў ім удзельнічаў. Ці гэта не лёс?

— Адна справа быць рэжысёрам, які працуе тут час ад часу, і зусім іншая справа стаць мастацкім кіраўніком.

— Гэта сапраўды так. На жаль, многія рэчы я проста не ведаў. Мне здавалася, што мастацкі кіраўнік — гэта крыху шырэй, чым рэжысёр-пастаноўшчык. На жаль, тут ёсць момант адміністрацыйнага кіравання. Я — творца, у гэтым я як рыба ў вадзе, а там трошкі пасую. Амаль пяць гадоў у гэтым крэсле, але яшчэ не навучыўся добра камандаваць. 

— Што лічыце сваёй удачай у РТБД?

— Амаль за ўсе спектаклі, якія тут зрабіў, мне не сорамна. «Раскіданае гняздо» — складаная драматургія, якую не вельмі проста было ўвасобіць, «Любоў людзей» — гэта сучасная маладая беларуская драматургія, пастаноўка якой была няпростай, але я застаўся задаволены. Пра «Тры Жызэлі» наогул можна нічога не гаварыць: ужо які год гэта галоўны хіт нашага рэпертуару, які ідзе па два-тры разы на месяц. Вось зараз і «Пелікан» Стрынберга ў мяне атрымаўся. Зрабілі такі фестывальны спектакль, які можна скласці ў адну сумку і ехаць куды хочаш. Вось хутка збіраемся ў Сербію.

— А няўдачы былі?

— Ёсць спектаклі, якія мне самому менш падабаюцца, але не магу сказаць, што гэта мая няўдача. Хай іх ацэньваюць гледачы. А вось чалавечыя няўдачы здараліся. Прозвішчы няўдач, прабачце, называць не буду.

— Нечакана для сябе нядаўна ўбачыла вас у адным фільме, хаця лічыла, што з акцёрскай прафесіяй вы развіталіся. Памылялася?

— Сапраўды, час ад часу здымаюся ў серыялах. Але калі вы ў мяне спытаеце назвы гэтых фільмаў, то я не ўзгадаю. Паіграць я люблю, гэта не займае шмат часу. Чаму б не правесці дзень-другі дзе-небудзь на прыродзе, не пастраляць з аўтамата і прыехаць дадому задаволеным, яшчэ і з нейкай капейкай у кішэні? 

Што датычыць маёй ігры на сцэне, то я ўдзельнічаў у сваім спектаклі «Тры Жызэлі», магчыма, перыядычна буду выходзіць і далей. Я не супраць іграць, калі мяне запросіць які-небудзь рэжысёр. Але ў сваім спектаклі — не. Трэба выконваць адну ролю: або рэжысёра, або артыста. Я не разлюбіў акцёрскую прафесію. Рэжысура — гэта проста больш шырокі кантэкст. Калі працую з акцёрам, мне даводзіцца паказваць: і глотку  драць, і плакаць, і смяяцца. Словам, выкарыстоўваю сваю прафесію. І яна мне дапамагае ў кантакце з акцёрамі. Заўважыў, што рэжысёр без акцёрскага мінулага працуе ад галавы, я ж падключаю эмоцыі, і гэта больш кароткі шлях да акцёра. Што называецца, ад сэрца да сэрца.

stepuro@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter